Макранскі Кулібін

Дзве цікавыя сустрэчы падарыў навучэнцам прафліцэя былы яго выпускнік Пётр Чагайда. Першая сустрэча прайшла ў сценах навучальнай установы, дзе Пётр Яўгенавіч пазнаёміў цяперашніх навучэнцаў са сваёй біяграфіяй, успомніў тыя гады, калі ён сам вучыўся ў ПТВ, расказаў, як нара­джаюцца паэтычныя радкі, прачытаў некаторыя свае вершы. Пётр Яўгенавіч не ўтойваў, што самай любімай тэмай у паэзіі з’яўляецца тэма кахання.
Калі Пётр Яўгенавіч вучыўся ў Ляхавецкай школе, яго любімым настаўнікам была выкладчыца рускай мовы і літаратуры Надзея Рыгораўна Тронза. Яна дапамагла Пятру Яўгенавічу раскрыць свой талент. Вось яго першы верш:
«Дороги, дороги, дороги… Дороги на север, на юг. О, как в нашей жизни их много, и как из них выбрать свою».
Такіх дарог на жыццёвым шляху Пятра Яўгенавіча Чагайды налічвалася шмат, але імкненне было адно: ісці сваім шляхам. Пасля заканчэння школы П. Я. Чагайда працаваў настаўнікам у в. Забалацце. Затым вучыўся ў Брэсцкім педінстытуце, які, на жаль, закончыць не ўдалося. З 1964 па 1965 гг. вучыўся ў Маларыцкім ПТВ, дзе лёс звёў яго з цудоўным педагогам, выдатнікам сістэмы прафтэхадукацыі СССР Мікалаем Мікалаевічам Агаркавым. Менавіта ў гэтага чалавека Пётр Чагайда вучыўся навыкам спецыяльнасці, якую атрымліваў у ПТВ.
Прапрацаваўшы доўгі час электрыкам у родных Макранах, Пятру Яўгенавічу ўдалося стаць сапраўдным мясцовым Кулібіным. Практычна з падручнага металалому ён сабраў сваімі рукамі 14 адзінак рознай сельгастэхнікі: ад прасцейшага плуга да самаробных матацыклаў і трактароў. Усё гэта не магло не зацікавіць навучэнцаў ліцэя, якія прысутнічалі на сустрэчы.
Юнакі даведаліся таксама, што першы зборнік вершаў “О любви я писать не устану” быў выдадзены ў райбібліятэцы ў 1998 годзе, а зусім нядаўна выйшаў другі зборнік “З каханнем па жыцці”.
З цікавасцю была ўспрынята інфармацыя аб тым, што Пётр Яўгенавіч не толькі піша, але і малюе карціны, у яго кнігах не зной­дзеш фотапартрэт, затое ўбачыш тут аўтапартрэт.
Пётр Яўгенавіч настолькі зацікавіў навучэнцаў, што яны пажадалі яшчэ сустрэцца з ім. І такая сустрэча ўжо адбылася ў родных Макранах. Паездка да Пятра Яўгенавіча Чагайды стала сапраўды пазнавальнай экскурсіяй.
Асабліва спадабаліся юнакам трактары, якія сабраў Пётр Яўгенавіч з падручнага матэрыялу.
Мы прывыклі бачыць такія трактары, зробленыя са старых, спісаных, а тут усё было незвычайна: ад знешняга выгляду да механізмаў і дэталяў, з якіх трактары былі сабраны.
Пройдзе час, і я ўпэўнены, што адзін з іх абавязкова зойме ганаровае месца ў музеі маларыцкага ліцэя, як сведчанне гордасці за сваіх умелых выпускнікоў.
Акрамя трактароў, навучэнцы з цікавасцю паглядзелі і іншыя віды тэхнікі, сабраныя рукамі майстра.
Што цікава? На падворку ў Пятра Яўгенавіча мы не ўбачылі ні адной адзінкі купленай тэхнікі: усё ад плуга да такарнага станка ён зрабіў сваімі рукамі.
З не меншай цікавасцю знаё­міліся навучэнцы і з карцінамі, напісанымі Пятром Чагайдой. Прычым асноўная частка яго калекцыі ў якасці падарункаў знаходзіцца ў сяброў і знаёмых.
І, вядома, не мог адпусціць сваіх гасцей Пётр Яўгенавіч, каб не прачытаць вершы. Трэба было бачыць, з якой увагай слухалі юнакі яго пранікнёныя паэтычныя радкі. А агульны фотаздымак будзе добрай памяццю аб гэтай сустрэчы.
Аляксандр ЛЯДЗІНСКІ.
Фота Васіля КУЦА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий