Сiтуацыя па грыпу ў раёне спрыяльная

Ці актуальная ў раёне праблема педыкулёзу, якая сітуацыя па грыпу, як часта работнікі санітарнай службы павінны правяраць гандлёвыя кропкі і аўтамагазіны? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні хацелі пачуць грамадзяне ад галоўнага ўрача раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Уладзіміра Кляцко, які праводзіў “прамую тэлефонную лінію” з жыхарамі раёна.
Прапануем увазе чытачоў рэпартаж з “прамой лініі”.

Валянціна Мікалаеў­на Васілюк, маларытчанка:
— Як часта работнікі санітарнай службы павінны правяраць гандлёвыя кропкі і аўтамагазіны на прадмет захавання санітарных нормаў і правілаў?
Уладзімір Кляцко:
— У адпаведнасці з дзеючым зака­надаўствам аб’екты, дзе рэалізуюцца прадукты харчавання, адносяцца да аб’ектаў высокай групы рызыкі. Іх неабходна правяраць планава з перыядычнасцю не менш чым раз у год. Што датычыць аўтамагазінаў, дык для таго, каб яны працавалі, неабходна наяўнасць санітарнага пашпарта ці дакумента, які пацвярджае адпаведнасць аўтамагазіна патрабаванням санітарных нормаў і правілаў. Санітарны пашпарт выдаецца тэрмінам на паўгода. У выпадку выяўлення парушэнняў тэрмін дзеяння яго не падаўжаецца да таго часу, пакуль недахопы не будуць ліквідаваны.
Васіль Васільевіч, прадпрымальнік:
— Скажыце, калі ласка, якія дакументы неабходны для рэалізацыі на рынку прадукцыі лёгкай прамысловасці, у тым ліку і дзіцячага адзення?
У. К.:
— У адпаведнасці з патрабаваннямі Мытнага саюза для рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці, у тым ліку і на рынках, у тым ліку і дзіцячага адзення, ужо цяпер неабходна мець дакумент, што пацвярджае адпаведнасць гэтых тавараў тэхнічнаму рэгламенту. Калі ж такога дакумента ў рэалізатара прадукцыі лёгкай прамысловасці пакуль яшчэ няма, ён абавязаны праінфармаваць аб гэтым спажыўца. Але такая ўмова будзе дзейнічаць толькі да 1 ліпеня 2014 года.
Мікалай Сцяпанавіч Струнец, маларытчанін:
— Хацелася б ведаць пра сітуацыю ў раёне па грыпу і вострых рэспіраторных вірусных інфекцыях.
В. К.:
— Сітуацыя па грыпу і ВРВІ ў раёне спрыяльная: ужо цяпер узровень захворванняў імі ніжэйшы, чым максімальны парогавы. На маю думку, гэта дзякуючы вакцынацыі, якую летась восенню прайшло 35% насельніцтва. Санітарная служба штодзень сочыць за ўзроўнем захворванняў грыпам і ВРВІ у арганізаваных дзеючых калектывах. У выпадку неабходнасці ўсімі зацікаўленымі службамі будзе праводзіцца поўны комплекс супрацьэпідэмічных і арганізацыйных мерапрыемстваў.
Алена Юр’еўна Ківачук, жыхарка дома № 15 па вул. Школьнай у Маларыце:
— Мы жывем у доме, які знаходзіцца побач з кагенерацыйнай устаноўкай. Ці адпавядае ўзровень шуму ад яе гігіенічным нарматывам?
У. К.:
— На сённяшні дзень дзейнічае пратакол лабараторных даследванняў узроўню шуму, што праводзілі работнікі Кобрынскага занальнага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Згодна з дадзенымі пратакола ўзровень шуму ад кагенерацыйнай устаноўкі адпавядае нарматывам у дзённы час сутак. Па гэтай прычыне яна і працуе толькі з 7 да 23 гадзін. Але жыхары Вашага дома звярнуліся ў абласны Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі з просьбай зрабіць новыя замеры. Да 28 лютага яны будуць праведзены ў больш шырокім дыяпазоне часу. Пра вынікі даследаванняў жыхары Вашага дома будуць праінфармаваны.
Маргарыта Аляксандраўна Алесік, маларытчанка:
— Наколькі актуальная ў нас у раёне праблема такога захворвання, як педыкулёз?
У. К.:
— Я б не сказаў, што яна мае востры характар. Ёсць асобныя выпадкі, асабліва ў неспрыяльных сем’ях, але пры выяўленні нават адзінкавых фактаў педыкулёзу санітарныя службы прымаюць канкрэтныя меры па іх лакалізацыі. З усёй адказнасцю гавару, што пры захаванні гігіенічных нормаў у сям’і і ў арганізаваных дзіцячых калектывах верагоднасць захварэць педыкулёзам мінімальная.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: галоўны ўрач РЦГіЭ Уладзімір КЛЯЦКО.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 26.02.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!