Вандраваць з камфортам? Лёгка!

Вандраваць, вымяраць свет сваімі крокамі, пераадоленымі кіламетрамі, мілямі – мара многіх людзей. Нехта сядае на веласіпед ці ў машыну, набывае білет на поезд і самастойна наведвае новыя мясціны, плануе маршруты і экскурсіі, шукае жыллё. Іншыя ж жадаюць адпачываць з максімальным камфортам, каб за іх прадумалі ўсё да драбязы і нічога не перашкаджала атрымліваць асалоду ад паездкі. Менавіта для апошніх працуюць турыстычныя кампаніі, дзе тур-аператар, улічваючы вашыя пажаданні, прапануе самы аптымальны тур. Многія ўжо ведаюць, што ў Маларыце з’явілася турыстычная фірма “Алматэя Тур”. Цяпер маларытчанам, каб распланаваць свой адпачынак, заказаць школьную экскурсію, зрабіць падарунак у выглядзе турыстычнай пуцёўкі, не трэба ехаць у абласны цэнтр. Той жа пералік турыстычных паслуг аказвае кампанія “Алматэя Тур”, што з’явілася ў Маларыце. Аб папулярных турах, сервісе і накірунках дзейнасці турыстычнай фірмы ідзе гутарка ў інтэрв’ю начальніка аддзела па турызму кампаніі “Алматэя Тур” Алены Аўдзяюк.

— Турыстычная кампанія “Алматэя Тур”, наколькі ведаю, не фірма-аднадзёнка, а стабільная арганізацыя, якая аказвае турыстычныя паслугі жыхарам Брэстчыны. Раскажыце, як усё пачыналася?
— Першапачаткова, яшчэ з 90-х гадоў мінулага стагоддзя, наша кампанія працавала на рынку Брэсцкай вобласці як фірма “ВіаТурТранс”, якая прадастаўляла невялікі пералік турыстычных паслуг і турыстычныя аўтобусы ў арэнду. З 2012 года кампанія вырашыла пайсці на пашырэнне як матэрыяльнай базы, так і колькасці паслуг, і была перарэгістравана ў Маларыце ўжо як турыстычная фірма з новай назвай “Алматэя Тур”. У якасці новай платформы для кампаніі Маларытчына была выбрана невыпадкова. Наш дырэктар Валянціна Маркаўна Крывашэіна сама родам з вёскі Забалацце Лукаўскага сельсавета. Таму Маларыцкі раён ёй блізкі па духу. Ёсць у нас таксама філіял у Брэсце.
— Якія варыянты падарожжаў вы можаце прапанаваць жыхарам Маларытчыны?
— Розных тураў і экскурсій вялікая колькасць. Усё залежыць ад таго, якія мэты ставіць перад сабой чалавек, калі збіраецца ў паездку. Наша кампанія прадастаўляе як сезонныя туры для летняга, а таксама зімовага адпачынку на гарналыжных курортах у Закапанэ, Букавелі, Слаўскім, так і экскурсіі па Еўропе і краінах СНД. Будапешт, Вена, Прага, Берлін, Парыж, Дрэздэн – ёсць столькі мясцін, у якіх трэба абавязкова пабываць за сваё жыццё! З дапамогай тураў за лічаныя дні вы зможаце наведаць адразу некалькі гарадоў нават розных краін. Магчымы адпачынак з дзецьмі, калектыўныя паездкі. Маладых людзей, да прыкладу, павінен зацікавіць тур у мала­дзёжны цэнтр у Балгарыю. Мы прапануем таксама заўсёды актуальныя шоп-туры ў Бяла-Падляску, Беласток, Варшаву і Маскву. Пры гэтым кампанія “Алматэя Тур” забяспечвае візавую падтрымку. Вельмі цікавы тур у Санкт-Пецярбург. 5 дзён вы зможаце адпачыць у культурнай сталіцы Расіі: пагуляеце па вуліцах горада, пабываеце ў Эрмітажы, Зімовым Палацы, Пецяргофе, наведаеце славутыя саборы.
— Наперадзе летні сезон, пройдуць сесіі, прагучыць апошні заванок у школах, пачнецца час водпускаў. Думаю, жыхароў раёна зацікавяць гарачыя сонечныя туры. У якія краіны параіце адправіцца за насалодай і пазітывам?
— Для летняга адпачынку ёсць шмат варыянтаў. Перш за ўсё, чалавек павінен вызначыцца, на якім відзе транспарту ён жадае вандраваць. Мы прапануем як аўтобусныя, так і авіятуры з вылетам са Львова, Мінска, Брэста і Магілёва. Больш запатрабаваныя туры летам – у Турцыю, Італію, Балгарыю і Украіну. У залежнасці ад таго, якія патрабаванні прад’яўляе кліент, разам выбіраем пералік паслуг, што ўвойдуць у пуцёўку — атэль, адлегласць ад мора і многае іншае. Ёсць шмат тураў, якія дзейнічаюць па сістэме “ўсё ўключана”, што дае магчымасць на некаторы тэрмін пазбавіцца ад бытавых клопатаў.
— У рамках Года гасціннасці асаблівая ўвага надаецца славутым мясцінам і турыстычным аб’ектам, якіх у нашай краіне таксама нямала. Якія туры па Беларусі вы прапануеце сваім кліентам?
— Распрацавана больш за 20 розных маршрутаў экскурсій па нашай краіне. Паездкі па Беларусі часта цікавяць навучальныя ўстановы, якія збіраюць цэлыя групы з вучняў, а таксама прафсаюзныя арганізацыі прадпрыемстваў раёна. Сапраўды, наша краіна багатая на гістарычныя і прыродныя помнікі. Абавязкова трэба пабываць у мемарыяльным комплексе «Хатынь», гісторыка-культурным комплексе “Лінія Сталіна”, наведаць палацавы комплекс Радзівілаў у Нясвіжы, Мірскі замак, Навагрудскі замак, палац Пуслоўскіх у Косава. Незабыўныя ўражанні застаюцца як у дзяцей, так і ў дарослых пасля экскурсіі ў музей матэрыяльнай культуры і быту пад адкрытым небам – Дудуткі з дэгустацыяй дамашняга хлеба і квасу, наведваннем экспазіцыі рэтрааўтамабіляў, народных рамёстваў. Дзяцей, безумоўна, зацікавіць музей касманаўтыкі ў Тамашоўцы, аглядная экскурсія па сталіцы Беларусі з наведаннем заапарка і шоу-праграмы дэльфінарыя “Нэма”, падарожжа ў свет страўсаў і экскурсія па фабрыцы сувеніраў “Палессе” ў Кобрыне. І гэта зусім няпоўны пералік таго, што можна пагля­дзець, не пакідаючы сваёй краіны.
— Вы сказалі, што раней кампанія аказвала транспартныя паслугі, ці прадастаўляеце вы зараз аўтобусы ў арэнду?
— Так, у нас, як і раней, можна ўзяць напракат камфартабельныя, абсталяваныя тэлевізарам і кандыцыянерам турыстычныя аўтобусы новага пакалення “Мэрсэдэс”, “Неаплан”, разлічаныя на 48 чалавек.
— Калі аналізаваць практыку, якія туры на сённяшні дзень карыстаюцца найбольшай папулярнасцю?
— Асабліва запатрабаваныя паломніцкія туры ў Жыровічы, Сынкавічы, Пачаеў. Сярод дзяцей і моладзі вельмі папулярныя паездкі ў Берлін, у парк “Трапічныя астравы”. Гэта комплекс для адпачынку і забаў з поўнай імітацыяй мора, залатым пяском, гротамі і вадаспадамі, трапічным лесам, у якім расце больш за 30 тысяч экзатычных раслін. Трапічная вёска — гэта арыгінальныя пабудовы з Балі, Тайланда, Самоа. Фактычна, наведаўшы гэтае месца, уяўляеш быццам ты пабываў на самых знакамітых курортах свету. Увогуле, усе туры па-свойму цікавыя і папулярныя. А вызначыцца з выбарам павінен сам чалавек. Калі гэта зрабіць яму цяжка, мы абавязкова дапаможам.
Дар’я ЛУЦЫК.

Опубликовано в «ГЧ» 19.03.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!