Раённы турзлёт моладзі адбыўся на Маларытчыне
Час выпрабаванняў і рамантыкі
Бераг Олтушскага возера стаў месцам правядзення першага раённага турыстычнага злёту працуючай моладзі. Ён аб’яднаў фізічна загартаваных, ініцыятыўных і артыстычных работнікаў дзевяці арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў раёна – Маларыцкай ПМК-8, Маларыцкай раённай цэнтральнай бальніцы, СУП “Савушкіна”, СУП “Хаціслаўскі”, Маларыцкай ЖКГ, цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Маларыцкага раёна, Маларыцкага райспажыўтаварыства, аддзела па адукацыі Маларыцкага райвыканкама, Маларыцкага лясгаса. Арганізатарамі спаборніцтва, якое праводзілася 29–30 чэрвеня ў рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня моладзі і студэнцтва, сталі аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама, Маларыцкі раённы камітэт грамадскага аб’яднання “БРСМ”, Маларыцкі раённы фізкультурна-спартыўны клуб, сектар культуры Маларыцкага райвыканкама.
На ўрачыстым адкрыцці прысутных вітаў намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Ляшчук. Ён адзначыў, што развіццё фізічнай культуры і спорту з’яўляецца адным з прыярытэтных накірункаў у нашай краіне, выказаў спадзяванне, што такія маладзёжныя спаборніцтвы стануць традыцыйнымі і штогод будуць збіраць самую актыўную і спартыўную моладзь раёна. Намеснік старшыніі райвыканкама пажадаў прыхільнікам здаровага ладу жыцця ўдалых стартаў, яркіх і справядлівых перамог, пазітыўных эмоцый, добрага настрою і незабыўных уражанняў, зазначыў, што няхай пераможа мацнейшы, а выйграе – дружба.
Надвор’е было цудоўным і спрыяла паспяховаму выступленню каманд. Выяўлялі лепшых аматараў турызму ў двух блоках, якія ўключлі восем відаў спаборніцтваў. Спартыўны блок прадугледжаў выпрабаванні ў дартсе, спартыўна-турыстычнай паласе (этапы: купіны, гаць, маятнік, паралельныя парэнчы, траспарціроўка пацярпелага на насілках, пераправа па бервяне метадам “Маятнік”, устаноўка палаткі), тэхніцы воднага турызму на байдарцы (адлегласць 250 метраў), спартыўным арыентаванні. Культурны блок уключаў конкурс візітак каманд-удзельніц, які меў назву “У адзінстве наша сіла”, конкурс бівуакаў, які прадугледжваў захаванне правіл тэхнікі бяспекі, санітарнага стану тэрыторыі, якую ўладкавала і ўпрыгожыла каманда, захаванне дысцыпліны. Шмат станоўчых эмоцый у прысутных выклікала творчае прадстаўленне “80 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” і конкурс страў “Турыстычны фестываль ежы: гатуем разам”. Камандам неабходна было прыгатаваць і прэзентаваць дзве нацыянальныя стравы і адзін напой.
Усе спаборніцтвы праходзілі ў напружаным рытме. Яны патрабавалі ад каманд зладжаных дзеянняў, узаемавыручкі, падтрымкі, фантазіі. Удзельнікам трэба было паказаць не толькі спартыўную падрыхтоўку, але і кулінарныя, і артыстычныя здольнасці.
У выніковай турнірнай табліцы раённага турыстычнага злёту яго “золата” дасталася камандзе Маларыцкай ЦРБ у складзе Аляксандра Максімука, Аляксея Бурды, Віктара Сезіка, Віталія Земскага, Івана Кіцеля, Карыны Смаль, Маргарыты Троц, Барыса Шугалы, Валерыя Бельчука, Яўгеніі Яльніцкай. На другім месцы апынуліся камунальнікі, на трэцім – каманда аддзела па адукцыі. Яе ад другога месца аддзяліла толькі паўбала. Заслужаныя ўзнагароды пераможцам у кожным відзе спаборніцтваў турыстычнага злёту і ў агульнакамандным заліку ўручаў намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Ляшчук і начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Галіна Стасюк.
Для ўдзельнікаў першага раённага турыстычнага злёту , спонсарам якога стаў СВК “Дарапеевічы”, была таксама прадугледжана шоу-праграма “Вогненная казка”.
Два дні турзлёту праляцелі імгненна. Яны падарылі ўдзельнікам мноства яркіх уражанняў, магчымасць актыўна, па-спартыўнаму, правесці выхадныя і адпачыць. Спаборніцтвы, сапраўды, удаліся! А гэта значыць, што праз год яны абавязкова павінны паўтарыцца з яшчэ большай колькасцю ўдзельнікаў.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара і Алега Крэмянеўскага.