Гарачыя дні жніва на Маларытчыне

На Маларытчыне ідзе  ўборка азімых збожжавых. Першымі да жніва прыступілі аграрыі СУП “Савушкіна”, затым да абмалоту далучыліся і іншыя сельгасарганізацыі раёна.

Па словах першага намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Галоўчыка, агульная плошча сельскагаспадарчых угоддзяў пад збожжавымі сёлета складае 11224 га, у тым ліку пшаніца займае 133 га, жыта – 3957 га, трыцікале – 2459 га. На ўборцы будзе задзейнічана 48 камбайнаў. Нагрузка на кожны з іх складзе 230 га. Тэмпы жніва будуць залежыць ад надвор’я. З ураджаю 2024 года неабходна паставіць для дзяржаўных патрэб 4430 тон збожжа.

Азімы ячмень на зерне ў раёне ўбраны на плошчы 936 га (100 % да ўборачнай плошчы), намалочана 1700 тон пры сярэдняй ураджайнасці 17,2 ц/га.

– Пра масавую ўборку пакуль рана гаварыць, – сказаў першы намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Галоўчык. – На палях даспеў толькі азімы ячмень. Уборка яго – магчымасць праверыць гатоўнасць тэхнікі, сушыльныя комплексы, скарэктаваць нейкія арганізацыйныя моманты. Азімы ячмень дае салому на подсціл жывёлы і вызваляе плошчы пад пасевы паўкосных і пажніўных культур. Па нашых назіраннях у апошнія гады з-за кліматычных умоў азімы ячмень больш ура­джайны за яравы.

Пакуль цяжка дакладна сказаць, якім ура­джаем парадуе хлебаробаў Маларытчыны зерневы палетак гэтага года. Прагноз не варта рабіць, бо многае залежыць ад надвор’я. Аднак тэхнічная аснашчанасць гаспадарак, віды на ўраджай абавязваюць хлебаробаў праводзіць жніво ў кароткія тэрміны і з найменшымі стратамі. Галоўная задача – якасна і своечасова сабраць ура­джай. Асаблівая ўвага таксама надаецца пажарнай бяспецы: правя­дзенню дадатковых інструктажаў, наяўнасці вогнетушыцеляў у кабінах збожжаўборачнай тэхнікі, дзяжурствам работнікаў РАНС, наяўнасці цыстэрнаў з вадой…

* * *

Адзінаццаць гадзін. На градусніку – 29 градусаў вышэй за нуль. Нягледзячы на выхадны дзень, у ААТ “Макраны” з самага ранку поўным ходам ідзе ўборка. Ва ўрочышчы “Выскідзень” шчыруе шэсць экіпажаў камбайнераў.

– На гэтым палетку, які займае плошчу 140 гектараў, убіраем азімы рапс, – гаворыць галоўны аграном сельгаспрадпрыемства  Іван Панчук. – Сёлета ён пасеяны на плошчы 350 га. Від на ўраджай нядрэнны. За першы дзень уборкі намалацілі 136 тон. У ліку перадавікоў жніва – экіпаж камбайнераў у складзе Уладзіміра Алесіюка і Вадзіма Смаля.

Уладзімір Васільевіч – вопытны механі­затар.  У ААТ “Макраны” працуе з 1995 года трактарыстам, а на час жніва перасаджваецца за штурвал камбайна. Умовамі працы і сваім зернеўборачным камбайнам “GOMSELMASH GS12A1” мужчына задаволены. Лічыць, што  ў ім знайшлі ўдалае спалучэнне камфорт, правераныя часам тэхналогіі і тэхнічныя рашэнні.

Імкнецца не адстаць ад свайго вопытнага калегі і камбайнер Вадзім Смаль. На працу трактарыстам у ААТ “Макраны” ён прыйшоў пасля заканчэння Маларыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя. Сёлетні год для Вадзіма Мікалаевіча стане  трэцім  уборачным сезонам. Малады камбайнер спадзяецца, што ён будзе багатым на ўраджай.

Уладзімір Алесіюк зазначыў, што цяпер для хлебароба кожная пагодлівая хвіліна на ўліку. Для тых, хто шчыруе на палетках, важна, каб камбайны не ламаліся і было добрае надвор’е. “А за намі справа не пастаіць, мы справімся”, – сказаў камбайнер.

Навум МІКАЛАЕЎ.

Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  • 9
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий