Кожны заслугоўваў ордэн

Брэстаўчаніну Уладзіміру Сяргеевічу Клугіну 83 гады. З іх амаль 15 ён аддаў Маларытчыне. 4 красавіка 1960г. ён быў назначаны сакратаром РК КПБ і членам бюро райкама партыі, 17 жніўня 1961г. – другім сакратаром райкама, а з 6 мая 1970г. па 9 чэрвеня 1982г. працаваў старшынёй Маларыцкага райвыканкама.

На думку Уладзіміра Сяргеевіча, гэта быў час, калі Маларыцкі раён хутка змяняўся ў лепшы бок ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Хоць не ўсё так лёгка і проста давалася. Цяжкасці існавалі, і не малыя, але іх імкнуліся разам пераадолець. У сакавіку 1965 г. пленум ЦК КПСС разгледзеў пытанні развіцця сельскай гаспадаркі. На аснове яго рашэнняў у рэгіёны сталі накіроўваць грашовыя сродкі, каб прывесці ў належны стан зямельныя ўгоддзі. У раёне тады разам з лясамі ўсяго налічвалася 100 тыс. га зямель, але толькі 15 тыс. га раллі з 60 тыс. га сенажаці. У 70-я гады на Маларытчыне асушылі 34 тыс. га забалочаных зямель.

Інтэнсіўна вялося будаўніцтва механізаваных майстэрняў на 25 умоўных рамонтаў у калгасах. Амаль на кожнай цэнтральнай сядзібе гаспадарак  былі пабудаваны тыпавыя магазіны на 2 рабочыя месцы, а ў Арэхаве, Олтушы і Пажэжыне – на 4, абавязкова там працаваў і комплексны прыёмны пункт. Партыя ставіла пытанне, каб у кожнай вялікай вёсцы адкрылі сталовую, лазнева-пральны камбінат і нават рэстаран. Больш таго, прадугледжвалася функцыяніраванне гасцініц. Яны на Маларытчыне працавалі ў Хаціславе, невялікія – у Олтушы і Арэхаве. Ішло будаўніцтва новых школ.

Выдатныя тыпавыя будынкі ўстаноў адукацыі з’явіліся ў Радзежы, Пажэжыне, Чарнянах, Олтушы. А ў Ляхаўцах школу будавалі за грошы мясцовага бюджэту. Адначасова ўзводзіліся 4-кватэрныя дамы для настаўнікаў у згаданых вёсках.

— Калі я прыйшоў працаваць у Маларыту, — успамінае Уладзімір Сяргеевіч Клугін, — то адзін дзіцячы сад на раён функцыяніраваў толькі ў калгасе “Бальшавік” (в. Гвозніца). Ды і то ў ім было мала дзяцей. Бацькі чамусьці не хацелі аддаваць туды сваіх малых. А на пачатку 80-ых тыпавыя будынкі дашкольных устаноў на 50 месцаў працавалі  амаль у кожным калгасе, а ў Хаціславе – на 90. Кожная гаспадарка мела аўтобус (у Хаціславе — 2) для падвозу дзяцей. Усе дзіцячыя сады былі на балансе калгасаў.

Не была абдзелена ўвагай і культура. Будынкі ДК з’явіліся ў Збуражы і Макранах на 300 пасадачных месцаў, а таксама ў Арэхаве, Чарнянах, Ланской, у 1982г. у эксплуатацыю быў здадзены ГДК у Маларыце.

Наладжваўся і быт людзей не толькі ў гора­дзе, але і ў вёсцы. Пра гэта, па словах Уладзіміра Сяргеевіча, сведчыць той факт, што з’явіліся радыё, электрычнасць. Паступова людзі набывалі тэлевізары, халадзільнікі. У Маларыце першымі спачатку заасфальтавалі толькі вуліцы Савецкая і Піянерская, астатнія мелі гравійнае пакрыццё ці брукаванку. Наогул, першыя камунікацыі ў горадзе (каналізацыя, водаправод) з’явіліся прыблізна ў 1961-1962 гг., тады трэба было будаваць дамы афіцэрскага саставу (ДАСы). Шматпавярховыя дамы сталі ўзводзіцца ў пачатку 70-х.

— І яшчэ адзін немалаважны факт, — дадае былы старшыня выканкама. – Калі на канец 60-х раён здаваў дзяржаве за год 3 тыс. тоны мяса і 6-7 тыс. тон малака, а валавы збор зерня складаў 18-19 тыс. тон, то ў пачатку 80-х лічбы былі іншымі: амаль 7 тыс. тон мяса, 20 тыс. тон малака, валавы збор зерня даходзіў да 26-28 тыс. тон. Прырост значны. Гэта вынік таго, што паляпшаліся ўмовы працы, абнаўляўся і павялічваўся статак, на фермах ўкаранялася механізацыя, раён пастаянна папаўняўся сельскагаспадарчай тэхнікай. А самае галоўнае – самааддана працавалі людзі. Кожны з іх заслугоўваў ордэн…

Мікалай Навумчык.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!