Iграй, аркестр, iграй!

Любая вялікая рака свой пачатак бярэ з маленькай крынічкі. Мае свае вытокі і ўзорны баянны аркестр Маларыцкай дзяржаўнай дзіцячай школы мастацтваў. Ён вядзе адлік свайго творчага часу з 1989 г. Менавіта тады Валянціна Калоша, таленавіты педагог, чалавек ініцыятыўны і мэтанакіраваны, арганізавала спачатку ансамбль баяністаў і акар­дэаністаў, а затым – і аркестр. У аркестры іграла не такая вялікая колькасць чалавек, як цяпер, ды і рэпертуар быў не вельмі разнастайным. Калектыў толькі фарміраваўся,станавіўся на ногі, адшліфоўваў майстэрства, дзень за днём набываў папулярнасць і вядомасць.
Валянціна Раманаўна аркестрам кіравала больш за два дзясяткі гадоў. Паступова дзіцячы баянны калектыў станавіўся вядомым і запатрабаваным не толькі на Маларытчыне, але і ў вобласці. З вялікім поспехам праходзілі яго канцэртныя выступленні на самых розных сцэнічных пляцоўках горада і раёна. У 1999г. калектыву баяністаў за высокае выканальніцкае майстэрства і актыўнае творчае жыццё прысвоена званне “ўзорны”. Адна справа – яго атрымаць. Другая, больш адказная, – высокаму званню трэба яшчэ і адпавядаць. Для юных маларыцкіх баяністаў і гэтая задача стала вырашальнай: праз кожныя тры гады званне “ўзорны” паспяхова пацвярджалася. Заўсёды атэстацыйная камісія адзначала высокі мастацкі і прафесійны ўзровень калектыву.
З 2010 г. аркестр узначальвае Наталля Яромчанка. Калектыў не спыніўся ў сваім развіцці. З прыходам новага кіраўніка баянны аркестр працягвае традыцыі, якія закладзены Валянцінай Калошай. Сёння калектыў – гонар музычнай школы. Ён складаецца з 27 чалавек.
– Стварыць дзіцячы аркестр у музычнай школе з добрай канцэртнай праграмай, адпаведным узроўнем выканальніцкага майстэрства, – кажа Наталля Яромчанка, – справа вельмі складаная. Кожны год у калектыве часткова абнаўляецца склад. Дзеці заканчваюць навучанне і пакідаюць сцены школы, ім на змену прыхо­дзяць іншыя. А гэта значыць, што ўсё неабходна зноў пачынаць спачатку. Юнаму пакаленню спачатку даводзіцца няпроста: што­дзённая праца аркестрантаў (вывучыць і адпрацаваць партыі), вячэрнія рэпетыцыі аркестра, бо ёсць яшчэ і асноўная школа, дзе таксама неабходна працаваць і ўсё паспяваць. Каб вытрымаць такі рытм, трэба вельмі моцна любіць справу, якой займаешся. Сумяшчаючы канцэртную і вучэбную дзейнасць у дзвюх школах, кожны з аркестрантаў атрымлівае каштоўныя навыкі – праца­здольнасць, сілу волі, цярпенне, уменне планаваць свой асабісты час, адказнасць… Некаторыя з выпускнікоў-удзельнікаў баяннага аркестра ўжо набылі, а іншыя яшчэ набываюць адукацыю ў спецыяльных музычных навучальных установах. Саліст аркестра Пётр Манько стаў стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Нязменнай застаецца і высокая творчая “планка”, якая ўстаноўлена кіраўніком аркестра. Выканальніцкі ўзровень калектыву не зніжаецца. Хоць па аб’ектыўных прычынах бываюць перыяды і ўздыму, і спаду. У рэпертуары аркестра цяпер творы, разнастайныя па стылю: сучасная музыка, песенна-танцавальная, народная. Хочацца яшчэ дадаць, што разам з аркестрам Наталля Уладзіміраўна скрупулёзна працуе над вывучэннем кожнай партыі, пастаянна ўдасканальвае тэхніку ігры.
– Іграць у аркестры для мяне вельмі прэстыжна і ганарова, – гаворыць Максім Паўлаў, удзельнік калектыву. – Каб устойліва “трымацца” на дасягнутым узроўні, які цяпер мае аркестр, мы шмат працуем. Калектыў, у якім іграю не адзін год, мне многае даў. Перакананы, што набытыя веды, уменні і навыкі спатрэбяцца і ў самастойным дарослым жыцці.
– Глыбокае разуменне спецыфікі аркестравай працы не толькі на тэарэтычным, але і на практычным узроўні, дакладнае вызначэнне задач, дасягненне пастаўленай мэты дазваляюць Наталлі Яромчанка атрымліваць стабільна высокія вынікі ў рабоце з калектывам, – гаворыць Ірына Пятрухіна, дырэктар Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў. – Аркестравае выканальніцкае мастацтва, акрамя таго, яшчэ і далучае юных музыкантаў да свету прыгожага, спрыяе духоўнаму, гарманічнаму фарміраванню асобы…
За час свайго існавання ўзорны баянны аркестр заваяваў немалую глядацкую аўдыторыю, якая з цікавасцю сочыць за яго выступленнямі і творчым жыццём.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: узорны баянны аркестр Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў, якім кіруе Наталля Яромчанка.
Фота аўтара.

Опубликовано в “ГЧ” 2.04.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий