Між намі і імі вечная сувязь

У рамках рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Наследнікі Вялікай Перамогі”, прысвечанай 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, у мінулую пятніцу ў Маларыце пабывалі ўдзельнікі абласнога аўтапрабегу “Дарогамі вызваліцеляў”
Гэта быў перадапошні прыпынак пяцідзённага аўтапрабегу, які стартаваў у абласным цэнтры 23 чэрвеня і прайшоў па ўсіх раёнах Брэстчыны. Вечарам таго ж дня аўтапрабег, ініцыятарам якога стаў абласны савет ДТСААФ, фінішаваў у Брэсцкай крэпасці, дзе яго ўдзельнікі разам з прадстаўнікамі аблвыканкама, абласных саветаў грамадскіх арганізацый усклалі кветкі да Вечнага агню.
А апоўдні ўдзельнікі аўтапрабегу прыбылі у райцэнтр. Усяго на некалькі хвілін спыніўся мікрааўтобус з удзельнікамі мерапрыемства на ўездзе ў горад, дзе іх чакалі маларытчане. Сустракалі гасцей, як і належыць сапраўдным гаспадарам, з хлебам-соллю. Балетмайстар ГДК Зоя Аўдзяюк у шыкоўным касцюме маларыцкага строю цёпла прывітала ўдзельнікаў аўтапрабегу і паднесла прадстаўніцы абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Таісіі Козыр-Паўлоўскай пышны духмяны каравай. Здымак на памяць, і мікрааўтобус у суправаджэнні гаспадароў накіроўваецца да помніка загінуўшым маларытчанам на супрацьлеглым канцы горада.
На мітынг, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспуб­лікі Беларусь, які адзначаецца ў краіне 3 ліпеня – у дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх акупантаў Мінска, акрамя ўдзельнікаў аўтапрабегу сабраліся школьнікі, прадстаўнікі раённай улады, царквы, грамадскасць. А інакш і не магло быць, бо, як зазначыў, звяртаючыся да прысутных, старшыня райвыканкама Казімір Лапіч, дата 3 ліпеня 1944 года стала важнай вехай у жыцці кожнага беларуса, яна звязала ў адзінае цэлае словы “Вызваленне. Перамога. Незалежнасць”.
Нібы набат гучаць у наваколлі помніка назвы вёсак, якія былі спалены на Маларытчыне падчас нямецка-фашысцкай акупацыі разам з жыхарамі: Радзеж, Навалессе, Гвозніца, Хмелішча, Забалацце, Боркі… Пра гэта нельга забываць. Як нельга забываць і пра подзвіг савецкага народа ў самай страшнай вайне ХХ стагоддзя. Бо толькі дзякуючы мужнасці вядомых і невядомых герояў, якія вызвалялі радзіму ад карычневай чумы, а пасля самаадданай працай адраджалі разбураныя гарады і вёскі, мы можам сёння жыць пад мірным блакітным небам, радавацца сонцу, кахаць, выхоўваць дзяцей. На жаль, так мала тых герояў засталося ў жывых…
Сярод тых, хто каваў Перамогу, былі і Васіль Піліпавіч Маркаў, Мікалай Пятровіч Наўрось, Марыя Пятроўна Струк, Іван Емяльянавіч Шыцікаў. Ім падчас мітынгу старшыня райвыканкама Казімір Лапіч і ваенны камісар Алег Шышацкі ўручылі юбілейны медаль “ 70 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” і каштоўныя падарункі. Назіраючы за гэтымі ўбе­ленымі сівізной людзьмі, адзначаю, як пастарэлі ветэраны за апошнія гады, як цяжка ім гаварыць, а перад вачыма паўстае воблік яшчэ адной удзельніцы вайны, маленькай кволай жанчыны з моцным характарам, Тамары Мікалаеўны Феафілавай… І няхай яна пакінула ўжо гэтую зямлю, за незалежнасць якой змагалася, памяць пра яе жыве. Спадзяюся, што не толькі ў маім сэрцы. А яшчэ спа­дзяюся, што будзе яна жыць і ў сэрцах тых хлопчыкаў і дзяўчынак, наследнікаў Вялікай Перамогі, якія, затаіўшы дыханне, слухалі выступленні ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Васіля Маркава, благачыннага цэркваў раёна протаіерэя айца Віктара, удзельнікаў аўтапрабегу Аляксандра Самойлава з абласнога ваеннага камісарыята, Уладзіміра Цыбаева з абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. Не ведаю, як у іншых, а ў мяне асабіста ад верша і песні ў яго выкананні па скуры пабеглі мурашкі. Між намі і тымі, хто не вярнуўся з той далёкай вайны, і сапраўды вечная сувязь. Нават кроўная. Як у мяне, бо мой дзед на той вайне загінуў без вестак…
Надзея ЯЦУРА.
На здымках: старшыня райвыканкама Казімір Лапіч уручае юбілейны медаль Івану Емяльянавічу Шыцікаву; песня ў выкананні Уладзіміра Цыбаева кранала да слёз.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 2.07.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!