Харугву з выяваю архістраціга Міхаіла ўрачыста ўручыў протаіерэй Віктар Паляціла каменданту пагранічнай камендатуры “Маларыта”

Пад аховай архангела Міхаіла

2024 год праходзіць пад знакам 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На Маларытчыне праводзіцца шмат мерапрыемстваў, прымеркаваных да гэтай памятнай даты. Адно з іх днямі адбылося ў пагранкамендатуры “Маларыта”.

Сіламі Маларыцкага благачыння была выраблена харугва з выяваю архістраціга Міхаіла. Згодна з царкоўнай традыцыяй, ён стаіць на чале нябеснага войска – анёлаў, серафімаў, херувімаў і лічыцца нябесным ахоўнікам органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.

На пляцы, дзе сабраліся афіцэры, прапаршчыкі і салдаты тэрміновай службы пагранкамендатуры “Маларыта”, благачынны Маларыцкай царкоўнай акругі протаіерэй Віктар Паляціла асвяціў харугву і ўрачыста ўручыў яе каменданту пагранічнай камендатуры “Маларыта” Яўгенію Зайцу.

Протаіерэй Віктар Паляціла сказаў, што архангел Міхаіл з’яўляецца нябесным заступнікам усяго пагранічнага войска,  нястомным змагаром з няпраўдай, з духоўным злом, выказаў пажаданне, каб і  воіны-пагранічнікі былі такімі ж палымянымі абаронцамі  сваёй Радзімы. Святар адзначыў, што харугва будзе асвячаць пагранічную камендатуру “Маларыта”, адбіваць нябачныя чалавечаму воку варожыя злыя намеры, прыносіць воінам сілы для надзейнай аховы дзяржаўнай граніцы, спрыяць у паўсядзённым служэнні Айчыне. Усім абаронцам нашых рубяжоў протаіерэй Віктар Паляціла пажадаў здароўя духоўнага і цялеснага, стойкасці, мірнай службы,  з гонарам несці сваё званне, ніколі не губляць гонару і годнасці воіна-пагранічніка.

Намеснік каменданта пагранічнай камендатуры “Маларыта” па ідэалагічнай рабоце маёр Аляксандр Рубашэўскі зазначыў, што харугва з выяваю архістраціга Міхаіла зойме годнае месца ў  пагранкамендатуры “Маларыта”.

Па словах каменданта Яўгенія Зайца, пагранічная камендатура “Маларыта” стала ў краіне другой з сямі існуючых, у якой з’явілася ўласная харугва з выявай нябеснага абаронцы пагранічнікаў  – архістраціга Міхаіла.

***

У гэты ж дзень старшыня савета  Брэсцкай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў органаў пагранічнай службы” Пётр Нікалаюк уручыў памятныя  юбілейныя медалі “На варце рубяжоў Айчыны”. Іх атрымалі  благачынны Маларыцкай царкоўнай акругі протаіерэй Віктар Паляціла і настаяцель храма Вялікамучаніцы Параскевы Пятніцы аграгарадка Арэхава протаіерэй Анатоль Дударчук.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

 

 

 

Поделиться:
  •  
  • 10
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий