З увагай і добрым настроем да кожнага пакупніка – своеасаблівы дэвіз працы калектыву крамы “Родны кут” у аграгарадку Лукава
28 ліпеня – Дзень работнікаў гандлю
Калектыў гэты шчыруе ў вясковай краме толькі другі год, але ўжо заслужыў павагу і ўдзячнасць жыхароў і гасцей Лукава. Тут не толькі добры выбар тавараў, але і вельмі добразычлівыя прадаўцы працуюць. У складзе калектыву – тры абаяльныя жанчыны: Вольга Галавійчук, Галіна Гуляй і Ніна Макарук (загадчыца). І ўсе яны ў гандлі не навічкі. Найбольшы працоўны стаж у Галіны Гуляй – з 1984 года шчыруе яна ў сістэме райспажыўтаварыства пасля заканчэння Маларыцкага кааператыўнага вучылішча. Галіна Іванаўна ўжо на заслужаным адпачынку, але згадзілася яшчэ папрацаваць і, па просьбе кіраўніцтва, перайшла ў лукаўскі “Родны кут” з цэнтральнага прадуктовага магазіна ў райцэнтры, дзе ў дружным калектыве адпрацавала 35 гадоў. Галіну Гуляй, як і Вольгу Галавійчук, на работу райспажыўтаварыства дастаўляе сваім транспартам з Маларыты, а Ніну Макарук – з Макран.
Ніна Афанасьеўна па прафесіі бухгалтар, чатырнаццаць гадоў яна адпрацавала ў калгасе “Новы шлях”, а потым жыццё склалася так, што ёй давялося быць і страхавым агентам, і аператарам пульта кіравання ў ахове, і дырэктарам магазіна “Еўраопт” у Макранах. Некаторы час быў у яе з мужам і ўласны магазін “Церамок”. Крыху больш за год таму, калі Ніна Афанасьеўна выйшла ўжо на заслужаны адпачынак, ёй прапанавалі пасаду загадчыцы крамы “Родны кут” у Лукаве. Жанчына згадзілася, бо не любіць сядзець без справы, а тут і калектыў добры падабраўся. Усе дружна працуюць на агульны вынік, клапоцяцца, каб у дастатку было ў краме неабходных прадуктаў, сочаць за тэрмінамі прыдатнасці і асартыментам прадукцыі, стараюцца, каб ён мог задаволіць самага патрабавальнага пакупніка.
Вольга Галавійчук некалі марыла стаць правадніцай вагона, але жыццё – непрадказальная з’ява. Вольга выйшла замуж, і давялося ёй шукаць работу ў Маларыце. Азы прафесіі прадаўца атрымала яна ў магазіне “Родны кут” ад яго загадчыцы Веры Паўлаўны Мельнікавай – прафесіянала сваёй справы і цудоўнага настаўніка. А калі гэты вялікі супермаркет закрылі, следам за сваёй настаўніцай перайшла на працу ў “Блюз”. І вось ужо другі год шчыруе ў “Родным куце” ў Лукаве. А ўсяго ў яе за плячыма 10 гадоў працы ў гандлі. Працуе Вольга з іскрынкай, з маладым запалам, яна быццам “энерджайзер” усяго калектыву і зараджае сваёй энергіяй калег.
Выходзяць на працу жанчыны пазменна, па графіку 2/2. Райспажыўтаварыства забяспечыла іх дастойнай зарплатай і дастаўляе сваім транспартам на працу і дамоў. Кожны ранак пры неабходнасці гэты ж транспарт прывозіць у краму свежы хлеб, садавіну і агародніну, іншыя прадукты. Графік працы крамы “Родны кут” – з 9.00 да 21. 00, што вельмі зручна вяскоўцам і тым, хто летам прыязджае адпачыць на Лукаўскае возера. Таму дзверы магазіна ў летні час амаль не зачыняюцца, асабліва шмат пакупнікоў у выхадныя. Сюды прыемна зайсці гарачым летнім днём, бо у памяшканні магазіна працуюць кандыцыянеры, і спакойна выбраць неабходны тавар. А выбар яго, у чым мы ўпэўніліся самі, тут даволі разнастайны. Малочная прадукцыя ад некалькіх вытворцаў, багаты выбар паўфабрыкатаў: галубцы, блінцы, чабурэкі, самса, шашлык у марынадзе, розныя каўбасы. У маразільнай камеры вочы разбягаюцца ад розных найменняў марожанага, шмат у краме таксама напояў, што вельмі актуальна ў такі спякотны час. Акрамя рознай гаспадарчай драбязы тыпу цвікоў, лямпачак, ёсць у продажы мыйныя сродкі, канцтавары і посуд, сельгасінвентар ды яшчэ шмат чаго. Можна прыдбаць тут нават мангал ды вугаль, каб распаліць яго. Увогуле “Родны кут” паспяхова канкурыруе ў вёсцы з прыватным магазінам “Алькор”, калектыў выконвае даведзены план тавараабароту, а ён даволі вялікі для сельскай крамы. І Галіна Гуляй, і Вольга Галавійчук, і Ніна Макарук робяць усё для таго, каб пакупнікі пакідалі краму з добрым настроем. Рэдка хто выходзіць за яе парог з пустымі рукамі: людзі набываюць прадукты, а разам з імі і спадарожныя тавары. Ды яшчэ атрымліваюць зусім бясплатна шчырыя ўсмешкі ад ветлівых прадаўцоў.
Напярэдадні Дня работнікаў гандлю мы пажадалі дружнаму калектыву крамы “Родны кут” новых поспехаў у працы і ўдзячных пакупнікоў.
Галіна Пракапук.
Фота Алега Крэмянеўскага.