«Хочацца, каб усе мы жылі добра»

Ляхавецкі выбарчы ўчас­так №12, які размясціўся ў будынку сельскага Дома культуры, як і ўсе іншыя, у першы дзень датэрміновага галасавання, 18 сакавіка, адчыніў свае дзверы для выбаршчыкаў у 10 гадзін ранку. За дзве гадзіны, а наведаліся мы сюды якраз у поўдзень, прагаласавала на ўчастку 11 чалавек. Разам з намі ў пакой увайшла пенсіянерка Марыя Мікалаеўна Гапанюк. Пацікавілася, ці можна ўжо аддаць свой голас за кандыдатаў.
– Я заўжды прыходжу галасаваць. А як жа інакш, мне таксама важна зрабіць выбар. Хочацца, каб усе мы жылі добра, – заўважыла жанчына, апускаючы ва урну бюлетэнь.
Паспяшалася Марыя Мікалаеўна прагаласаваць датэрмінова, бо ехала ў бальніцу. Каб быць спакойнай, што грамадзянскі абавязак выкананы, яна і прыйшла на ўчастак у першы дзень датэрміновага галасавання.
На ўчастку ёсць уся неабходная для выбаршчыкаў інфармацыя, аформлены спецыяльны куток. Ды і члены камісіі, а зранку на ўчастку працавалі Яўген Мікалаевіч Дворак і Святлана Віктараўна Канановіч, гатовы растлумачыць, калі нешта незразумела, падказаць.
– Усе вяскоўцы праінфар­маваны аб тым, што можна прагаласаваць датэрмінова. Людзі прыходзяць з добрым настроем, разумеюць усю значнасць такой падзеі, як выбары, – адзначае Яўген Мікалаевіч.
Прыйсці на ўчастак, каб прагаласаваць датэрмінова, можна не толькі днём, але і ўвечары. Гэта зручна для тых, хто працуе.
У спісах па Ляхавецкім выбарчым участку 697 выбаршчыкаў. 4 чалавекі будуць галасаваць упершыню. Ім, як заўважае старшыня выбарчай камісіі Сяргей Карабчук, будзе надавацца асобая ўвага, паколькі маладым людзям трэба ўсё растлумачыць, паказаць, даць адчуць, што яны маюць магчымасць прагаласаваць за лепшую будучыню. Не застануцца без увагі і тыя жыхары аддаленых вёсак Отчына, Асавая, Мыслячы і хутара Кожух, хто не зможа самастойна прыйсці на ўчастак для галасавання. Да іх члены камісіі прыедуць у дзень выбараў дамоў. Адным словам, прагаласаваць змогуць усе.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час датэрміновага галасавання на Ляхавецкім выбарчым участку.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в “ГЧ” 22.03.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий