ЗАЎЖДЫ БАЧЫЦЬ ЧАЛАВЕКА

Пытанні ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах абмеркаваны на семінары-нарадзе ідэалагічнага актыву раёна. Мерапрыемства праходзіла напярэдадні важнай палітычнай кампаніі – выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Таму ў час размовы невыпадкова была закранута тэма ролі дэпутата ў вырашэнні сацыяльна-эканамічных задач. Напэўна, можна правесці паралель ці паставіць знак роўнасці паміж дэпутатам і ідэалагічным работнікам у калектыве, таму што яны вырашаюць адны і тыя ж задачы – закліканы ствараць бяспеку для жыццядзейнасці лю­дзей. Дэпутат нават самага нізкага ўзроўню — сельскага Савета — бліжэй, чым які-небудзь іншы, для свайго выбаршчыка. Ён актывізуе насельніцтва на вырашэнне нейкай праблемы. А супольна, разам яе лягчэй вырашыць. Ад асобы дэпутата залежыць актыўнасць. Таму намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны акцэнтаваў увагу прысутных на тым, што ўдзельнічаць у выбарах трэба абавязкова. І ў першую чаргу для таго, каб органы мясцовага самакіравання працавалі стабільна і своечасова вырашалі пытанні мясцовага значэння ў інтарэсах саміх жа выбаршчыкаў.
Ідэалогія – гэта сістэма каштоўнасцей, якія прапагандуе дзяржава. Як рэалізуецца яна ў працоўных калектывах? Каштоўным вопытам падзяліліся дырэктар установы адукацыі з Гвозніцы, кандыдат у дэпутаты абласнога Савета Марыя Афанасенка, намеснік старшыні СВК “Хаціслаўскі” па ідэалагічнай рабоце, кандыдат у дэпутаты райсавета Васіль Харык, намеснік начальніка ДРБУ-179 па ідэалагічнай рабоце Алег Нячай.
У Гвозніцкай школе створаная грамадская арганізацыя “Белая Русь” – адна з самых вялікіх ва ўстановах адукацыі раёна. Яна ахоплівае 84% усяго калектыву.Мерапрыемствы, якія праводзіць “Белая Русь”, у Гвозніцы носяць, як расказвала Марыя Міхайлаўна, больш дабрачынны характар. Гэта добраўпарадкаванне тэрыторый у вёсцы, помнікаў, клопат пра ветэранаў, віншаванне шматдзетных сем’яў у Дзень маці, дапамога першакласнікам пры падрыхтоўцы ў школу і г.д.
Важнай формай зносін, гаварыла дырэктар, з’яўляюцца палітінфармацыі. Важна не толькі пачуць навіну, але даведацца, як чалавек рэагуе на яе, як да яе адносіцца. Напрыклад, неабыякавыя ў школе да навін, у якіх расказваецца пра падзеі на Украіне. “Вельмі важна ведаць настрой людзей у калектыве”, — гаварыла Марыя Міхайлаўна. Наогул жа, падкрэслівала яна, арганізацыя “Белая Русь” добрая, пазітыўная, яна аб’ядноўвае людзей, а гэта вельмі важна пры вырашэнні праблем, якія хвалююць, таму заклікала ствараць пярвічныя арганізацыі там, дзе іх пакуль няма.
Заўжды бачыць чалавека – такі прынцып ставяць у аснову ідэалагічнай работы ў СВК “Хаціслаўскі”, адной з буйнейшых сельгасарганізацый, дзе працуе больш за 550 чалавек. У арсенале такой работы – шэраг апрабаваных форм ідэалагічнага ўздзеяння: наглядная агітацыя, вызначэнне па выніках года лепшых работнікаў з прысваеннем звання “Чалавек года”, стварэнне належных умоў працы, быту і адпачынку, наладжанае з сакавіка месяца і да позняй восені гарачае харчаванне механізатараў, пастухоў і іншых работнікаў, арганізацыя спартыўнай работы і створаныя для гэтага належныя ўмовы, клопат пра маладых спецыялістаў, выхаванне ў іх на прыкладзе ветэранаў сельгаскааператыву пачуцця, што чалавек працы заўсёды карыстаецца павагай і прызнаннем ў працоўным калектыве, і г.д.
Разам з адміністрацыяй і прафсаюзным камітэтам пэўны ўклад у дынаміку вытворчага і сацыяльнага жыцця, у змест ідэалагічнай работы ўносяць пярвічныя арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, савет ветэранаў вайны і працы, які ўзначальвае аўтарытэтны чалавек, былы старшыня мясцовай гаспадаркі, удзельнік вайны ардэнаносец Леанід Ляонаў. Для інвалідаў, удзельнікаў вайны, усіх членаў СВК, якія тут працуюць, у кааператыве бяс­платна выдзяляюць прысядзібныя ўчасткі 0,35 га ў палях севазвароту, а таксама корм для жывёлы. У гаспадарцы працуе добраахвотная пажарная каманда, якая па выніках мінулага года заняла ІІ месца ў рэспубліканскім конкурсе на лепшую ДПК. За кошт сродкаў гаспадаркі ўсім членам гэтай каманды ў жылых дамах устаноўлены пажарныя апавяшчальнікі. Фарміраванне праводзіць вялікую прафілактычную работу сярод насельніцтва сельсавета.
У калектыве гаспадаркі, як адзначыў Васіль Харык, існуе практыка, адпрацаваная гадамі: калектыў – гэта не проста людзі, гэта найперш за ўсё чалавек з яго жыццёвымі патрэбамі. Такі падыход дазваляе сельгаскааператыву паспяхова канкурыраваць у плане рабочай сілы з сучасным новым прадпрыемствам “КварцМелПрам”, якое знаходзіцца на тэрыторыі гаспадаркі. Здавалася б, новая вытворчасць павінна была пераманіць да сябе работнікаў сельгаскааператыву, чаго тут апасаліся. Аднак, як падкрэсліў Васіль Сяргеевіч, апаска была дарэмнай. За год на новае прадпрыемства перайшлі толькі 5 работнікаў гаспадаркі, і некаторыя з іх зноў вярнуліся назад.
СВК “Хаціслаўскі” працуе без усялякай спонсарскай дапамогі. Працуе, дзякуючы людзям, якім тут жывецца добра і камфортна. На павышэнне іх палітычнай культуры і свядомасці і накіравана ідэалагічная работа.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: у час семінара ідэалагічнага актыву раёна.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 19.03.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!