15 чэрвеня — Дзень медыцынскіх работнікаў

Мастацтва лячыць людзей? Адно з самых складаных і адказных, не заўсёды ўдзячных, але заўсёды высакародных. Асабліва, калі прафесія выбрана не па статусу, а па прызванню.
…Калі выпускніца Пінскага медвучылішча Настасся Астапук атрымала размеркаванне ў Маларыцкі раён, папрасіла накіраваць яе на работу ў Велікарыцкую ўчастковую бальніцу.
— Там былі вакансіі, — успамінае Настасся Герасімаўна, — і мне хацелася “набіць” руку ў сваёй прафесіі менавіта ва ўніверсальнай бальніцы, якой і лічыцца ўчастковая бальніца. Працавала і палатнаю медсястрою, і працэдурнай, і ўчастковай, калі трэба было, і старшую медсястру замяняла. Бальніца размяшчалася побач з ажыўленай трасай, — кажа Настасся Герасімаўна, — таму заезджых пацыентаў, хто меў патрэбу ў неадкладнай медыцынскай дапамозе, было нямала. А калі бяда здараецца, скажам, ноччу, і ў бальніцы ты застаешся адзін, можна ўявіць, якая вялікая адказнасць кладзецца на цябе. Ніколі не забуду такі выпадак, — працягвала далей Настасся Герасімаўна. – Сям’я з Брэста ехала ў госці на Украіну. Прыносяць у бальніцу 10-месячную дзяўчынку. Уся бледная, па расказах родных, па дарозе ў яе былі дрыжыкі. Была тады нядзеля. Доктар на выхадным, а я дзяжурыла адна. Трэба было прымаць экстраннае рашэнне. Гляджу, родзічы дзяўчынкі разгубленыя, усхваляваныя, плачуць. А вазьмі яшчэ і мне разгубіся… І першае, што зрабіла, змерала малой тэмпературу: 41 градус. Я хутчэй ёй “троечку” ўвяла, гляджу, у маёй малой пацыентачкі ўжо і шчочкі паружавелі.
А колькі пакалечаных пасля аварый прывозілі!? Ці пасля ўкусаў змей, сабак. А колькі з бытавымі траўмамі.
Доктар ад Бога, цудоўны чалавек і тады кіраўнік Велікарыцкай участковай бальніцы Міхаіл Пятровіч Чарных, — успамінала Настасся Герасімаўна, — нас заўсёды так вучыў: “У экстранных сітуацыях важна не разгубіцца і аказаць першую медыцынскую дапамогу, а затым думаць пра кваліфікаваную”. Быў і такі выпадак. Да нас пастаянна прыязджаў урач-тэрапеўт з райбальніцы. А ў той дзень, хаця мы яго і чакалі, не прыехаў. У аднаго з хворых адкрыўся крывацёк. Што рабіць? Глянула ў анамнез, прачытала дыягназ: “Язва”. Аказала першую медыцынскую дапамогу, а затым выклікала “хуткую”. Хворага своечасова пра­аперыравалі, ён у хуткім часе паправіўся.
Настасся Герасімаўна Астапук можа шмат пры­водзіць падобных прыкладаў, бо за шматгадовую медсястрынскую практыку ёй давялося многае пабачыць і многа каго ратаваць.
— Кожны раз, калі прывозілі хворага чалавека, у мяне адразу балела душа, мне яго было шкада, і я старалася прымяніць усе свае веды, каб аблегчыць яго пакуты. І сёння, калі апранаю белы халат, усякі раз думаю: няма большай адказнасці, чым у медыцынскага работніка.
Настасся Герасімаўна Астапук і сёння працуе ў Велікарыцкай бальніцы, дзе некалі пачынала свой працоўны стаж і дзе адпрацавала амаль 40 год. Праўда, яна медсястра ў бальніцы сястрынскага догляду, пацыентамі якой з’яўляюцца адзінокія састарэлыя людзі.
— Гэта асобы кантынгент, — кажа Настасся Герасімаўна. – Часта не таблетка такому хвораму патрэбна, а добрае слова, шчырая ўсмешка, увага. Бывае, нейкую гіс­торыю смешную раскажаш – і пра хваробы свае бабулька ўжо не ўспамінае.
Адкуль у гэтай жанчыны бяруцца душэўныя сілы: сірата, 13 год таму назад засталася ўдавой.
— А мне душэўныя сілы даюць дзеці і ўнукі, — кажа Настасся Герасімаўна. – І сыны добрымі выраслі, і нявесткі мне, як родныя дочкі, і ўнукамі не магу нацешыцца.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: медсястра Велікарыцкай бальніцы сястрынскага догляду Настасся АСТАПУК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

 

Любоў Пятроўну Струнец і Ірыну Іванаўну Шалашову, памочніка ўрача-гігіеніста і памочніка ўрача-паразітолага раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, добра ведаюць у нашым горадзе і раёне. Бо працуюць гэтыя спецыялісты ў РЦГіЭ даўно: Любоў Пятроўна — амаль 40 год, Ірына Іванаўна – больш за 20. Вопытныя, кампетэнтныя, прынцыповыя і адказныя – гэтых якасцей дастаткова, каб запісаць іх у разрад высакакласных спецыялістаў.
Кіраўніцтва раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі не раз выказвала Ірыне Іванаўне падзякі, заахвочвала прэміямі, а Любоў Пятроўна ў 1998 годзе была ўдастоена ганаровага звання “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”. Яна больш за 10 год узначальвае прафсаюзную арганізацыю РЦГіЭ.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: Ірына ШАЛАШОВА і Любоў СТРУНЕЦ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

 

Опубликовано в «ГЧ» 14.06.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!