Пісьмо маці

Мілая мамачка! Гэтае пісьмо табе здасца дзіўным. Але я не магу не выказаць тое, што даўно хацела табе сказаць, што ў мяне на душы.
Колькі гора і бед ты бачыла ў жыцці! Рана стала сіратою. У вайну адправілі на работу ў Брэст, а табе не было і 16 год. На тваіх вачах немцы застрэлілі бацьку, а маці твая, паміраючы, прасіла паспрабаваць на смак хаця б крыху сапраўднага хлеба, а не з жалудоў. Закончылася вайна, ты стала больш дарослай. Сустрэла ў вёсцы хлопца, майго бацьку, выйшла замуж. Здавалася, жыццё наладзілася і будзе ўсё добра. Але прыйшла павестка з ваенкамата, і бацьку забралі ў армію. І ты доўгія чатыры з паловай гады з дзіцём на руках чакала яго. Трымала карову, свіней, касіла, хадзіла сама за плугам, ездзіла ў лес па дровы, каб зімою ў хаце цёпла было. Так і жыла. Малілася, прасіла ў Бога здароўя і цярпення. Час ішоў. Прыйшоў бацька з арміі, і зноў жыццё пайшло сваёй чаргой. Табе стала лягчэй. Нарадзіліся я і брат. У дзяцінстве я вельмі хварэла і ведаю, колькі ночаў ты не спала, седзячы нада мною. Мама, я не памятаю такой хвілінкі, каб ты сядзела без работы: то ў полі, то па гаспадарцы заўсёды нешта рабіла. Часу свабоднага ў цябе ніколі не было. Калі ты клалася спаць і калі ўставала, не ведаю. Мне здавалася, што ты наогул не спала. Мы ніколі не былі галоднымі, пакрыўджанымі, хаця і хадзілі ў школу ў адных сукенках. На змену не было. Вечарам ты памыеш іх, а раніцай чысценькія мы апраналі. Я толькі пазней зразумела, калі сталі свае дзеці, чаму ты не любіла мяса, пячэння, цукерак (і яны рэдка бывалі). Я заўсёды здзіўлялася: маўляў, такая смаката, а маме не хочацца паласавацца імі. Ты, мілая, сама недаядала, аддавала ўсё нам.
Мы выраслі. Жыццё раскідала каго куды. У нас свае дзеці і нават унукі. Але ты любіш нас не менш, чым у дзяцінстве, апякаеш усіх, аберагаеш. Кожны дзень ты молішся і просіш Бога, каб ён пераканаў нас, пазбавіў ад бед і даў здароўе. Як мы ўдзячны табе за ўсё: за жыццё, за дзяцей і ўнукаў. Цяпер я добра ведаю, што такое шчасце. Гэта калі ты сама маці, бабуля і калі ў цябе яшчэ ёсць твая маці.
Ты прабач нам, родная, сваім дзецям, за ўсё, чым засмучалі цябе. Ведаю, табе не хапае нашай увагі. Але я добра ведаю, што ты нас усіх чакаеш і любіш. Мілая наша мамачка! І мы цябе ўсе любім, ганарымся табою і схіляем перад табою галовы.
Няхай Бог цябе зберагае, а анёл ахоўвае пад сваім светлым крылом.
Жыве наша мама ў в. Ляхаўцы і імя яе Ганна Трафімаўна Пачанчук. 86 гадоў ёй. А пісьмо пісала і прызнавалася ў любві яе дачка Кацярына Бурштын.
НА ЗДЫМКУ: Ганна Трафімаўна ПАЧАНЧУК.
Фота з сямейнага альбома.

Опубликовано в «ГЧ» 26.07.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.