Ідзіце дарогай дабра

Для 230 адзінаццацікласнікаў раёна, як і для ўсіх выпускнікоў сярэдніх навучальных устаноў рэспублікі, прагучаў апошні школьны званок

Меладычны і такі родны, гэты атрыбут школьнага жыцця за гады вучобы стаў неад’емнай часткай жыцця і для сямі выпускнікоў Макранскай сярэдняй школы. І хоць наперадзе яшчэ экзамены і выпускны баль, школьны званок больш не пакліча іх на ўрокі…
А мінулы аўторак для шасці дзяўчат і аднаго юнака 11-га класа быў яшчэ звычайным школьным днём. І яны разам з іншымі вучнямі актыўна ўдзельнічалі ў перадапошнім у сваім жыцці школьным мерапрыемстве.
Глядзельнай залай і сцэнай для яго правядзення стала спартыўная зала. Менавіта сюды на “Свята гонару школы” сабраліся ўсе яе вучні, бацькі і настаўнікі, каб ушанаваць выдатнікаў вучобы. А іх сёлета ў Макранскай сярэдняй школе аж 13! Сярод самых лепшых і адораных адзінаццацікласніцы Ганна Марцінкевіч, Вікторыя Навасадзец, Юлія Манчук, дзесяцікласніцы Лілія Сцепанюк, Наталля Навасадзец, Марына Дземенцяюк, дзевяцікласнік Дзмітрый Горнік, сямікласніца Вікторыя Галацэвіч, пяцікласнік Уладзіслаў Скрыпчук, чацвёртакласнікі Антон Скрыпчук, Настасся Шынкарук, Карына Літвін, трэцякласніца Кацярына Дземенцяюк. Усе яны адзначаны граматамі, дыпломамі і салодкімі падарункамі.
Разам з выдатнікамі дырэктар школы Валянціна Літвін ушаноўвала і іх матуль, якія з дзецьмі падымаліся на сцэну, дзякавала за тое, што выхоўваюць годных грамадзян Рэспублікі Беларусь – адукаваных, працавітых і актыўных. Цеплынёй, пяшчотай і гонарам за сваіх крывіначак поўніліся сэрцы жанчын-маці, калі з рук кіраўніка навучальнай установы атрымлівалі кветкі. І няхай іх дзеці пакуль яшчэ толькі школьнікі, сапраўднымі грамадзянамі яны стануць пазней, калі набудуць прафесію і вызначацца ў жыцці, зараз яны лепшыя. У сем’ях Навасадцаў, Скрыпчукоў і Дземенцяюкоў выдатнікаў па двое.
На “Свяце гонару школы” былі ўшанаваны таксама лепшыя спарт­смены, прызёры прадметных алімпіяд, іншых раённых конкурсаў. Тым вучням, хто атрымаў пашпарты, настаўнік гісторыі Аляксандр Піпко ў падарунак уручыў кнігу “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”. Ну, а лепшай вучаніцай школы стала выдатніца і проста прыгажуня дзесяцікласніца Наталля Навасадзец.
… Амаль дзве гадзіны доўжылася свята, на якім было шмат кветак, дыпломаў, грамат і цёплых слоў у адрас вучняў, іх бацькоў і настаўнікаў, гучалі вершы і песні. Для выпускнікоў яно стала развітальным акордам ў доўгім школьным жыцці, для астатніх вучняў – прадвеснікам вясёлых летніх канікулаў, а для мяне — светлым напамінам пра незабыўныя школьныя гады, пра аднакласнікаў і любімых настаўнікаў…
Надзея ЯЦУРА.
На здымку: выдатная трынаццатка.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 31.05.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!