“Вайной спапялёныя гады”

Так называецца выстава, якая нядаўна была арганізавана ў Маларыцкай ЦБС для чытачоў. Яна прымеркавана не толькі да Дня Перамогі, але і да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Ёсць дзве даты, якія назаўсёды ўпісаны крывёю ў гісторыю не толькі нашай краіны – 22 чэрвеня 1941 г. і 9 мая 1945 г. Іх раз’ядноўвае ажно 1418 невыносна цяжкіх, жахлівых дзён і начэй, абпаленых полымем і спапялёных бязлітаснай, разбуральнай і самай жорсткай вайной. А аб’ядноўвае гераічная і самаахвярная барацьба народаў былога Савецкага Саюза з фашысцкай Германіяй. За сваю будучыню, будучыню дзяцей, унукаў, за права жыць, працаваць, ствараць на свабоднай і вольнай зямлі, быць яе гаспадарамі. Менавіта пра гэта і расказвае выстава ў раённай бібліятэцы. Тут можна прачытаць аб трагічных падзеях Вялікай Айчыннай вайны, пагартаць фотаальбомы, кнігі-ўспаміны ветэранаў і тых, хто перажыў, выстаяў у гады акупацыі і дачакаўся светлага Дня Перамогі, перачытаць пісьмы з палёў баёў, драматургічныя творы сучасных беларускіх і расійскіх аўтараў пра Другую сусветную. Тут жа можна знайсці інфармацыю пра вызваленне Беларусі ад карычневай чумы, пра змаганне на франтах, пра стойкасць і мужнасць абаронцаў Брэсцкай крэпасці, партызанаў, падпольшчыкаў. Арганізатары таксама паклапаціліся, каб на выставе знайшлі адлюстраванне і падзеі ваеннага ліхалецця на Маларытчыне.
Выстава выклікала цікавасць у навед­вальнікаў бібліятэкі.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Людміла Андрайчук і Сяргей Антановіч знаёмяцца з матэрыяламі выставы “Вайной спапялёныя гады”, арганізаванай у раённай бібліятэцы.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 14.05.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!