Маларытчына – жамчужына Беларусі
У мінскім выдавецтве “Рыфтур” убачыў свет даведнік для турыстаў па нашым раёне “Некалькі дзён на Маларытчыне”. Ён выдадзены ў серыі “Жамчужыны Беларусі” па заказу аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама тыражом адна тысяча экзэмпляраў. На 50 яго старонках, якія багата ілюстраваны фотаздымкамі, змяшчаецца інфармацыя пра герб горада, асноўныя старонкі гісторыі рэгіёна, турыстычныя маршруты, што пракладзены па тэрыторыі раёна. Акрамя таго, у даведніку змяшчаецца карта Маларытчыны. Тут турыст знойдзе адрасы месцаў, дзе можна адпачыць і пахарчавацца. Выданне таксама змяшчае інфармацыю пра лячэбна-прафілактычныя ўстановы Маларыцкага раёна, паслугі, якія аказваюцца ў іх грамадзянам Беларусі і замежным гасцям. Даведнік знаёміць з аб’ектамі культуры і спорту, некаторымі помнікамі архітэктуры, заказнікамі, якія ёсць на тэрыторыі раёна, знакамітымі людзьмі.
Выданне “Некалькі дзён на Маларытчыне” разлічана на тых, хто наведвае наш раён упершыню. Гасцям даведнік дае агульнае ўяўленне пра наш рэгіён, яго асаблівасці, прыродныя і матэрыяльныя багацці. Гэта, між іншым, чарговае выданне, прысвечанае Маларытчыне. У 2008 г. у выдавецтве ТДА “Інфармацыйна-рэкламнае агенцтва “Паляшук” убачыў свет фотаальбом на рускай і англійскай мовах “Маларыта і яе ваколіцы” (тыраж 1 тысяча экзэмпляраў). У 2010 г. ТАА “Рэкламна-інфармацыйнае агенцтва “Вячэрні Брэст” выпусціла на рускай і англійскай мовах фотаальбом “Маларыта і ваколіцы” (тыраж – 3 тысячы экзэмпляраў).
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: вокладка даведніка для турыстаў раёна “Некалькі дзён на Маларытчыне”.
Фота аўтара.
Опубликовано в “ГЧ” 11.06.2014 г.