Вядомы гандбаліст Барыс Пухоўскі наведаў дзённы спартыўна-аздараўленчы лагер “Алімпіец”

Крок да поспеху з Барысам Пухоўскім

У гасцях у дзяўчат і хлопцаў, якія наведваюць дзённы спартыўна-аздараўленчы лагер “Алімпіец” на базе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Маларыцкага раёна, нядаўна пабываў  Барыс Пухоўскі – вядомы і тытулаваны гандбаліст. Ён майстар спорту міжнароднага класа, капітан мужчынскай нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па гандболе, шматразовы чэмпіён краіны і Рэспубліканскай універсіяды. Цяпер з’яўляецца разыгрываючым сербскага клуба “Вайводзіна”. Дарэчы, мерапрыемства прайшло ў рамках рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі “Крок да поспеху”. 

Барыс Пухоўскі расказаў пра сябе, свой шлях у вялікі гандбол, бацькоў, сям’ю, захапленні, а пасля адказаў на шматлікія пытанні дзяцей. Юных спартсменаў цікавіла многае.  З адказаў  славутага гандбаліста яны, напрыклад, даведаліся наступнае.

Калі Барыс стаў вучыцца ў 4 класе, яго бацькі – Надзея Барысаўна і Валерый Георгіевіч Пухоўскія – вырашылі,  што сына неабходна запісаць у спартыўную секцыю. Барыс Пухоўскі трапіў да трэнера Віталя Чорнага. На трэніроўках заўсёды  працаваў лепш за ўсіх. Віталь Дзмітрыевіч пачаў уключаць Барыса ў склад каманды для ўдзелу ў абласных і рэспубліканскія спаборніцтвах па гандболе, дзе юнага спартсмена заўважылі і прапанавалі вучобу ў Рэспубліканскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Так Барыс Пухоўскі трапіў да Віктара Касінскага, а затым і ў каманду СКА (Мінск), якую  трэніраваў Спартак Мірановіч. Ён і прапанаваў Барысу Валер’евічу ролю разыгрываючага.

Барыс Пухоўскі з 2005 года (з 18-гадовага ўзросту) стаў выступаць за нацыянальную зборную Беларусі па гандболе. Абараняў яе гонар на чэмпіянатах свету 2013, 2015 і 2017 гадоў,  а таксама чэмпіянатах Еўропы 2008, 2014, 2016 і 2018  гадоў. Ён сыграў за зборную 184 матчы.

Пачынаў кар’еру гандбаліста ў 2002 годзе ў мінскім СКА, у 2009 годзе перабраўся ў “Дынама” (г.Мінск), але ў пачатку 2012 года вярнуўся ў склад армейцаў і дапамог клубу ў 2013 годзе выйграць еўрапейскі Кубак выкліку. У 2013 – 2015 гадах выступаў за венгерскі клуб “Чурго”, у першай палове 2015 года зноў іграў за СКА, пасля чаго стаў іграком украінскага “Матора” (г. Запарожжа). Вясной 2016 года на правах арэнды выступаў у дзвюх гульнях розыгрышу нацыянальных Кубкаў гандбольнага клуба “Аль-Кіяда” Рэспублікі Катар. Затым вярнуўся ў Запарожжа. Пад нумарам 87 выступаў разыгрываючым за гандбольны клуб  “Матор”. У 2022 годзе некаторы час выступаў зноў за СКА (г. Мінск), а з 2022 года іграе за гандбольны клуб  “Вайводзіна”. У складзе яго ў пачатку гэтага года стаў уладальнікам  Суперкубка Сербіі. За час прафесійнай кар’еры закінуў у вароты сапернікаў 845 мячоў.

У час мерапрыемства Барыс Пухоўскі правёў размінку з юнымі спартсменамі і ў складзе адной з каманд правёў два  матчы. Дарэчы, разам з ім ігралі і сыны Арцём і Ягор. Па выніках праведзеных гульняў былі вызначаны лепшыя ігракі. Імі сталі Арына Дзямід і Павел Ваяводскі. Ад Барыса Пухоўскага яны атрымалі спецыяльныя кубкі. Майка з аўтографам гандбаліста была ўручана Сафіі Наўрасюк як лепшаму балельшчыку. Акрамя таго, Барыс Пухоўскі сумесна са  старшым трэнерам – начальнікам  нацыянальнай каманды Беларусі па гандболе Васілём Леўчуком падарылі дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе Маларыцкага раёна гандбольныя мячы, майкі і манішкі.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

 

 

Поделиться:
  •  
  • 15
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий