Дзень вёскі святкавалі ў Хаціславе

Ты стаіш прывольна, родны наш Хаціслаў!

Лета – выдатны час для правядзення дзён вёскі. Старт сезону правядзення святаў населеных пунктаў на Маларытчыне сёлета быў урачыста дадзены 25 чэрвеня ў аг. Хаціслаў. Мерапрыемства традыцыйна ладзілася на пляцоўцы перад СДК.

Вядучыя свята Таццяна Хомік і  Алена Чэрнікава распачалі праграму з вершаваных радкоў  пра аграгарадок, прыгажосці навакольнай прасторы, працавітых і шчырых людзях, што жывуць тут, цёплых пачуццях да роднага краю, якія застаюцца ў душы чалавека назаўсёды. Адкрыў урачыстасць старшыня Хаціслаўскага сельвыканкама Эдуард Паўлаў. Ён сказаў, што кожнае свята вёскі – гэта яскравы доказ таго, што ў родных мясцінах і сонца ярчэй свеціць, і паветра чысцейшае, і людзі больш добрыя. Нездарма ж кажуць: родны край – сэрцу рай! Свята населенага пункта – гэта дзень шанавання ўсіх тых, хто зараз жыве ў ім.  Дарэчы, цяпер у Хаціславе налічваецца 899 жыхароў. Старшыня сельвыканкама падзякаваў жыхарам аграгарадка, якія ўслаўляюць родную зямлю і аддаюць свае сілы на карысць яе, пажадаў усім здароўя і дабрабыту. Са словамі вітання да прысутных звярнуўся таксама настаяцель Спаса-Праабражэнскага  храма аг. Хаціслаў протаіерэй Пётр Пяшко, дырэктар Маларыцкага раённага цэнтра культуры Алена Палівода.

Шчырыя словы падзякі і віншаванняў прагучалі ў адрас самай старэйшай жыхаркі Хаціслава – Кацярыны Клюнчык. Ёй былі адрасаваны пажаданні, каб “кросны жыцця яшчэ доўга-доўга ткалі бязвоблачную жыццёвую дарогу”. Разам з бацькамі на сцэну быў запрошаны самы маленькі жыхар аграгарадка Цімур Міронаў, які нарадзіўся на свет у маі гэтага года. Кожны год у Хаціславе гуляюць вяселлі. У маі свой шлюб зарэгістравалі Ірына і Яўгеній Дзірук. На свяце аграгарадка ўшаноўвалі і  сям’ю Вікторыі і Ігара Рымарчук. Бацькі разам з дзецьмі  Раманам, Кірылам і Ганнай прымалі ўдзел у абласным этапе рэспубліканскага штогадовага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла” сярод маладых сем’яў. Грамату і падарунак ім уручыла старшыня Маларыцкага  раённага аб’яднання  прафсаюзаў Алена Серада.

Уганароўвалі на свяце і шматдзетную сям’ю Валянціны і Івана Галавей (выгадавалі 5 дзяцей), Ганны і Івана Смаль (выгадавалі 4 дзяцей), Галіны і Васілія Казлоўскага (выхадавалі 4 дзяцей). 

Начальнік аддзела па развіцці сельскай гаспадаркі ААТ “Брэсцкі мясакамбінат” Вольга Чырко адзначыла перадавікоў па нарыхтоўцы кармоў трактарыстаў-машыністаў Анатолія Саўчука і Рамана Аўдзіюка, вадзіцеля  аўтамабіля – Леаніда Яўтушыка.  Намеснік дырэктара  па раслінаводстве і механізацыі СУП “Хаціслаўскі” Таццяна  Навумчык  уручыла ўзнагароды перадавікам па нарыхтоўцы кармоў трактарыстам-машыністам Васілію Мерчуку, Сяргею Піліпёнку, Уладзіміру Яўтушыку, Віталію Хадачынскаму, вадзіцелям аўтамабіля Валерыю Бенесюку, Вячаславу Смалю.

Словы падзякі на свяце прагучалі і ў адрас  выхавальніц Хаціслаўскага дзіцячага сада Надзеі Яцуры, Валянціны Яцуры, Таццяны Заяц, памочніка выхавальніка Ганны Смаль, былога лесніка Хаціслаўскага лясніцтва Аляксандра Макарука, настаўніцы пачатковых класаў Хаціслаўскай СШ Тамары Панамарэнкі,  ветэрана педагагічнай працы Сцяпана Пішчыка.

Таксама была арганізавана кулінарная  выстава і выстава народнай творчасці жыхароў аграгарадка. Пасля дэгустацыі страў і прагляду прадстаўленых работ журы вызначыла лепшыя з іх. На гэты раз пераможцамі сталі: СУП “Хаціслаўскі” (першае месца), дзіцячы сад (другое месца) і СДК (трэцяе  месца). Хаціслаўская амбулаторыя агульнай практыкі і Хаціслаўская СШ адзначаны падзякамі.

Вясёлы настрой на сустрэчы ствараў сваімі выступленнямі народны ансамбль народной песні і музыкі “Хаціславяне”, танцавальны калектыў “Ладалея”, выпускнікі 9 і 11 класаў Хаціслаўскай СШ, Эдуард Пішчык, Арцём Макарчук, Аксана Макарук, Алена Палівода.

Мерапрыемства надоўга запомніцца ўсім, каму пашчасціла там пабываць, бо яно прынесла добры настрой і ўсмешкі. Дзень вёскі атрымаўся насычаным і цікавым як для гасцей населенага пункта, так і для яго жыхароў – дзяцей і дарослых.

Мікалай НАВУМЧЫК.

 

 

 

Поделиться:
  •  
  • 14
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий