Надзейны компас у жыццi

У жыцці кожнага з нас бываюць моманты, калі хочацца азірнуцца назад, асэнсаваць пражытае. Для мяне адказным і незабыўным перыядам у жыцці была работа ў раённым сацыяльна-педагагічным Цэнтры з дзіцячым сацыяльным прытулкам.
За час існавання ў раёне дзіцячага сацыяльнага прытулку (з кастрычніка 2005 года да сакавіка 2010 года) атрымалі сацыяльна-педагагічную дапамогу і прайшлі рэабілітацыю каля 80 дзяцей нашага раёна.
Кваліфікаваную псіхалагічную і дэфекталагічную дапамогу выхаванцам прытулку, непаўналетнім, бацькам і педагогам аказвалі педагогі-псіхолагі Іна Булатава, Вольга Рыбачук, Юлія Кузьміцкая, Алена Канановіч, настаўнік-дэфектолаг Наталля Макарук. Работу па сацыяльна-педагагічнаму суправаджэнню сям’і, ранняму выяўленню і прафілактыцы сямейнага недабрабыту праводзілі сацыяльныя педагогі Марына Зімоха, Святлана Краўцова, Людміла Марчук, юрыдычную дапамогу аказвалі юрысконсульты Сяргей Селівонік, Алена Карпук. Замянялі матуль, ствараючы хатнюю атмасферу і ўтульнасць, вучылі санітарна-гігіенічным навыкам, кругласутачна знаходзіліся з дзецьмі, арганізоўвалі цікавыя мерапрыемствы выхавальнікі Жанна Кібальнік, Іна Шаўрук, Надзея Альбіцкая, Юлія Шалашова, Людміла Ярмалінская, Жанна Тарасюк, Вольга Корань, Наталля Трафімук, памочнікі выхавальнікаў Алена Манзіч, Тамара Марозава, Ганна Дворак, медсястра Алеся Чыкіта. Смачныя сняданкі, абеды і вячэры варылі повары Валянціна Іванаўна Струнец і Ніна Піліпаўна Зіневіч. Клапаціліся аб чысціні і парадку ў памяшканнях і на тэрыторыі Наталля Абрамчук, Барыс Касцючык, Уладзімір Бурштын, Алена Нікіціна. Накіроўвала вучэбна-выхаваўчы працэс загадчыца дзіцячага сацыяльнага прытулку Ганна Іванаўна Байдук.
Работнікі ўстановы Тамара Марозава і Жанна Кібальнік самі стварылі прыёмныя сем’і і ўзялі на выхаванне дзяцей з сацыяльнага прытулку. Больш за 40% выхаванцаў прытулку былі вернуты ў біялагічныя сем’і, больш за 50% — у іншыя сем’і, інтэрнатныя ўстановы. За гэтымі лічбамі – лёсы дзяцей…
А як жа склаліся гэтыя лёсы? Як змаглі ўладкавацца ў жыцці нашы выхаванцы? Гэтае пытанне не можа не хваляваць. У гутарках з былымі выхаванцамі прытулку, супрацоўнікамі Цэнтра, сваякамі і знаёмымі нашых выхаванцаў нешта ўдалося высветліць. Шасцёра з былых выхаванцаў прытулку сталі бацькамі і выхоўваюць сваіх дзяцей, пяцёра – студэнты сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў. Каля 10 чалавек працуюць у арганізацыях і на прадпрыемствах нашага раёна і вобласці.Двое нашых выхаванцаў — Антон і Васіль — мараць стаць святарамі, наведваюць нядзельную школу, спяваюць у царкоўным хоры. Люба заканчвае Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна па спецыяльнасці “Выкладчык беларускай і польскай мовы”, летам яна была на практыцы ў Польшчы. У 2013 годзе стала студэнткай гэтага ж універсітэта па спецыяльнасці “Псіхалогія” Ірына. А яшчэ адна выхаванка прытулку, Анжаліка, рыхтуецца стаць перакладчыцай.
“Маё жыццё змянілася да лепшага, калі мы з братам трапілі ў дзіцячы сацыяльны прытулак, а затым – у прыёмную сям’ю. У мяне б не было таго, што ёсць, калі б не прыёмныя бацькі, не педагогі, не работнікі прытулку, якія нам ва ўсім дапамагалі”, — шчыра прызнаецца адна з выхаванак прытулку, цяпер ужо студэнтка ВНУ.
“А я жадаю сваёй дачушцы, каб яна ніколі не бачыла і не адчувала таго, што перажылі мы з сястрой у сям’і бацькоў. Прытулак стаў для нас у той цяжкі час другім домам, нашай сям’ёй”, — дзялілася сваімі думкамі маладая маці, таксама былая выхаванка прытулку.
Мы верым у вас! І спадзяемся, што тыя добрыя якасці і карысныя навыкі, якія выхоўвалі і развівалі ўсе супрацоўнікі раённага сацыяльна-педагагічнага Цэнтра з дзіцячым сацыяльным прытулкам, стануць надзейным компасам у вашым жыцці.
Ірына ФЕДЧЫК, першы дырэктар раённага сацыяльна-педагагічнага Цэнтра з дзіцячым сацыяльным прытулкам (2001-2009 гг.).
НА ЗДЫМКАХ: такім было жыццё ў сацыяльным прытулку.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 23.04.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!