Дыспетчар стальных магістраляў

Кацярына Алесік дзяжурнай па чыгуначнай станцыі «Маларыта» працуе ўжо трохі больш за 2 гады. Яна закончыла раённы ліцэй г.Маларыты, а пасля — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту (г. Гомель) па спецыяльнасці «Арганізацыя і кіраванне працэсамі перавозак». Год Кацярына была прыёмаздатчыкам грузу і багажу на чыгуначнай станцыі «Жабінка». А затым лёс закінуў у родныя мясціны.
З будучай жыццёвай дарогай Кацярына дакладна вызначылася яшчэ ў школе. І ні хвіліны потым не вагалася, а мэтанакіравана ішла да ажыццяўлення задуманага.
-Мяне заўсёды, яшчэ з дзяцінства, чамусьці прываблівалі цягнікі, іх прарэзлівыя гудкі, размераны перастук-перазвон колаў па рэйках. Ды і вырасла я, можна сказаць, ля іх. Сваю будучыню звязала з чыгункай свядома, бо ведала спецыфіку гэтай прафесіі змалку. Я ж з сям’і, дзе да чыгункі так ці інакш маюць дачыненне самыя блізкія мне людзі.
Таццяна Пятроўна Лямачка, маці Кацярыны Алесік, цяпер — начальнік станцыі «Хаціслаў». Чыгунцы яна аддала ўжо 29 гадоў свайго жыцця. Віктар Аляксеевіч, бацька, 8 гадоў працаваў пуцейшчыкам. Па слядах бацькоў, акрамя Кацярыны, пайшлі і іншыя дзеці Лямачкаў. Ілья, сын, цяпер — электраманцёр на чыгунцы, Ганна, дачка, — праваднік пасажырскіх цягнікоў далёкага накіравання.
-Кацярына, а цэлую змену сядзець ля пульта з мноствам рысачак, кнопачак, лямпачак, напэўна, нецікава, аднастайна і сумна. Ці не так?
-Не. Так здаецца толькі на першы погляд. На пульце знаходзіцца ўся неабходная і важная інфармацыя. Таму, як вы кажаце, кожная лямпачка-кнопачка-рысачка пра нешта гаворыць. Мы стаім на ахове камфортнага і бяспечнага шляху ўсіх, хто перамяшчаецца па стальных магістралях, забяспечваем бесперапынны і надзейны рух цягнікоў.
Дзяжурны па вакзалу ажыццяўляе прыём, адпраўленне пасажырскіх і пропуск грузавых цягнікоў, займаецца фарміраваннем–расфарміраваннем, падачай-уборкай вагонаў пад пагрузку-выгрузку. У абавязкі дзяжурнага ўваходзіць візуальны агляд саставу. А раптам нешта дыміцца, іскрыцца, льецца… Пры неабходнасці дзяжурны звязваецца з машыністам, таксама аб’яўляе аб прыбыцці, адпраўленні цягніка і інш.
— А колькі за змену праходзіць праз станцыю «Маларыта» цягнікоў?
— Цяпер прымаем і адпраўляем па 6 цягнікоў рэгіянальных ліній эканомкласа і па 3 пары – грузавых цягнікоў.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Кацярына Алесік, дзяжурны па чыгуначнай станцыі «Маларыта».
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 2.08.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!