Золата сямейнага жыцця сямейных пар Маларытчыны
У Спаса-Праабражэнскім храме аграгарадка Хаціслаў на Тройцу ўшаноўвалі залатых юбіляраў сямейнага жыцця. Гэта прыходская традыцыя налічвае ўжо больш за дзесяць гадоў. Сёлета ў спісе ўганараваных было пяць сямейных пар. З памятнай юбілейнай датай іх сардэчна віншавалі і шчыра жадалі яшчэ шмат гадоў ісці па жыцці ў любові, ладзе і згодзе настаяцель храма протаіерэй Пётр Пяшко, старшыня Хаціслаўскага сельвыканкама Эдуард Паўлаў, а таксама старшыня СУП “Хаціслаўскі” Сяргей Чуль. Да віншаванняў далучыліся родныя юбіляраў і прыхаджане.
Экскурс у гісторыю стварэння кожнай сям’і зрабіла і расказала пра дзень сённяшні інспектар Хаціслаўскага сельвыканкама, старшая сястра праваслаўнага сястрынства ў імя іконы Божай Маці “Казанская” Спаса-Праабражэнскага храма аграгарадка Хаціслаў Лідзія Мірчук.
Сямейныя саюзы юбіляраў можна назваць узорнымі. У кожнай пары жонка і муж адзін для аднаго – галоўная надзея, падтрымка і апора.
Корсакі
Знаёмства Таццяны Піліпаўны і Мікалая Міхайлавіча Корсакаў адбылося ў Брэсцкай дыстанцыі пуці, якая стала ў далейшым для іх дыстанцыяй адлегласцю ў жыццё. На той момант Таццяне Піліпаўне было ўсяго 18 гадоў. Мікалай Міхайлавіч, якому ўжо споўнілася 23 гады, адслужыў у радах Савецкай Арміі і па прыкладзе бацькі-чыгуначніка вырашыў пайсці працаваць таксама на чыгунку. Праз год пасля знаёмства маладыя людзі ўступілі ў шлюб. 50 шчаслівых гадоў пражыла сям’я ў вёсцы Сушытніца. Жонка і муж пабудавалі свой дом, выхавалі дваіх дзяцей. Уся працоўная дзейнасць Таццяны Піліпаўны звязана з чыгункай. У працоўнай кніжцы жанчыны ўсяго некалькі запісаў, якія звязаны са зменай прафесіі, але не з месцам працы. На заслужаны адпачынак жанчына пайшла з пасады прыёмшчыка-здатчыка тавараў на станцыі Брэст-Паўночны. А вось Мікалай Міхайлавіч хоць і змяніў месца працы з чыгункі на калгас “Запаветы Леніна”, але застаўся верны сваёй любімай прафесіі. Яго вадзіцельскі стаж – каля 50 гадоў. І сёння Мікалай Корсак працягвае працаваць у роднай гаспадарцы.
Муж і жонка здолелі стварыць добрую сям’ю, якая карыстаецца аўтарытэтам у жыхароў вёскі Сушытніца. Радуе вока ўтульны дом і дагледжаны двор. Да бацькоў з задавальненнем прыязджаюць дзеці, а таксама пяць унукаў і два праўнукі.
Галаўі
У міры і згодзе пражылі 50 гадоў Любоў Мікалаеўна і Сцяпан Іванавіч Галаўі. Маладым спецыялістам прыехала Любоў Мікалаеўна на працу ў магазін вёскі Хаціслаў. Сцяпан Іванавіч ужо адслужыў у радах Савецкай Арміі і вучыўся ў Беларускім інстытуце сельскай гаспадаркі. Пасля стварэння сям’і 20 красавіка 1974 года Сцяпан Галавей перавёўся на завочную форму навучання, уладкаваўся на працу ў рамонтныя майстэрні калгаса “Запаветы Леніна”. Пасля заканчэння інстытута, атрымаўшы пасаду інжынера-механіка і воінскае званне, бо пры інстытуце была ваенная кафедра, малады лейтэнант з сям’ёй накіраваўся для праходжання вайсковай службы ў Расійскую Федэрацыю. Там праслужыў два гады. Пасля заканчэння тэрміну службы сям’я прыняла рашэнне вярнуцца на родную зямлю. Маладога спецыяліста кіраўніцтва гаспадаркі назначыла загадчыкам майстэрняў. Некаторы час Сцяпан Іванавіч займаў пасаду галоўнага інжынера. Працоўную дзейнасць ён завяршыў у Хаціслаўскай сярэдняй школе, дзе прапрацаваў 16 гадоў майстрам вытворчага навучання. Прыйшлося змяніць месца працы і жонцы. Спачатку гэта быў Хаціслаўскі дзіцячы сад, затым склад запчастак у майстэрнях гаспадаркі, адкуль Любоў Мікалаеўна і пайшла на заслужаны адпачынак.
Лук’янчукі
Таццяна Міхайлаўна і Уладзімір Ільіч Лук’янчукі сваю сям’ю стварылі 22 лютага 1974 года. Маладым людзям тады было амаль па 20 гадоў. Абодва заканчвалі Брэсцкі чыгуначны тэхнікум. На першае месца работы былі накіраваны на Горкаўскую дыстанцыю пуці Беларускай чыгункі. Толькі ўладкаваліся на працу, як маладога мужа прызвалі на службу ў рады Савецкай Арміі. Таццяну Міхайлаўну, якая нарадзіла на той момант дачку, бацькі Уладзіміра забралі да сябе. З тых часоў хаціслаўская зямля для жанчыны стала другой радзімай. Пасля вяртання Уладзіміра з войска сям’я прыняла рашэнне застацца ў вёсцы. Уладзіміра ўжо чакаў збожжаўборачны камбайн, на якім ён прапрацаваў сем гадоў. Да заслужанага адпачынаку шчыраваў трактарыстам. Уся працоўная дзейнасць Таццяны Міхайлаўны звязана з бухгалтарскай работай у мясцовай гаспадарцы. На пенсіі жанчына яшчэ некалькі гадоў працавала ў жывёлагадоўлі.
Жывучы ў каханні і згодзе, Уладзімір Ільіч і Таццяна Міхайлаўна здолелі стварыць добрую сям’ю, маюць траіх дзяцей, пяцярых унукаў.
Кірычукі
Сям’я Марыі Мікалаеўны і Івана Міхайлавіча Кірычукоў створана 7 верасня 1974 года. Жонка і муж – з адной вёскі, можна сказаць, суседзі. На момант стварэння сям’і Марыя і Іван ужо атрымалі адукацыю і чакалі размеркавання. Іван Кірычук скончыў Брэсцкі політэхнічны інстытут, Марыя Мікалаеўна – Брэсцкае вучылішча сувязі. У гэтым жа годзе Івана Міхайлавіча накіравалі на працу інжынерам па водазабеспячэнні і каналізацыі ў Рэспубліку Малдова. Там сям’я працавала і жыла 14 гадоў. У ёй нарадзіліся і выхоўваліся двое дзяцей. Аднак любоў да роднай зямлі не давала спакою, і Кірычукі вырашылі вярнуцца ў Беларусь.
Па вяртанні ў родны край Іван Кірычук працаваў па сваёй спецыяльнасці ў раённым цэнтры, там і жылі. Адразу пасля адкрыцця ў вёсцы Сушытніца кар’ера па здабычы крэйды, Іван Міхайлавіч быў назначаны яго начальнікам. Сям’я вярнулася ў бацькоўскі дом, у якім пражывае да сённяшняга дня. Марыя і Іван Кірычукі выхавалі двух сыноў. Старэйшы – прысвяціў сябе працы ў праваахоўных органах і ўжо на заслужаным адпачынку, малодшы – атрымаў у спадчыну прафесію бацькі і цяпер з’яўляецца начальнікам кар’ера па здабычы высакаякаснага пяску на Арэхаўскім кар’еры. У дзядулі і бабулі трое ўнукаў. Дарэчы, сям’я Кірычукоў неаднаразова выходзіла пераможцам раённага конкурсу сярод грамадзян старэйшага працаздольнага ўзросту па добраўпарадкаванні.
Ківачукі
Сёлетні год юбілейны і для сям’і Лідзіі Сцяпанаўны і Рыгора Гаўрылавіча Ківачукоў. Рыгор Гаўрылавіч вырас у вёсцы Мельнікі ў шматдзетнай сям’і, Лідзія Сцяпанаўна – у вёсцы Вотчын, таксама ў шматдзетнай сям’і.
Сям’я стварылася, калі Рыгор Гаўрылавіч ужо працаваў у калгасе “Запаветы Леніна” трактарыстам. Будучую жонку хлопец заўважыў, калі яна яшчэ заканчвала Мельніцкую школу. Момант знаёмства Лідзія Сцяпанаўна памятае да сённяшніх дзён. Яно адбылося святочным вечарам у старым Мельніцкім клубе. Праз год пасля знаёмства, калі дзяўчына скончыла Брэсцкае вучылішча лёгкай прамысловасці, Рыгор Гаўрылавіч зрабіў ёй прапанову. Урачыстая рэгістрацыя шлюбу адбылася ў Хаціслаўскім сельвыканкаме 16 лістапада 1974 года.
Адпрацаваўшы належны тэрмін пасля заканчэння вучылішча, Лідзія Сцяпанаўна на пастаяннае месца жыхарства пераехала ў вёску да мужа. У 1981 годзе сям’я, якая жыла ў доме бацькоў, перасялілася ў свой дом у вёсцы Хаціслаў. Лідзія Ківачук уладкавалася працаваць рознарабочай у калгас “Запаветы Леніна”. На заслужаны адпачынак жанчына пайшла з пасады малаказборшчыка па закупе малака ад насельніцтва з асабістых падсобных гаспадарак. Рыгор Гаўрылавіч так і працаваў да пенсіі трактарыстам.
Муж і жонка старанна працавалі на зямлі, трымалі шмат жывёлы і птушкі. Разам з тым знаходзілі час для творчасці. Рыгор Гаўрылавіч нядрэнна малюе, Лідзія Сцяпанаўна спрабуе свае сілы ў напісанні прозы. Яна друкавалася ў раённай газеце “Голас часу”.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара