Нам нельга адзін без аднаго…

На райвузле паштовай сувязі прайшоў абласны Дзень падпісчыка
У 9 гадзін ранку ў трэцім гарадскім аддзяленні сувязі было ўжо шматлюдна. Адной з першых да століка, дзе падпіску на перыядычныя выданні афармляла навучэнка Брэсцкага каледжа сувязі Кацярына Нікіцюк, што праходзіць тут практыку, падышла 72-гадовая маларытчанка Ніна Пятроўна Юран і падпісалася на раённую газету “Голас часу”.
— Сябрую з “раёнкай” даўно. Люблю чытаць артыкулы на духоўныя тэмы. Вельмі добра, што выходзіць старонка “Дабравест”. Многае змяняецца ў нашым жыцці, але маральныя каштоўнасці застаюцца нязменнымі перад заўтрашнім днём.
Такая філасофія нашай чытачкі не можа пакінуць абыякавым журналіста, любога аўтара, чыё дыханне часу адлюстроўваецца на старонках “раёнкі”. Даражыць павагай сваіх чытачоў, іх выбарам, значыць, быць разам з імі, слухаць, чуць і быць пачутымі.
Журналістам “Голасу часу”, якія прынялі ўдзел у Дні падпісчыка, а ў той дзень у трэцім гарадскім аддзяленні на “раёнку” падпісаліся 78 чалавек, было важна прыслухацца да настрою чытача.
Дзень падпісчыка вельмі зручны момант пазносіцца з нашымі сябрамі, тымі, хто пастаянна чытае наш “прадукт”. І на гэты раз яны былі шчырымі і не скупіліся на ацэнку нашай далёка не бязвоблачнай і толькі часткова рамантычнай, як здаецца з боку, працы. Свой інтарэс чытачы выказвалі не толькі да газеты, але і наогул, да грамадскага жыцця.
Чытачка з вялікім стажам Кацярына Мікалаеўна Максімук шчыра прызнавалася:
— Газета для мяне – гэта бюро даведак, у якім я магу знайсці адказы на ўсе пытанні. Вельмі люблю чытаць пра вяскоўцаў. А ў адным з нумароў так зачаравалася здымкам, дзе сфатаграфаваны пажылы мужчына з в. Дрочава ра­зам са сваёй каровай на ўласным падворку. Цяпер такое рэдка сустрэнеш: гэтую жывёліну хутка ў Чырвоную кнігу занясуць…
Любіць чытаць пра вяскоўцаў і наша падпісчыца, работніца райбальніцы Галіна Міхайлаўна Назарук:
— Сама я родам з вёскі, хаця большую частку жыву ў горадзе. Аднак матэрыялы на гэтую тэму шчымяць душу. Вёска, якая нас выгадавала, гэта нешта святое… З цікавасцю чытаю на старонках газеты пра нашых чыноўнікаў пад рубрыкай “Глядзіце, хто прыйшоў”.
Еўдакія Сцяпанаўна Андрэйчук, чый чытацкі стаж вымяраецца не адным дзе­сяцігоддзем, шчыра дзякавала работнікам пяра за тое, што яны заўжды суперажываюць, саўдзельнічаюць, выказваюць сваю думку, дапамагаюць вырашаць людскія праблемы. А яшчэ Еўдакія Сцяпанаўна прасіла выказаць вялікую падзяку цудоўнаму паштальёну – Ніне Корань, што мы з задавальненнем і робім.
Зваротная сувязь з чытачом, напэўна, самая важная ў газетнай справе, бо мы ж пішам для яго. І наколькі актыўна ён адгукаецца на публікацыі, крытыкуе, выказвае падзяку і боль выплёсквае, — усё гэта з’яўляецца сутнасцю рэдакцыйнай работы. Ад сувязі “чытач-газета” карысць самой рэдакцыі, бо ўзбуджаецца інтарэс да газеты. Такім чынам, нам не жыць адзін без аднаго. Мы дзякуем за вернасць і адданасць газеце падпісчыкам са стажам і вітаем новых, якіх у той дзень газета набыла нямала.
Усе, хто зрабіў выбар на карысць “раёнкі”, іншых перыядычных выданняў, у Дзень падпісчыка атрымалі сувеніры ад “Голасу часу” і вузла паштовай сувязі.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: у час Дня падпісчыка.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 14.06.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!