Проста “Мары”

У памяшканні былога інтэрната былога кааператыўнага вучылішча па вул. Чкалава ў Маларыце працуе прыватная цырульня “Мары”
Марыя Абрамчук прак­тычным навыкам цы­рульніка вучылася ў высока­кваліфікаваных майстроў, якіх тады добра ведалі амаль усе жанчыны ў нашым невялікім горадзе і да якіх звычайна выстройваліся вялікія чэргі. Гэта сёстры Людміла і Алена Новікавы. На той час яны працавалі ў жаночай зале цырульні Дома быту.
— Я вельмі ўдзячна гэтым майстрам, — кажа Марыя Андрэеўна, — асабліва Алене. Дзякуючы ёй я палюбіла прафесію цырульніка. Мена­віта Алена дапамагала мне адшліфоўваць сваё майстэрства.
— А што Вы лічыце галоўным у прафесіі цырульніка?
— Мне здаецца, найперш трэба ўмець абыходзіцца з людзьмі, умець “адкрыць” кожнага кліента, каб ён не саромеючыся мог шчыра падзяліцца з цырульнікам сваімі жаданнямі, а, калі трэба, прыслухацца і да парад майстра. Да прыкладу, кліент просіць супер модную прычоску, але я бачу, што, у сілу асаблівасцей яго твару, астатніх знешніх дадзеных, такі стыль яму не падыходзіць. Стараюся пераканаць. І як прыемна, што ў канчатковым выніку мы сыходзімся на адным, а самае галоўнае – кліент пакідае залу задаволеным.
— Як Вы лічыце, што дае чалавеку ўдала падабраная прычоска?
— Найперш, добры найстрой, упэўненасць у сабе, унутраны камфорт.
— Мода –зменлівая. І каб не адстаць ад яе, цырульніку трэба цікавіцца навінкамі, пастаянна самаўдасканальвацца. Ці не так?
— Правільна. Калі майстар-цырульнік не будзе рабіць гэта, ён не зможа быць нароўні з кліентам. А ён, кліент, цяпер вельмі і вельмі адукаваны. Вось і я па ўласнай ініцыятыве за свой кошт паехала на спецыяльныя курсы па ўдасканальванні прафесійнага майстэрства. Цяпер маю 5 разрад. Такая вучоба перыядычна проста неабходная, яна многае дае, асабліва ў плане практычных парад і падказак.
— Ці не баяліся адкрываць сваю справу?
— Доўга сумнявалася: адкрываць-не адкрываць, але, у рэшце рэшт, рызыкнула. І хоць таго энтузіязму, што быў у самым пачатку, калі ідэя толькі зараджалася, затым стала менш (надта ўжо шмат клопатаў, розных папер трэба аформіць), але не шкадую, што рызыкнула. Ва ўсякім выпадку, у мяне ёсць любімая справа, свае кліенты, многія з якіх абслугоўваюцца ў мяне пастаянна і даўно.
— Мяркуючы па ўтуль­насці ў зале і па тым, як яна аформлена, можна зрабіць вывад, што рамонт тут рабіў чалавек не без густу. Вам нехта дапамагаў з дызайнам у зале?
— Усё рабіла сваімі рукамі, сама, на свой густ. Як атрымалася, меркаваць не мне, кліенты кажуць, што ім падабаецца, што ўсё вельмі цудоўна. Зрэшты, я ж для іх і старалася, бо глыбока пераканана, што немалаважную ролю адыгрываюць не толькі ветлівасць цырульніка ці культура абслугоўвання, прафесійнае майстэрства, але і ўмовы, у якіх цябе абслугоўваюць. Жывем жа мы ў ХХІ стагоддзі, у цывілізаваным грамадстве, таму заканамерна, што ўмовы павінны адпавядаць цяперашнім стандартам. Маю на ўвазе не толькі ўтульнасць у зале, але і наяўнасць прафесійнага абсталявання.
— Думаю, што і Вам, як і многім іншым пачынаючым прадпрымальнікам, у нечым дапамагала дзяржава?
— Безумоўна. Я атрымала субсідыю, за што вельмі ўдзячная і дзяржаве, і прад­стаўнікам мясцовай улады.
— Назву цырульні прыду­малі самі?
— Мне не хацелася арыгі­нальнічаць, нешта выдумляць, спынілася на самым простым, сугучным майму імені — “Мары”.
— Што ж, жадаем Вам поспехаў, удзячных кліен­таў, творчага натхнення, задум і ўсяго толькі самага добрага.
— Дзякую.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: гаспадыня “Мары” Марыя Андрэеўна АБРАМЧУК.
Фота Мікалая НАВУМЧЫКА.

Опубликовано в «ГЧ» 21.05.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!