“Міс Юнацтва-2014”

Словы “вясна” і “юнацтва” вельмі сугучныя. Час абнаўлення прыроды такі ж чароўны, як і ўзрост маладосці. А таму стала ўжо добрай традыцыяй кожную вясну праводзіць у раёне конкурс “Міс Юнацтва”. Сёлета яго ўдзельніцамі сталі дзесяць самых актыўных, прыгожых і харызматычных юных маларытчанак, якія вырашылі пазмагацца за тытул каралевы юнацтва нашага раёна.
Аксане Хоміч са Збуражскай школы, Анастасіі Стэльмашук і Аляксандры Сарока з СШ №1, Анастасіі Хапалюк з Велікарыцкай СШ, Валерыі Цалуйка і Маргарыце Салавей з раённай гімназіі, Анастасіі Пішчык з Хаціслаўскай СШ, Ірыне Гаркаўчук і Ірыне Дардзюк з Лукаўскай СШ і Марыне Ківачук з Мельніцкай БШ удзел у конкурсе даў магчымасць праявіць сябе, самазацвердзіцца, самім паверыць у свае сілы. А дзяўчат на шляху да перамогі чакала, між іншым, нямала выпрабаванняў. Кожнай трэба было здзі­віць журы і гледачоў сваёй самапрэзентацыяй, прадэманстраваць здольнасці і захапленні ў конкурсе “Вясёлка талентаў”. Сапраўдным шоу стаў конкурс “Тэатр мод”. Апрануўшыся ў касцюмы, зробленыя з паперы, старых фотаплёнак, магнітафонных лент, гумавых пальчатак і іншага нетрадыцыйнага матэрыялу, яны дэфіліравалі па сцэне пад дружныя апладысменты залы. Праявіць фантазію, кемлівасць і эрудыцыю давялося ўдзельніцам у конкурсе “Мой край”. Адшукаўшы касцюмы сваёй мясцовасці, дзяўчаты пастараліся пазнаёміць усіх з гісторыяй Маларытчыны, словамі, фотаздымкамі і відэапрэзентацыямі паказалі ўсю прыгажосць сваёй маленькай радзімы. Фіналам праграмы стаў “Парад кветак” – дэфіле з абавязковым атрыбутам – кветкамі.
Пад дружныя апладысменты дыпломы і падарункі атрымлівалі ўладальніцы тытулаў “Міс Арыгінальнасць”, “Міс Зачараванне”, “Міс Рамантычнасць”, “Міс Грацыя” і нават “Міс Беларусачка”. Самым хвалюючым быў момант, калі журы назвала імёны “Віцэ-міс Юнацтва” Аксаны Хоміч і “Міс Юнацтва — 2014” Валерыі Цалуйка. Яны атрымалі галоўныя прызы конкурсу. Між іншым, падарункі для дзяўчат падрыхтавалі шматлікія спонсары. Сярод іх прафесійны візажыст з горада Кобрына Вольга Таргоня, прадстаўнік карпарацыі прыгажосці і здароўя “TianDe”, якая зрабіла юным прыгажуням галоўны падарунак – паклапацілася пра іх макіяж, салон-магазін “Трафік”, раённы камітэт ГА “БРСМ”, а таксама дзіцяча-юнацкая спартыўная школа.
Добры настрой і ўдзельніцам конкурсу, і гледачам у зале, сярод якіх, між іншым, былі і госці з Кобрынскай раённай арганізацыі ГА “БРСМ”, дарылі юныя артысты.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: “Міс Юнацтва-2014” Валерыя Цалуйка.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 14.05.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!