Шчаслівы трэці рад

Міхаіл Захаравіч Ярмалюк, жыхар вёскі Старыя Боркі, на фронце не ваяваў. Але ён добра ведае, што такое вайна, бо жахі яе бачыў сваімі вачыма. Ведае ён, якое гора прынесла Вялікая Айчынная нашаму беларускаму народу, яго землякам, у прыватнасці, жыхарам вёскі Боркі, хто стаў ахвярамі злачынстваў фашысцкіх нацыстаў. І да драбніц памятае той страшны дзень 23 верасня 1942 года, калі ў вёсцы для выканання аператыўнага загаду камандзіра 3-га батальёна 15 паліцэйскага палка з’явіліся карнікі.

— Прыйшлі тады да нас на хутар 11 чалавек. Мы, пяцёра малых дзяцей і маці, былі дома. Бацька пайшоў па гаспадарскіх справах. Таму надакучвалі пытаннем, дзе ён. Маці тлумачыла, што стрыгла авечак, некаторыя з іх паўцякалі, і бацька пайшоў іх шукаць. Паверылі яны ці не, не ведаю, толькі больш пытанняў не задавалі, а адзін з тых, што прыйшлі, пачаў нас лічыць: “Айн, цвай, драй, фір, фюнф, зэкс…”. Налічыў 6 чалавек разам з маці. Дастае з кішэні шакаладкі, раздае, а старэйшы брат, якому тады было 13 год, браць шакаладку не хоча. Схаваў рукі за спіну і стаіць. Немец адразу дастае пісталет і настаўляе брату ў патыліцу. Маўляў, будзеш паказваць свой нораў, атрымаеш кулю.
Ад нашага хутара і да ўкраінскіх хутароў была пратаптана сцежка, па якой звычайна бацька хадзіў на сенакос. Дзевяць чалавек, што прыйшлі да нас, накіроўваюцца па гэтай сцежцы, двое застаюцца ў хаце. Цераз поле жыў сусед. Убачыўшы яго хату, адзін з тых, што прыйшлі, накіраваўся туды, а другі, з аўтаматам, застаўся нас вартаваць. Затым скамандаваў ісці ў агарод, дзе раслі слівы. Між іншым, яны растуць і сёння на гэтым месцы, але такія ж самыя, якімі былі і тады, нават крыху не падраслі і ні адзін год не пладаносілі.
Калі мы зайшлі да вызначанага месца, там было шмат людзей. Уласавец Саньцікаў – я добра запомніў гэтае прозвішча – загадаў, каб наперад выйшлі мужчыны, каму ад 18 да 45 год. Маладых сярод нас не аказалася, бо ўсе ў такім узросце былі прызваны ў армію. Усіх паставілі ў шарэнгу па 6 чалавек. Мы былі ў трэцім радзе. Ніхто спачатку не здагадваўся, для чаго нас сабралі. І толькі калі прыехала машына і мы ўбачылі ў ёй рыдлёўкі, зразумелі, што будуць капаць магілы і нас расстрэльваць. Што тут пачалося!!! І сёння ў мяне ў вушах стаяць тыя крыкі, той страшэнны плач і тое жаночае галашэнне: “Ой, ты моя дэтынэнько! Ой, ты мій чоловічэ…”
Мы сядзім, чакаем. Праз некаторы час першую партыю людзей павезлі туды, дзе былі выкапаны магілы. Сярод тых, хто застаўся чакаць, маці ўбачыла свайго бацьку і кажа нам: “Дзеткі, дзеткі, там наш дзед”. Мы паўзком, паўзком да яго і зноў аказаліся ў трэцім радзе. Тыя, што капалі магілы, вярнуліся назад, каб забраць свае сем’і і весці на расстрэл. Наш дзядзька, брат маці, таксама капаў ямкі. І калі ўбачылі, што ён вярнуўся назад, сэрца сціснулася: “Ён прыйшоў за ўсімі намі. Маці пачала плакаць. Дзядзька кажа: “Ніяк не магу, сястра, цябе выратаваць”. Вартавы, што хадзіў увесь час туды-сюды і нас пільнаваў, памятаю, насавую хустачку ад вачэй не адымаў… Прайшоў ля нас раз, другі, бачыць, маці плача наўзрыд. Тут солтус кажа: “Ярмалюк Марына! Выходзь!” Затым ён некуды адышоў, а вартавы падыходзіць і, звяртаючыся да маці на польскай мове, кажа: “То твае, пані, дзеці? Усіх вас будуць расстрэльваць”. А потым, паглядзеўшы па баках, зноў кажа: “Забірай малых і пойдзем са мною”. Даходзім да адной з хат, што стаяла на ўскрайку, там — яшчэ адзін вартавы. І той, што нас завёў, кажа: “Дзякуй, матка, Богу, будзеце жывыя”. Дзякуючы гэтаму чалавеку нам і ўдалося ўсім выратавацца.
Мы чулі тады, як раздаваліся стрэлы ў тым месцы, дзе былі выкапаны магілы. Пайшоў дождж… Але зямля была мокрая не ад яго, а ад слёз і крыві.

Са справаздачы выконваючага абавязкі камандзіра 10-й роты аб знішчэнні в. Боркі з 22 па 26 верасня 1942 года.
— Аперацыя праходзіла планамерна, выключаючы зрухі некаторых яе этапаў у часе. Асноўная прычына іх была наступная. На карце населены пункт Боркі паказаны як кампактна размешчаная вёска. На самой справе аказалася, што гэты пасёлак прасціраецца на 6-7 кіламетраў у даўжыню і шырыню.
Калі на світанку гэта было мною ўстаноўлена, я пашырыў ачапленне з усходняга боку і арганізаваў ахоп сяла ў форме кляшчоў пры адначасовым павелічэнні дыстанцыі паміж пастамі. У выніку мне ўдалося захапіць і даставіць да месца збору ўсіх жыхароў вёскі без выключэння. Спрыяльным аказалася, што мэта, для якой збіралася насельніцтва, да апошняга моманту была яму невядомая.
На месцы збору панаваў спакой, колькасць пастоў была зведзена да мінімуму і сілы, што былі не задзейнічаны, маглі быць выкарыстаны ў далейшым ходзе аперацыі. Каманда магільшчыкаў атрымала рыдлёўкі на месцы расстрэлу, дзякуючы чаму насельніцтва да апошняга не ведала аб тым, што будзе. Непрыкметна ўстаноўленыя лёгкія кулямёты падавілі паніку, якая была з самага пачатку, калі прагучалі першыя выстралы з месца расстрэлу на адлегласці 700 метраў ад вёскі. Двое мужчын спрабавалі ўцячы, але праз некалькі крокаў упалі забітыя. Расстрэл пачаўся ў 9 і закончыўся ў 18 гадзін. Ён праходзіў без усякіх ускладненняў, пад­рыхтаваныя мерапрыемствы аказаліся вельмі мэтазгоднымі. Хатнія рэчы і сельскагаспадарчы інвентар былі забраны і адвезены павозкамі з хлебам.
Прыводжу колькасны вынік расстрэлаў. Расстраляна 705 чалавек, з іх мужчын – 203, жанчын – 372, дзяцей – 130.
Пры правядзенні аперацыі ў Борках зрасходавана 786 штук вінтовачных патронаў, патронаў для аўтаматаў – 2496 штук.
Страт у роце не было.
Мюлер, обер-лейтэнант і выконваючы абавязкі камандзіра роты.
Падрыхтавала Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: жывы сведка боркаўскай трагедыі Міхаіл Захаравіч ЯРМАЛЮК, якому цяпер 83 гады, а тады было 11.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 26.04.2014 г.

 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!