Працавік

Менавіта так ганарова называюць у СВК “Макраны” механізатара Васіля Навасадца

Яно і не дзіўна, бо ўсё жыццё гэтага сціплага і па-сапраўднаму руплівага земляроба, як гавораць, на вачах у аднавяскоўцаў. Людзі старэйшага пакалення памятаюць, як у Сцяпана Навасадца з Макран і яго жонкі Лізаветы родам з суседняй Украіны з’явіўся на свет хлопчык, якога нараклі Васілём. Памятаюць, як ён падрастаў, як разам з аднагодкамі гойсаў па вёсцы, а пазней, калі падрос – часта бачылі яго побач з бацькам, які працаваў трактарыстам, у кабіне маленькага Т-25. Многія ўжо тады заўважылі непадробную цікавасць хлопчыка да тэхнікі. Таму, калі пасля заканчэння 8 класаў мясцовай школы Васіль Навасадзец сабраўся паступаць у Маларыцкае СПТВ, ні для настаўнікаў, ні для сяброў гэта не стала навіной. А бацька ў душы толькі парадаваўся, значыць, не апусцее яго маленькая радзіма. Ды і прафесія механізатара ў вёсцы заўсёды лічылася пачэснай…
А далей у жыцці Васіля Навасадца ўсё было як у большасці вясковых хлопцаў таго часу. Тры гады вучобы ў вучылішчы механізацыі праляцелі нібы адно імгненне. І вось ужо ў мінулым засталіся цікавыя заняткі, шматлікія культурныя і спартыўныя мерапрыемствы, а ён з дыпломам трактарыста-машыніста прыйшоў на працу ў родны калгас. Праўда, ненадоўга, бо хутка яго разам з юнакамі-аднагодкамі прызвалі ў армію. Тэрміновую службу праходзіў ва Узбекістане. А праз два гады хлопец зноў вяртаецца на сваю маленькую радзіму, каб ужо больш ніколі не пакідаць яе.
Працаваць, як і бацькі, стаў у калгасе. Больш за трыццаць гадоў прайшло з таго часу. Мяняліся кіраўнікі гаспадаркі: цяперашні Леанід Селех – пяты на яго вяку, ды і сам калгас імя Кірава атрымаў новыя статус і назву — стаў сельскагаспадарчым вытворчым кааператывам “Макраны”, а Васіль Наваса­дзец, як і раней, працуе на зямлі. Праўда, зараз ён ужо не той малады і яшчэ нявопытны юнак, якім пачынаў тут сваю працоўную біяграфію, а сапраўдны аксакал сваёй справы. Дакладна ведае тэхніку, на якой працуе. Новую звычайна асвойвае сам. Лічыць, што пакуль сваімі рукамі не памацаеш кожны вузел трактара, не навучышся ім кіраваць. А яшчэ добра ведае ўсе тонкасці апрацоўкі глебы.
— Безадмоўны, сумленна і заўжды якасна выконвае любую работу, адным словам, працавік, — гаворыць пра механізатара старшыня сельгаскааператыву Леанід Селех. — Як лепшаму земляробу, выдзелілі яму нядаўна новы энерганасычаны трактар МТЗ 3522.
Дагэтуль Васіль Навасадзец працаваў на МТЗ 1221, на якім у час нарыхтоўкі кармоў перавозіў сянажную і сіласную масу, а ў жніво – прасаваў салому. У кабіне новага трактара сам устанавіў радыёпрыёмнік (каб не сумна было аднаму на аддаленым палетку – і музыку паслухае, і пра навіны апошнія даведаецца) і цяпер з ранку да вечара задзейнічаны на падрыхтоўцы глебы пад сяўбу яравых культур. Вось і падчас нашага прыезду ў гаспадарку ён араў раллю на прыгранічным з Украінай участку за вёскай Боркі. Люба-дорага было глядзець, як упэўнена вёў Васіль магутны МТЗ па полі, пакідаючы за плугамі роўныя чорныя пласты глебы.
— Зямлю трэба любіць і даглядаць. Толькі тады яна шчодра аддзячыць чалавеку, — упэўнены механізатар. І сам даглядае яе, як дзіця. Працуе так, каб не было сорамна ні перад аднавяскоўцамі, ні перад сям’ёй. Ніколі не лічыцца з асабістым часам. Можа і да двух гадзін ночы араць раллю, хоць ніхто гэтага ад яго не патрабуе. Сам жа тлумачыць гэта проста: каб не было затрымкі для выхаду ў поле сеяльных агрэгатаў. Маўляў, адпачну, калі атрымаецца. І напамінае народную прыказку пра веснавы дзень, які год корміць. Нездарма ж і Дзень працы адзначаецца 1 мая.
Што тычыцца сям’і Васіля Навасадца, дык ён, як і некалі яго бацька, ажаніўся з украінкай. Пазнаёміўся з Марыяй у вёсцы Тур, куды ў маладосці ездзіў у госці да родзічаў. Згулялі вяселле і пусцілі карані ў Макранах. Спачатку жылі ў бацькоўскім доме, пасля перасяліліся ў катэдж, які Навасадцам выдзеліла гаспадарка. Марыя працуе ў СВК даяркай. Як і яе муж, у кіраўніцтва сельгаскааператыву жанчына на добрым рахунку. У сям’і Навасадцаў дзве дачкі. Старэйшая Віка сёлета заканчвае 11 клас, малодшая Наташа – 10-ты.
Васіль прызнаўся, што менавіта вясна – яго любімая пара года. Ён хоць і не сентыментальны чалавек, ды не можа абыякава глядзець на тое, як вяртаюцца з выраю птушкі, як ажывае прырода, а разам з ёй і само жыццё. Бо яно пульсуе не толькі ў людскіх сэрцах, але і ў кожным маладзенькім лісточку на дрэвах, у кожнай палявой кветачцы. І не-не, ды й спыніць свой трактар на ўскрайку поля, выйдзе з кабіны і дакранецца рукой да ліпкіх яшчэ лісточкаў, каб адчуць нараджэнне новага жыцця… (на здымку).
Надзея ЯЦУРА.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 30.04.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!