Сагрэлі зраненыя сэрцы

У СШ №2 сумесна з Кобрынска-Маларыцкай міжраённай арга­нізацыйнай структурай ДТСААФ праводзіўся агляд строю “Парад юнаармейскіх атрадаў”. У ім прынялі ўдзел вучні 1-6 класаў. А гэта – 300 вучняў установы адукацыі. Кожны з 12 атрадаў, які ўдзельнічаў у аглядзе, прадэманстраваў уменне хадзіць у страі зладжана, прыгожа. Акрамя таго, юнаармейцам неабходна было выканаць патрыятычную песню. У склад журы ўваходзілі таксама і ветэраны.
Таму мерапрыемства пачалося з таго, што практычна ўсе вучні, удзельнікі агляду, уручылі паважаным гасцям кветкі, галінкі бэзу…
– Мы адразу адчулі цеплыню іх сэрцаў, – кажа Мікалай Наўрось.
– На мерапрыемства было запрошана 11 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, – гаворыць Любоў Куц, дырэктар СШ №2. – Аднак здолелі прыйсці толькі чацвёра. Гэта – Марыя Пятроўна Струк, Мікалай Пятровіч Наўрось, Фёдар Фёдаравіч Сацюк і Іван Емяльянавіч Шыцікаў. Астатнім, хто не змог прыйсці, падарункі завезлі дамоў і ўручылі намеснік дырэктара школы Віталь Бенясюк і выхавальнік Кацярына Алесік. Кожны з ветэранаў – па-свойму герой, а іх жыццё – своеасаблівы подзвіг. Дзіцячы парад перамогі, які мы правялі, – гэта своеасаблівы падарунак паважаным ветэранам.Маладое пакаленне павінна ведаць і памятаць мінулае нашай краіны, імёны тых, хто змагаўся за будучыню Радзімы.
…Любоў Васільеўна аб’яўляе пераможцаў. Імі сталі вучні 5 “Б”, 2 “Б”, 3 “А” класаў. Ім і былі ўручаны прыз і Дыпломы ДТСААФ. Журы таксама адзначыла выступленне і 4 “А” класа. Акрамя таго, усе ўдзельнікі агляду атрымалі салодкія прызы.
Пасля гэтага ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і вучні 7-11 класаў былі запрошаны ў актавую залу школы на ўрачыстае мерапрыемства “Перамогу святкуе дзяржава”. У час яго ветэранам былі ўручаны падарункі ад ДТСААФ і СШ № 2.
Крыху пазней ветэраны ўручылі білеты ДТСААФ новым членам арганізацыі.
* * *
У гэты ж дзень, у другой палове, вучні ўстаноў адукацыі горада пабывалі ў раённай гімназі на выступленні камернага аркестра Брэсцкай абласной філармоніі пад кіраўніцтвам Аляксандра Мартыненкі. Увазе прысутных музыканты прапанавалі канцэртную праграму “Апетая песняй Перамога”.
Мікалай Навумчык.
На здымку:  падарункі ветэранам уручае старшыня Маларыцкай МРАС ДТСААФ Валянціна КОЗАК.
Фота аўтара.

Опубликовано в “ГЧ” 17.05.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий