ДЗЕЦІ ПЕРШ ЗА ЎСЁ

Адправіўшы дзяцей на канікулы, школы нядоўга адпачывалі. Бо трэба было пачынаць рыхтавацца да новага навучальнага года. У большасці навучальных устаноў, удакладніла начальнік райаддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяна Лаўрэенка, праводзяць звычайны, так званы касметычны рамонт, а ў некаторых, як, напрыклад, у Велікарыцкай школе і комплексе “Дарапеевіцкі дзіцячы сад-школа”, – больш аб’ёмны. На рамонт у Велікарыцкай школе выдзелена 500 мільёнаў бюджэтных сродкаў, на рамонт фасада і харчблока ў дзіцячым садку ў в. Дарапеевічы – 470 мільёнаў. Усяго на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі раёна да новага навучальнага года выдзелена каля 2 мільярдаў бюджэтных сродкаў.
Калі гаварыць непасрэдна пра рамонтныя работы, дык у Велікарыцкай школе, расказвала дырэктар Ірына Наркевіч, ужо адрамантаваны фасад будынка, цяпер яго фарбуюць, у раздзявальнях для хлопчыкаў і дзяўчынак пры спартыўнай зале ўстаноўлена новая сантэхніка, зроблены душавыя і санвузлы. Падлога і сцены “апрануліся” ў новую вопратку, тут пакладзена плітка ў стылі “армстронг”, зроблена прыгожая столь. Калідор, што вядзе да сталоўкі, таксама пафарбаваны, тут зноў жа пакладзена плітка, будуць устаноўлены новыя электрасушылкі. На гэтым участку будуць заменены на новыя яшчэ 12 дзвярэй.
Пчаліны вулей напамінае ў гэтыя дні і Дарапеевіцкі сад-школа. Тут таксама старанна працуюць як работнікі падраднай арганізацыі ААТ “Будкомплекс”, так і дзіцячай установы непасрэдна: хто фарбуе, хто прыбірае смецце, хто мые.
– Такога рамонту мы даўно чакалі, – гаварыла дырэктар Надзея Бойка. – І вельмі рады, што дзякуючы аб’ёмным работам нам удасца вырашыць найбольш праблемныя пытанні, з-за якіх прадстаўнікі розных службаў пастаянна прад’яўлялі да нас вялікія прэтэнзіі. Скажам, цалкам будзе адрамантаваны харчблок. Тут мяняецца ўсё, пачынаючы ад электраправодкі. Будзе адрамантавана таксама лесвіца, як запасны выхад з другога паверха на першы. Нарэшце, зменіцца і фасад садка. Доўгі час нам не ўдавалася адрамантаваць яго так, як хацелася. Цяпер жа будаўнікі робяць на фасадзе дэкаратыўную тынкоўку. Ён будзе пафарбаваны. Словам, сам будынак зменіцца да непазнавальнасці.
Дарэчы, многія з работ у садку былі выкананы раней. Тры гады таму назад па праграме “Энергазберажэнне” тут былі заменены вокны, два гады таму назад фасад уцяплілі, летась давялі да ладу бакавыя сцены. Яно і зразумела. Вялікія аб’ёмы работ патрабуюць і вялікіх грошай. А іх, на жаль, не заўсёды хапае. Але прыемна, што пра гэты аб’ект сацыяльнай значнасці не забывалі, і сёлета знайшлі немалыя сродкі, каб дашкольная ўстанова выглядала так, як належыць, і ўмовы ў ёй былі адпаведныя.
Зрэшты, кіраўніцтва комплексу “Дарапеевіцкі дзіцячы сад-школа” і само праяўляла ініцыятыву, каб зарабіць грошы і пусціць іх на рамонт. Гэтай вясною, да прыкладу, школьнікі былі задзейнічаны на праполцы насенных участкаў жыта. Заробленыя грошы ў суме больш чым 3 мільёны рублёў пайшлі на касметычны рамонт пяці вучэбных кабінетаў, фае калідора і спартыўнай залы школы. А за здадзеную ў райспажыўтаварыства макулатуру купілі шпалеры ў гульневы пакой ясляў-садка.
Ніколі не адмаўляе ў дапамозе і старшыня мясцовай гаспадаркі Васіль Фядосавіч Юхімук.
– Я не раз да яго звярталася, – гаварыла Надзея Васільеўна. – І заўсёды Васіль Фядосавіч з разуменнем успрымае мае просьбы. Дзякуючы яму нашы маладыя спецыялісты былі забяспечаны жыллём, ля ясляў-садка была ўстаноўлена новая агароджа, не раз дапамагаў ён нам і з набыццём фарбы. Не магу не сказаць шчыры дзякуй і бацькам, якія таксама добра разумеюць, што іх дапамога – добрая справа на карысць іх жа дзяцей. Менавіта бацькі сёлета дапамаглі набыць фарбу на падлогу.
Калі гаварыць аб запаўняльнасці ясляў-сада ў в. Дарапеевічы непасрэдна, дык усе месцы, на колькі ён разлічаны, будуць заняты. Па папярэдніх прагнозах на бліжэйшыя 3 гады, дзіцячая дашкольная ўстанова зноў жа не будзе пуставаць. А гэта вельмі радуе.

* * *
Надзея Васільеўна Бойка выказвала словы шчырай падзякі і брыгадзе, якая занята на рамонтных работах. А майстар Аляксандр Пятроўскі з задавальненнем назваў прозвішчы лепшых. У ліку іх – плітачнікі Аляксандр Грышко і Юрый Федарчук, маляр Антаніна Горнік, электрамантажнік Віктар Саўчук, тэрма­ізаліроўшчык Аляксандр Кавальчук і іншыя.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКАХ: так выглядаў фасад Велікарыцкай школы раней і так выглядае цяпер.

Опубликовано в “ГЧ” 6.08.2014 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий