На сувязi з будучыняй

Мы не паспяваем нават сачыць за тым, як у сістэме тэлекамунікацый адбываюцца адна за адной чарговыя тэхналагічныя рэвалюцыі. Яшчэ зусім нядаўна толькі самыя тэхнічна адукаваныя абаненты “Белтэлекама” карысталіся першым доступам ў інтэрнэт. Сёння сусветная павуціна ахапіла кожную другую кватэру. Праз інтэрнэт мы зносімся з блізкімі, сябрамі, сучасныя тэхналогіі прынеслі ў нашы дамы новае тэлебачанне, нават сам тэлефон перастаў быць толькі сродкам сувязі. Пра некаторыя новыя паслугі мы нават і не ведаем. Аб тым, як мадэрнізуецца сувязь раёна, якія новыя сэрвісы даступны сёння абанентам “Белтэлекам”, што плануецца ў сферы тэлекамунікацый у бліжэйшым будучым, чытайце ў інтэрв’ю начальніка раённага вузла электрасувязі Анатоля Клюнчыка.

— Калі на іншых прадпрыемствах толькі пачыналі гаварыць аб мадэрнізацыі, “Белтэлекам” абнаўляўся хуткімі тэмпамі. Удасканальваючы абсталяванне, прапаноўваючы новыя віды паслуг, сувязісты кожны год робяць значны крок наперад. Анатоль Герасімавіч, якія асноўныя накірункі мадэрнізацыі вы б маглі вызначыць?
— “Белтэлекам”, у тым ліку і Маларыцкі раённы вузел электрасувязі, з’яўляецца рэалізатарам шасці праектаў Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця краіны, сярод якіх будаўніцтва сэрвіснай сеткі электрасувязі “Белтэлекам”, будаўніцтва валаконна-аптычных ліній сувязі і г.д. Сутнасць усіх праектаў заключаецца ў максімальным пашырэнні паслуг і сэрвісаў, давядзенні іх да нашых абанентаў. Паслугі гэтыя ведаюць усе. Гэта і звычайная тэлефанія, і ІР-тэлефанія, і паслугі сеткі інтэрнэт пад маркай ByFly, і паслугі інтэрактыўнага тэлебачання Zala.

— Яшчэ нядаўна тэлефон дазваляў нам толькі званіць і прымаць званкі. Сёння мы можам толькі здзіўляцца шматфункцыянальнасці тэлефоннай сувязі. Што дазволіла так удасканаліць яе?
— Лічбавыя тэхналогіі значна пашырылі магчымасці тэлефоннай сувязі. Цяпер аналагавы фармат паступова ўступае месца ІР-тэлефаніі — мадэм, падключаны да тэлефона, пераўтварае голас у лічбавы фармат і перадае яго на платформу ІMS. Абаненты гэтай платформы ёсць ужо і ў нас у раёне. Іх тэлефонныя нумары пачынаюцца на лічбу “6”. Праз платформу ІMS мы даводзім да абанента ўвесь комплекс паслуг. Гэта і інтэрнэт, і інтэрактыўнае тэлебачанне. Акрамя таго, абанентам прадастаўляюцца розныя сэрвісы, сярод якіх і музыка замест гудка, і віртуальная АТС, і паслуга мінскага нумару. Для нашых абанентаў усё гэта новае, пакуль непрывычнае, далёка не ўсімі яно прымаецца, але гэта ўжо сённяшні дзень сувязі. Звычайная тэлефанія ўжо адыходзіць, становіцца менш папулярнай.

— Яшчэ некалькі гадоў назад нават нізкахуткасны інтэрнэт радаваў сваімі магчымасцямі. З дапамогай тэхналогіі ADSL хуткасць удалося павялічыць. Але нават гэтага сёння недастаткова. Спажыўцы паслуг жадаюць карыстацца рэсурсамі глабальнай сеткі яшчэ хутчэй. Што прадпрымаецца для павелічэння хуткасці?
— Сапраўды, яшчэ некалькі гадоў назад мегабіт хуткасці ў канчатковага абанента — гэта было дасягненне. Сёння гэтага, вядома ж, мала. Але з дапамогай ADSL мы можам давесці да абанента хуткасць у 10 мегабіт. На сённяшні дзень гэтага дастаткова і для атрымання тэлевізійнага кантэнта, і для работы ў сетцы інтэрнэт. У перспектыве і ў нас з’явяцца пасіўныя аптычныя сеткі, якія ўжо шырока ўкараняюцца ў Брэсце. Да кожнага абанента будзе падведзена не медная лінія, а оптыка-валаконная. Гэта яшчэ больш павысіць хуткасць.

— А якая ўжо на сённяшні дзень у раёне колькасць абанентаў ByFly?
— У раёне налічваецца больш за 4 тысячы абанентаў ByFly. Калі ўлічыць, што ўсяго тэлефонных абанентаў у нас каля 11 тысяч, дык відавочна, што лічба гэтая немалая.

— Пашыраецца сетка інтэрнэт-карыстальнікаў, разам з тым павялічваецца і колькасць паслуг “Белтэлекама”. Што новага прапануеце вы абанентам ByFly?
— Большасць карыстальнікаў сеткі інтэрнэт, і гэта не сакрэт, дзеці. Дарослым, занятым работай, дамашнімі справамі, часцей за ўсё няма калі сачыць за тым, якія інтэрнэт-старонкі наведваюць іх сын ці дачка. А ў глабальнай сетцы, вядома, ёсць усё: ад карыснай інфармацыі да негатыву – сайтаў з парнаграфіяй, насіллем. Для таго, каб застрахавацца ад такіх праглядаў, “Белтэлекамам” уведзена паслуга “бацькоўскі кантроль”. Па жаданні абанента падключаецца фільтр, які не будзе дазваляць праглядваць сайты, карцінкі з інфармацыяй, шкоднай для дзяцей. Гэтая паслуга каштуе нядорага і становіцца папулярнай. Яна дазваляе бацькам быць спакойнымі, што іх малалетняе дзіця, карыстаючыся інтэрнэтам, не будзе бачыць тое, што яму ў малым узросце бачыць не трэба. Яшчэ на базе ByFly з’явілася паслуга антывіруса – “бяспечны інтэрнэт”. Заплаціўшы 800 рублёў у суткі, абанент атрымлівае магчымасць “скачаць” ліцэнзійную версію антывірусу Касперскага, і гэтая праграма пры кожным уключэнні інтэрнэта будзе абнаўляцца. У выніку абаненту не трэба хвалявацца аб антывірусе і тых праблемах, якія могуць прывесці да пераўстаноўкі сістэмы. Акрамя таго, прапануем мы і такую паслугу, як “свабодны WiFi”. У горадзе падключана ўжо каля 100 кропак WiFi і іх колькасць будзе павялічвацца. Свабодны доступ да інтэрнэта ў розных кутках горада могуць атрымаць тыя, хто набудзе нашы карткі WiFi. Акрамя таго, па 31 студзеня ў нас праводзілася акцыя, і ўсе цяперашнія і новыя абаненты ByFly, якія падключаны да тарыфных планаў “Дамасед” і “Рэкорд”, маглі карыстацца WiFi бясплатна.

— Многія ўжо чулі і пра яшчэ адну паслугу, якая называецца “Максіфон”. Гэта, можна сказаць, свайго роду альтэрнатыва папулярнаму “Скайпу”, прызначанаму для зносін на адлегласці. Дык што такое “Максіфон”?
— Гэтую новую паслугу ад “Белтэлекама” некаторыя з іроніяй назвалі ўжо ў інтэрнэце “забойцай “Скайпа”. Але гэта не так. “Максіфон”, вядома ж, складзе пэўную канкурэнцыю таму ж “Скайпу”, бо прадастаўляе тыя ж сэрвісы – галасавую тэлефанію, відэасувязь, а таксама перадачу SMS-паведамленняў і абмен файламі. Адрозненне “Максіфона” ад “Скайпа” ў тым, што абонент, падключыўшыся да гэтай паслугі, атрымлівае рэальны тэлефонны нумар з нумарной тэлефоннай ёмістасці сеткі “Белтэлекам”. Нумар гэтых абанентаў будзе пачынацца лічбамі 24-9. Абанентам “Максіфон” можа стаць любы грамадзянін Беларусі, які знаходзіцца ў краіне ці за мяжой, і мае доступ да сеткі інтэрнэт і пэўнае ўстройства – планшэт, смартфон, камп’ютар. Гэтая паслуга будзе зручнай для тых, хто нярэдка бывае за мяжой. Калі вы будзеце абанентам “Максіфона”, зможаце з таго месца, дзе ёсць WiFi, патэлефанаваць дамоў па рэспубліканскіх тарыфах. Званок з “Максіфона” за мяжу таксама каштуе танней, а званкі на стацыянарную сетку ўвогуле бясплатныя. Маючы смартфон і дзве сім-карты розных мабільных аператараў, можна разам з тым карыстацца і “Максіфонам”. Для гэтага не трэба падключаць асобную сім-карту, дастаткова «скачаць» бясплатна праграму, заключыць з “Белтэлекамам” дагавор і патэлефанаваць як абанентам мабільнага аператара, так і абанентам стацыянарных сетак, прычым бясплатна. Паслуга новая, але, думаю, яна будзе карыстацца папулярнасцю ў многіх нашых абанентаў.

— Многія жыхары раёна аддалі перавагу нядаўна яшчэ новаму віду ІР-тэлебачання Zala. Гэта першы крок пераходу тэлебачання ў інтэрнэт. Ці плануецца пашырэнне гэтых паслуг?
— Безумоўна, плануецца. Пастаянна ідзе работа над кантэнтам Zala, дапаўненнем інтэрактыўнага тэлебачання новымі каналамі. Нашы абаненты, якіх ужо больш за тры тысячы, маюць магчымасць падключэння да разнастайных тэматычных пакетаў. У сувязі з паэтапным адключэннем аналагавага тэлебачання плануецца ўкараненне камерцыйнага эфірнага тэлебачання Zala. На сённяшні дзень лічбавае тэлебачанне – гэта сацыяльны пакет з васьмі гарантаваных каналаў. Камерцыйнае тэлебачанне плануе давядзенне да абанентаў каля 40 каналаў з добрай лічбавай якасцю. Каб карыстацца імі, трэба будзе заключыць дагавор з райвузлом электрасувязі і атрымаць прыстаўку. У раёне ўкараненне гэтага тэлебачання плануецца ў другой палове 2014 года.

— Не магу не задаць Вам пытанне, якое хвалюе жыхароў раёна. У многіх абанентаў змяніліся тэлефонныя нумары. З заменай іх усё больш востра паўстае пытанне аб выпуску новага тэлефоннага даведніка. Калі можна на яго разлічваць?
— Гэтае пытанне сапраўды надзённае і для нас, бо за апошнія некалькі гадоў змянілася вялікая колькасць тэлефонных нумароў. У планах было выпусціць новы даведнік у 2013 годзе. Але ў сувязі з тым, што працягвалася замена нумароў, палічылі, што даведнік выпускаць пакуль немэтазгодна. Плануецца выпуск новага даведніка ў 2014 годзе. Будзем спадзявацца, што планы здзейсняцца і нашы абаненты змогуць карыстацца новым даведнікам.
— Што ж, поспехаў вам і далейшага развіцця сувязі раёна.
Гутарыла Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: начальнік раённага вузла электрасувязі Анатоль Клюнчык.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 19.02.2014 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!