10 жніўня — дзень будаўніка

Калі чуеш слова “вы­хавальнік”, то адразу ўзнікае асацыяцыя з дзецьмі, “бухгалтар” — з лічбамі, “лабарант” — з прабіркамі, колбамі, хі­мічнымі рэактывамі, “паштальён” — з газетамі, часопісамі, пісьмамі. Розныя ўяўленні выклікае і слова «будаўнік».
— Для мяне любы будаўнік — у першую чаргу стваральнік, — гаворыць Віталій Трафімук, прараб Маларыцкай ПМК-20. — Ён стварае ўмовы для больш камфортнага і бяспечнага жыцця чалавека, робіць зямлю вакол сябе адметнай, прывабнай і разам з тым пакідае пасля сябе добры след. Як не пагадзіцца тут з думкай аднаго філосафа, які некалі сказаў, што чалавека і зямлю стварыў Бог, а ўсё астатняе — будаўнік. Лічу, што любое будаўніцтва — добры паказчык таго, што жыццё працягваецца.
У Маларыцкай ПМК-20 працуе многа спецыялістаў, майстроў сваёй справы. На добрым рахунку ў кіраўніцтва арганізацыі і брыгада цясляроў-страхароў, якую ўзначальвае Раман Шырокі. Цяпер яна ў складзе Рыгора Пракапука, Сяргея Назарука, Валерыя Сіпчука, Уладзіміра Палінко, Алега Гардзецкага, Вячаслава Сахарчука крые дах шматкватэрнага жылога дома ў Маларыце па вуліцы Савецкая,109. Хутка жыллёва-будаўнічы спажывецкі кааператыў-28 будзе здадзены ў эксплуатацыю.
— Працаваць усе члены брыгады імкнуцца добрасумленна, у адной звязцы, — кажа Раман Віктаравіч. — Ад намаганняў кожнага залежыць канчатковы вынік. Нашаму невялічкаму калектыву ўдаецца, лічу, многае. Працуем актыўна, выконваем усе цяслярскія работы: кладзём падлогу, накрываем дахі, устаўляем вокны і дзверы… Калі прыходзяць да нас маладыя работнікі, стараемся іх навучыць, адаптаваць да ўмоў працы.
Між іншым, Раман Шырокі брыгадзірам у арганізацыі працуе ўжо 10 гадоў. У Маларыту на пастаяннае месца жыхарства ён прыехаў з Казахстана. Там Раман Віктаравіч закончыў вучылішча будаўнікоў. Калі ўладкаваўся ў Маларыцкую ПМК-20, працаваў цясляром. Потым стараннага і працавітага работніка заўважылі і назначылі на пасаду брыгадзіра.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Віталь Трафімук, прараб (першы справа), з брыгадай цясляроў-страхароў Рамана Шырокага (трэці злева).
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 9.08.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!