Калі сусед перашкаджае адпачываць

Жанчына, якая патэ­лефа­навала ў рэдакцыю, прадставілася Нінай Яфімаўнай Рапінчук. Жыхарка Маларыты расказала, што дапамагае няньчыць унукаў 3 і 5 гадоў. Дачка жыве ў адным са шматкватэрных дамоў райцэнтра. У пад’ездзе часта бывае вельмі накурана. «Хіба нармальна, што малыя дзеці дыхаюць атрутным дымам? — задае пытанне жанчына. — Што рабіць у такой сітуацыі, калі слоў-просьбаў тыя, хто курыць, не разумеюць?»

— З’ява, на жаль, на сён­няшні дзень тыповая і распаўсюджаная, — кажа Аксана Сяўлюк, спецыяліст па рабоце з насельніцтвам КУШВП ЖКГ «Маларыцкая ЖКГ». — У такім выпадку неабходна з пісьмовай заявай звярнуцца да нас. Мы дэталёва вывучым сітуацыю і прымем адпаведныя меры, што ў нашай кампетэнцыі.
Пэўная частка гарадскога і сельскага насельніцтва Маларытчыны пражывае ў шматкватэрных дамах. Таму нярэдка ўзнікаюць праблемы ўзаемаадносін з суседзямі, якія могуць шумець па начах, слухаць гучна музыку. Яны смецяць, не выконваюць устаноўленых правіл пражывання. Для ўрэгулявання такіх сітуацый якраз і існуюць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дадатковых памяшканняў жылога фонду ў РБ», якія зацверджаны Пастановай Савета Міністраў РБ 21 мая 2013г. Згодна з імі, напомнім, карыстанне тэлевізарамі, радыёпрыёмнікамі, магніта­фонамі і іншымі ўстройствамі, якія гучна гавораць, дазваляецца пры ўмове памяншэння чутнасці да ступені, якая не парушае спакою жыльцоў дома. А з 23.00 да 7.00 павінна захоўвацца цішыня. Калі вашы суседзі вырашылі адзначыць нейкае свята, то яны не павінны вам перашкаджаць.
— Аксана Віктараўна, а калі сусед на лесвічнай пляцоўцы ўсё ж такі курыць…
— Не дапускаецца курэнне ў падсобных памяшканнях кватэры, дзе пражывае некалькі наймальнікаў ці ўласнікаў. Нельга гэтага рабіць і ў падсобных памяшканнях жылога дома. У пад’ездах таксама курыць забараняецца.
— Часта можна назіраць, што ў пад’ездах стаіць розная мэбля, сушыцца нават бялізна. Так можна рабіць?
-Не, бо гэта – парушэнне існуючых правілаў. Пад’езд, між іншым, лічыцца пажарным выхадам, таму нічога там лішняга (старых шафаў, канап, ваннаў, аконных рам) не павінна быць. Забараняецца ўтрыманне ў ім і хатніх жывёл, напрыклад, катоў, сабак, а таксама пчол. Нельга загрувашчваць лесвічныя клеткі, калідоры, праходы, запасныя выхады. Забараняецца сушыць бялізну ў падсобных памяшканнях шматкватэрнага жылога дома, пераўсталёўваць і праводзіць рэканструкцыю вентыляцыйных шахт і каналаў, самавольна ўстанаўліваць на дахах і фасадах дамоў індывідуальныя антэны і іншыя канструкцыі, самавольна выконваць работы, якія звязаны са змяненнем архітэктурна-планіровачных рашэнняў будынкаў, жылых, падсобных памяшканняў. Тым больш, калі гэта нейкім чынам уплывае на апорныя канструкцыі будынка. Забараняецца пад балконамі, лоджыямі «узводзіць», напрыклад, склепы.
— Аксана Віктараўна, Вы гаворыце аб прапісных ісцінах. Няўжо і іх нехта парушае?
-Так. Практыка паказвае, што многія жыльцы шматкватэрных дамоў пра гэта добра ведаюць, але ўсё ж па нейкіх прычынах не жадаюць сябраваць з агульнавядомымі нормамі і правіламі. Вось некаторыя факты. За 2013г. наша арганізацыя выдала 48 прадпісанняў грамадзянам, якія парушылі «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі». З гэтай колькасці 8 – за парушэнне шумавога рэжыму ў начны час сутак, 6 – за курэнне, 12 — за ненавядзенне парадку ў падвалах і на прыдамавой тэрыторыі. Акрамя таго, складзена 2 пратаколы на грамадзян за парушэнне імі шумавога рэжыму. За 6 месяцаў гэтага года выда­дзена ўжо 12 прадпісанняў за розныя парушэнні «Правіл…» Але гэта толькі афіцыйна зарэгістраваныя скаргі. На самай справе іх, безумоўна, больш. Многія не ідуць скардзіцца, пісаць заявы, каб не псаваць узаемаадносіны з суседзямі па пад’езду, лесвічнай пляцоўцы.
Будзем ветлівымі і ўважлівымі да тых, хто жыве побач з намі!
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Аксана Сяўлюк, спецыяліст па рабоце з насельніцтвам КУШВП ЖКГ «Маларыцкая ЖКГ».
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 6.08.2014 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!