У што верыць не хочацца

Маларыта лічыцца ціхім правінцыйным гарадком са сваім размераным і спакойным жыццём. Аднак у апошні час негатыўныя тэндэнцыі, што назіраюцца ў свеце, на жаль, дакаціліся і да нашага райцэнтра. Апошняе таму пацвярджэнне – з’яўленне спайсаў.
Spice (“спайс”) – курыльная сумесь, якая апрацавана тым ці іншым наркатычным рэчывам.
— Уплыў спайсаў, як і любога наркатычнага рэчыва, абумоўліваецца простым механізмам, — кажа Андрэй Гапонік, выконваючы абавязкі старшага інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх. — Калі чалавек ужывае невялікую колькасць сумесі, арганізм уключае рэжым “актывацыі” і спрабуе вывесці шкодныя таксічныя рэчывы. У гэты момант адчуваецца прыліў энергіі, бадзёрасці, весялосці, настрой значна паляпшаецца. Калі колькасць наркатычных элементаў павялічваецца, дзейнасць арганізма затарможваецца як спосаб самаабароны і ўласнай захаванасці. Пры гэтым пакутуе ўвесь арганізм. Вельмі згубна ўздзейнічае курэнне спайса на мозг. Капіляры яго, спрабуючы не прапусціць атруту, рэзка звужаюцца. У выніку кроў проста не можа забяспечваць мозг кіслародам. Як і любыя іншыя клеткі, яго клеткі, пазбаўленыя кіслароду, проста гінуць. Менавіта гэты эфект і падабаецца падлеткам — узнікае адчуванне лёгкасці і бесклапотнасці. Ужыванне спайсаў прыводзіць да імгненнага развіцця залежнасці. Пры адным ці двухразовым ужыванні развіваецца псіхалагічная залежнасць, а праз 2-3 месяцы — фізічная.
У першую чаргу ад ужывання падобных сумесяў для курэння пакутуе чалавечая псіхіка, уздзеянне на яе аказваецца такім жа, як і пры ўжыванні моцнадзеючых наркатычных рэчываў. Пры частым ужыванні “спайса” з’яўляюцца галюцынацыі, трывога, ваніты, пачуццё панічнага страху, парушаюцца біялагічныя абменныя працэсы, пагаршаецца памяць, увага і разумовыя здольнасці. Асоба паступова дэградуе. Чалавек ператвараецца ў зомбі. Яму ні да чаго і ні да каго ўжо няма справы.
У адрозненне ад раслінных прэпаратаў, дзеянне курыльных міксаў на чалавечы арганізм у 5-10 разоў больш моцнае. Практычна адразу пасля іх прыняцця ўзнікаюць галюцынацыі, якія могуць прывесці да трагічных наступстваў. Бяда заключаецца яшчэ і ў тым, што спайсы для курэння становяцца першым крокам на шляху пераходу да больш цяжкіх наркотыкаў.
— Андрэй Міхайлавіч, спайсы ў Беларусі забаронены да распаўсюджвання?
— Так. Адпаведныя змяненні былі ўнесены ў закон “Аб наркатычных сродках, псіхатропных рэчывах, іх прэкурсорах і аналагах”. Згодна з ім, выдзелена 14 відаў аналагаў, за абарот якіх прадугле­джана такая ж самая адказнасць, як і за распаўсюджванне наркотыкаў. За выраб, распаўсюджванне і захоўванне курыльных сумесяў згодна з артыкулам 328 Крымінальнага кодэкса прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да 15 гадоў. Па звестках, якімі мы валодаем, за адзін грам спайса прадавец просіць ад 60 да 90 тысяч беларускіх рублёў.
— Андрэй Міхайлавіч, калі спайсы з’явіліся на тэрыторыі раёна?
— Афіцыйна на Маларытчыне яны з’явіліся ў 2013 г. Устаноўлена, што падлетак на дыскатэках збываў курыльныя сумесі і марыхуану ў Маларыце. Спайсы ён набываў у Брэсце, да нас прывозіў прадаваць. Тавар карыстаўся попытам. У цяперашні час дзейнасць распаўсюджвальніка і спажыўца спынена. Ён прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Нядаўна па аператыўнай інфармацыі ў РАУС было дастаўлена 5 чалавек ва ўзросце ад 14 да 19 гадоў. Цяпер праводзяцца праверка, дадатковае абследаванне. Папярэдне 2 чалавекі падазраюцца ва ўжыванні наркотыкаў групы спайсаў. Акрамя таго, у в.Масевічы група, куды ўваходзілі падлеткі і моладзь, некаторы час прывозіла і распаўсюджвала наркотыкі. Іх дзейнасць на сённяшні дзень таксама спынена. Група гэтых грамадзян прыцягнута да крымінальнай адказнасці. Цяпер у нас на ўліку стаіць 7 наркаманаў. Самаму маладому – 26 гадоў. На жаль, ёсць таксама і таксікаманы.
Па статыстыцы 60% упершыню “спрабуюць” наркотыкі ў знаёмых, 20% — на кватэры ў наркамана, 12% — на дыскатэках.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Андрэй Гапонік, выконваючы абавязкі старшага інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 28.05.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!