Падарожжа па жыццёвых сцежках Аляксея Філатава

Літаратура… Колькі пачуццяў звязана з гэтым простым словам і колькі нявыказаных думак! Мастацкае слова – гэта своеасаблівая “машына часу”, якая дазваляе прайсці скрозь гады і адлегласці, пабываць ў іншым вымярэнні, дакрануцца да духоўнага свету пісьменніка. Акрамя таго, з сучаснымі аўтарамі можна пагутарыць асабіста. Гэта і зрабілі мы, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры СШ №2, запрасіўшы да сябе ў госці вядомага пісьменніка-земляка Аляксея Георгіевіча Філатава, каб яшчэ раз прайсці жыццёвымі і творчымі дарогамі гэтага чалавека, паспрабаваць далучыцца да крыніцы таленту паэта і празаіка.
…Пра сустрэчу дамаўляюся па тэлефоне. Калі Аляксей Георгіевіч даведаўся, што я з Маларыты, паабяцаў абавязкова і неадкладна прыехаць, бо з нашым краем у яго звязана шмат ўспамінаў.
Панядзелак. Актавая зала школы адчыніла дзверы літаратурнай гасцёўні, прысвечанай Аляксею Георгіевічу Філатаву. Адразу стала зразумела, што перад намі светлы і неардынарны чалавек. Размаўляе ён выключна на беларускай мове, але часта пераходзіць на мясцовы дыялект, асабліва, калі расказвае пра сваё дзяцінства і юнацтва. Многае з перажытага ён потым апіша ў сваіх творах. Сапраўды, лёс Аляксея Георгіевіча складаны. У яго дзве Радзімы, дзве маці і нават два імені. Будучы пісьменнік нарадзiўся ў 1939 годзе ў в. Бабінічы Віцебскага раёна. У першы дзень вайны забiла асколкамi фашысцкага снарада яго мацi — выкладчыцу Брэсцкага педагагiчнага вучылiшча, якая прыехала ўвечары 21 чэрвеня ў Маларыту да сястры Марыны, каб забраць у трывожны час сям’ю з небяспечнага раёна. Двухгадовага хлопчыка ўзялi на выхаванне настаўнiкi з в. Ляхаўцы Аляксей i Ларыса Афанасьевы. У чатыры гадкі ён ужо зведаў, што такое кулямётная чарга за дротам канцлагера і жахлівы брэх нямецкіх аўчарак. З замілаваннем ён успамінае сваю родную хату з двума комінамі, аднавяскоўцаў, якія расказвалі яму разнастайныя мясцовыя легенды і паданні. Вобразы некаторых з іх потым увойдуць у кнігі Аляксея Георгіевіча. Многа цёплых і шчырых слоў гаворыць пісьменнік у адрас сваіх родных і блізкіх, з удзячнасцю ўспамінае прыёмных бацькоў. Не забудзе Аляксей Георгіевіч ніколі, як упершыню яго, параненага маленькага хлопчыка-сірату, прыгарнулі да сябе ласкавыя рукі мамы Ларысы. Імя прыёмнага бацькі Аляксея ён ўзяў сабе за літаратурны псеўданім.
Аляксей Фiлатаў закончыў Маларыцкую сярэднюю школу, Брэсцкi чыгуначны тэхнiкум, затым фiлалагiчны факультэт Брэсцкага педiнстытута, набыў прафесію журналіста, працаваў настаўнiкам у Мухавецкай сярэдняй школе.
Пісьменніку задавалі розныя пытанні: пра асабістае жыццё, творчасць, захапленні. Расказваў ён цікава, перасыпаючы сваю мову крылатымі словамі і афарызмамі. Было нечаканым даведацца пра тое, што любімым пісьменнікам Аляксея Георгіевіча з’яўляецца рускі паэт Уладзімір Маякоўскі, вершы якога ён дэкламаваў на памяць. Гучалі ў выкананні аўтара і любімыя ўрыўкі з яго твораў. Найбольшыя авацыі залы выклікалі гумарэскі са зборніка “Ляхавецкая торба”. Напрыканцы нашай сустрэчы Аляксей Георгіевіч звярнуўся да юных паэтаў-школьнікаў, якія, дарэчы, былі ў зале, з пажаданнем натхнення і творчага развіцця. А яшчэ наш таленавіты зямляк падарыў нам адну са сваіх апошніх кніг “Жывому – жыць”. Гэтая кніга пра ўласны лёс, Радзіму, калег-пісьменнікаў, пра веру і жыццё ва ўсіх яго праявах.
Актавая зала апусцела, паехаў дадому і наш госць. Але аптымізм, жыццёвая энергія, урачыстае святло і ўзнёсласць мастацкага слова яшчэ доўга адчуваліся ў паветры школы. А таму ад свайго імя і ад імя маіх калег хочацца падзякаваць Аляксею Георгіевічу за яго творчасць, за адданую сыноўнюю любоў да сваёй малой Радзімы, а таксама нізка пакланіцца нашай зямлі, маёй Маларытчыне, шчодрай на таленавітых людзей.
Людміла Ярмашук, настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДзУА “Маларыцкая сярэдняя школа №2”.
НА ЗДЫМКУ: Аляксей Філатаў у гасцях у школьнікаў.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 9.04.2014 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!