Студатрадаўскае лета на Маларытчыне

На Маларытчыне працягваецца трэці працоўны семестр. Арганізатарам яго традыцыйна выступае раённы камітэт грамадскага аб’яднання “БРСМ”. Па словах яго першага сакратара Марыі Горнік, якая займаецца арганізацыяй дзейнасці студатрадаў на тэрыторыі Маларытчыны, летняя занятасць моладзі – адна з прыярытэтных задач аб’яднання. Студэнцкія атрады сёлета акажуць дапамогу некалькім арганізацыям раёна. З удзельнікамі студатрада заключаецца працоўны дагавор падраду і праводзіцца абавязковы інструктаж па ахове працы. Кожны з байцоў мае працоўную кніжку, а па выніках адпрацаваных дзён атрымае і зарплату. Трэці працоўны семестр для дзяўчат і юнакоў праходзіць цікава і з карысцю.

У ААТ “Чырвоны партызан” з 1 па 15 ліпеня дзейнічае  студэнцкі  сельскагаспадарчы атрад “Юныя партызаны” імя Марата Казея. Дапамогу  прадпрыемству аказваюць вучні дзявятых і адзінаццатых класаў Лукаўскай сярэдняй школы і  адзін студэнт трэцяга  курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У СУП “Хаціслаўскі”  працуе  студэнцкі сельскагаспадарчы атрад “Юнацтва” імя Пятра Гаўрылава. З 1 па 15 ліпеня навучэнцы  Брэсцкага  дзяржаўнага каледжа транспарту і сэрвісу, Маларыцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў,  Хаціслаўскай сярэдняй школы, Брэсцкага дзяржаўнага абласнога ліцэя імя П.М. Машэрава шчыруюць на добраўпарадкаванні тэрыторыі прадпрыемства.

З 10 чэрвеня па 8 ліпеня на базе Маларыцкай ПМК-8 дзей­нічаў будаўнічы атрад “Лі­дар” імя Я.М. Фаміна. У атра­дзе, які ўзначальвала студэнт­ка Брэсцкага дзяржаўнага тэх­нічнага ўніверсітэта Ксенія Паўловіч, працавалі вучні сярэд­ніх школ №1 і №2 Андрэй Клачан (камісар), Максім Кузьміч, Яраслаў Крывіч, Дзмітрый Лямачка, Станіслаў  Сцепанюк. Гэта актыўныя і мэтанакіраваныя маладыя людзі, якія арыентаваны на стваральную працу. Марыя Горнік адзначыла, што студатрадаўцы ахвотна бяруцца за любую даручаную справу,  спраўляюцца з ёю ў тэрмін, ставяцца да абавязкаў старанна і адказна.

Андрэй Клачан перакананы, што трэці працоўны семестр – час яркіх і незабыўных эмоцый, калі можна зарадзіцца добрым настроем, трошкі падзарабіць. Гэта дае магчымасць адчуць  сябе самастойным і мець сродкі на кішэнныя выдаткі. Праца ў студатрадзе развівае лідарскія якасці,  вытрымку, вырашае праблему вольнага часу, вучыць працаваць у калектыве.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  • 6
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий