…Гэта патрэбна жывым

Былых педагогаў не бывае. У гэтым не сумняваюцца ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму, а таму стараюцца пастаянна падтрымліваць з ветэранамі педагагічнай працы цесныя сувязі, час ад часу арганізоўваюць сустрэчы. Адна з іх прайшла нядаўна ў актавай зале раённай гімназіі. Прысвечана яна была дзвюм значным датам – 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 110-годдзю прафсаюзнага руху.


“З памяццю ў сэрцы”
Дзеці вайны. Такія словы гучаць цяпер усё часцей, бо менавіта гэтыя людзі, прымаючы эстафету памяці ад ветэранаў-удзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны, якіх з кожным годам становіцца ўсё менш і менш, могуць і павінны данесці да новых пакаленняў свае дзіцячыя ўспаміны аб жахах вайны. Нямала дзяцей вайны і сярод ветэранаў-педагогаў. А таму арганізатары сустрэчы вырашылі першую частку яе прысвяціць менавіта ваеннай тэме, тым больш, што ёсць добрая нагода – юбілейная дата вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Аб баях і франтавой мужнасці, аб развітаннях і веры ў сустрэчу пасля Перамогі, аб баявым сяброўстве і шчасці мірных світанкаў вельмі трапна расказвалася ў песнях і вершах у выкананні школьнікаў і педагогаў. Гэтыя песні — шчырыя, праўдзівыя, напоўненыя смуткам і радасцю, падхоплівалі ўсе ўдзельнікі сустрэчы. Сярод лірычных кампазіцый знайшлося месца і для ўспамінаў непасрэдных удзельнікаў вайны. Васіль Піліпавіч Маркаў і Іван Аляксандравіч Астапук шмат гадоў свайго жыцця аддалі справе педагогікі. Але да гэтага, у гады свайго юнацтва са зброяй у руках кожны з іх абараняў сваю Радзіму. Іван Аляксандравіч Дзень Перамогі сустрэў у Берліне. Успамінаючы кароткія эпізоды вайны, ветэраны жадалі ўсім ніколі не ведаць тых выпрабаванняў, якія выпалі на лёс людзей ваеннага пакалення. Памяць усіх, хто загінуў у гады вайны, і тых калег, якіх няма ўжо побач, педагогі-ветэраны, запаліўшы свечкі, ушанавалі хвілінай маўчання.

Пад крылом прафсаюза
Дом складаецца з цаглінак, а любы калектыў – з лю­дзей, якія ў ім працуюць. Рэгуляваць адносіны, вырашаць спрэчныя пытанні ў працоўным калектыве няпроста. І на дапамогу адміністрацыі тут прыходзіць сацыяльны партнёр — прафсаюз. Аб тым, як актыўна дзейнічае прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі, які аб’ядноўвае ў раёне 1374 чалавекі, могуць шмат расказаць не толькі сённяшнія педагогі, але і ветэраны педагагічнай працы. Вось і гэтая сустрэча – у першую чаргу ініцыятыва прафсаюза. І каб другую частку мерапрыемства прысвяціць менавіта прафсаюзнай тэме, была добрая нагода – юбілейная дата 110-годдзя прафсаюзнага руху. Кожны юбілей – гэта своеасаблівае падвядзенне вынікаў і, безумоўна, заахвочванне самых актыўных. Старшыня раённага камітэта прафсаюза адукацыі і навукі Тамара Бурштын коратка распавяла пра работу арганізацыі, назвала імёны тых, хто шмат гадоў, ахвяруючы асабістым часам, быў гатовы дапамагчы кожнаму, шукаў адказ на любое пытанне, стараўся зрабіць жыццё сваіх калег цікавым і разнастайным. На сцэну пад дружныя апладысменты залы выходзілі прафсаюзныя актывісты Зінаіда Віктараўна Кулічык, Марыя Пятроўна Федарук, Людміла Антонаўна Хатынюк, Валянціна Міхайлаўна Герасімук, Нэлі Паўлаўна Купрыянец, Іна Васільеўна Заляшчук, Людміла Ада­маўна Гумінская і Соф’я Лаўрэнцьеўна Якубчык. Яны атрымалі пісьмы падзякі і падарункі ад прэзідыума райкама прафсаюза работ­нікаў адукацыі і навукі. А маладыя актывісты прафсаюзнага руху падрыхтавалі ў падарунак ветэранам выступленне агітбрыгады “Педагог”. Падарункі ад прафсаюза па традыцыі атрымалі і юбіляры. Гасцей пачаставалі школьнай гарбатай. Кожнаму быў уручаны на памяць сувенір. А ў завяршэнні, як своеасаблівы гімн сустрэчы, усе разам праспявалі песню “Як добра, што ўсе мы тут сёння сабраліся”.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час сустрэчы ветэранаў педа­гагічнай працы.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 2.07.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!