Засвоілі азбуку бяспекі

У Цэнтры дадатковага навучання дзяцей і моладзі, дзе ўжо шмат гадоў дзейнічае гурток “Іскрынка”, прайшоў Дзень бяспекі. Пачаўся ён з узнагароджання пераможцаў раённага этапу конкурсу “Выратавальнікі вачыма дзяцей”. Прызёрам ва ўсіх 8 намінацыях былі ўручаны дыпломы, а пераможцам яшчэ і памятныя сувеніры. Лепшым быў прызнаны расказ Анастасіі Саўчук з Мельніцкай базавай школы, без увагі журы не засталіся таксама творы Марыны Семянюк з Пажэжынскай СШ і Вікторыі Навасадзец з Макранскай СШ. У намінацыі “Верш” дыпломам І ступені быў узнагароджаны вучань Ляхавецкай школы Аляксей Мішчук, за добрыя вершаваныя творы заахвоцілі вучаніцу Макранскай СШ Ганну Алесяюк і вучаніцу Замшанскай школы Яўгенію Харытанюк. Лепшая казка “Царэвічы-выратавальнікі” атрымалася ў вучаніцы Ланской СШ Наталлі Бойка. У намінацыі “Малюнак” першае месца заваявала вучаніца дзіцячай школы мастацтваў Анастасія Стэльмашук, дыпломамі былі адзначаны таксама малюнкі Ірыны Мікітчук з Олтушскай СШ і Анастасіі Забелінай з Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў. Прыз у намінацыі “Плакат” атрымала калектыўная работа Сяргея Серады, Алега Дутава і Аляксандра Блышчыка з Замшанскай БШ. Вучаніца Пажэжынскай СШ Лізавета Яграшына атрымала дыплом І ступені за самы цікавы выраб, у гэтай жа намінацыі прызёрамі сталі Аляксей Гец з Маларыцкай СШ № 2 і Анастасія Кірылава з Мельніцкай БШ. У намінацыі “Статуэтка” ўзнагарода была ўручана Андрэю Клачану, гурткоўцу Цэнтра дадатковага навучання дзяцей і моладзі. А вось прыз за лепшую мадэль пажарнай тэхнікі атрымаў Уладзіслаў Ярмашук, таксама гуртковец Цэнтра. Дыпломы за свае цікавыя мадэлі заслужылі таксама самая маленькая ўдзельніца конкурсу Ірына Бажко з Замшанскага вучэбна-педагагічная комлексу дзіцячы сад – базавая школа і вучні СШ № 1 Вадзім Герман і Іван Дардзюк.
Для хлопчыкаў і дзяўчынак, што сабраліся ў зале, было вельмі цікава сустрэцца з выратавальнікамі-пажарнымі, якія разам з дзецьмі ўдзельнічалі ў розных конкурсах гульневай праграмы “Агонь, вада і медныя трубы”.
Школьнікі з захапленнем праглядзелі фільм, у якім мультыплікацыйныя персанажы знаёмілі з правіламі пажарнай бяспекі. А замацаваць атрыманыя веды дапамагла ў канцы праграмы пажарная сірэна, па якой за лічаныя хвіліны трэба было пакінуць будынак цэнтра. Між іншым, з гэтым заданнем дзеці справіліся, бо дзякуючы гуртку “Іскрынка”, заняткі ў якім вядзе Таццяна Клачан, яны ўжо многае ведаюць і ўмеюць і, у першую чаргу, добра засвоілі, што захаваць жыццё і бяспеку дапамагае асцярожнае абыходжанне з агнём.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час Дня бяспекі.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 19.03.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!