Перавісь: вёсачка на паўднёвай ускраіне
Па сельскай вуліцы з блакнотам
Цёплым жнівеньскім днём, калі бярозкі ўжо ўпляталі ў свае косы першыя жоўтыя стужкі, рэдакцыйныя шляхі-дарогі прывялі нас у ціхую лясную вёску Перавісь Арэхаўскага сельсавета. Час наклаў свой адбітак і на гэты населены пункт на паўднёвай ускраіне раёна, і калі ў 1998 годзе тут налічвалася 28 двароў і 65 жыхароў, то зараз, па дадзеных сельсавета, тут прапісана ўсяго 17 чалавек – 6 працаздольных і 11 пенсіянераў. У вёсцы 9 домаўладанняў, але пастаянна пражываюць людзі толькі ў сямі дамах.
Чым жыве сёння Перавісь і яе жыхары, мы пацікавіліся ў некаторых яе насельнікаў.
Доўгажыхарка
Вользе Кірылаўне Жох праз колькі месяцаў споўніцца 90 гадоў. Абавязкова пазнаёміцца з гэтай цікавай жанчынай і дбайнай гаспадыняй параіла старшыня Арэхаўскага сельскага Савета Святлана Вітаноўская, якая стараецца часцей наведваць жыхароў такіх вось маленькіх вёсачак на тэрыторыі сельсавета, каб ведаць іх праблемы і па магчымасці нечым дапамагчы.
На адзінай у вёсцы вуліцы знайсці белую хатку бабулі Вольгі няцяжка яшчэ і таму, што падворак прыцягвае ўвагу сваёй чысцінёй і акуратнасцю. Гаспадыня ўжо чакала нас і ахвотна згадзілася расказаць пра сваё жыццё.
Маці Вольгі нарадзіла дванаццаць дзетак, але выжылі з іх толькі сямёра. Вольга была пятай сярод сваіх братоў і сясцёр. Пра дзяцінства бабуля не любіць расказваць, бо, як сама кажа, добрага ў ім было мала. Страшныя гады фашысцкай акупацыі і нялёгкі пасляваенны час пакінулі цяжкія ўспаміны. Сказала яна толькі, што адукацыі не мае ніякай, бо ў школу не хадзіла і дня. Вялікая сям’я не мела сродкаў, каб вучыць дзяцей. “ Мы, малыя, хіба толькі не галадалі, – расказвала жанчына, – бо бацька наш сталяр быў выдатны і каваль”.
Вольга Кірылаўна ўсё сваё жыццё шчыравала ў калгаснай паляводчай брыгадзе. Колькі працы перарабілі на палях яе нястомныя рукі, не пералічыць! Лён палолі, слали, церлі, вялікія надзелы буракоў за лета апрацоўвалі. А побач, на ўскрайку поля, гулялі яе дзеці, а хто меншы быў, спаў у калысцы, падвешанай да кіёў. А як жа інакш? – Садкоў дзіцячых тады не было. Маці хварэла і рана пайшла з жыцця. Спадзявацца больш не было на каго. Муж, Мікалай Данілавіч, працаваў трактарыстам на гусенічным трактары. Прыедзе вечарам дамоў, успамінала жанчына, увесь з ног да галавы чорны, адны толькі зубы бялеюць. Цяжкасці загартоўвалі Вольгу Кірылаўну і, здаецца, надавалі ёй сіл. Разам з мужам выгадавала яна пяцярых дзяцей. На жаль, сёння дваіх старэйшых сыноў ужо няма ў жывых, дваццаць адзін год мінуў, як няма і мужа. Ды і з родных братоў і сясцёр нікога ўжо не засталося. “ А раней вунь там, праз дарогу, мая сястра з сям’ёй жыла, а ў той хаціне – родны брат, – успамінала бабуля Вольга. – Весела тады было, дзетак шмат у вёсцы гадавалася. А зараз праз дарогу ад маёй шэсць пустых хат стаіць. Суседка Надзя Бягеза, што жыве з мужам і сынам праз хату, часцяком мяне праведвае, а калі і я да іх зайду паразмаўляць пра жыццё-быццё”.
“А хто ў той прыгожай жоўтай хаце жыве?” – цікаўлюся я. “Ніхто не жыве, – адказвае бабуля Вольга. – Гэта дачка гаспадыні Ніна перапісала на сябе хату і навяла з сынамі вакол яе парадак, пафарбавала звонку. Гледзячы на іх, і я ўзяла сякеру ды павысякла ля дарогі зараснікі акацыі”.
Дзеці Вольгі Кірылаўны не забываюць пра маці, усяк стараючыся аблегчыць ёй быт. Машынку пральную падарылі на дзень нараджэння. “Націсну, – кажа бабуля, – на дзве кнопачкі – і яна ўсё мне памые. Бойлер з гарачай вадой у хаце ўстанавілі і прабілі свідравіну, каб агарод можна было паліваць”.
Пра агарод бабулі Вольгі – асобная размова. Які ён дагледжаны і ўпарадкаваны – гэта трэба бачыць! Вось на акуратна падвязаных кустах даспяваюць на сонцы чырванабокія памідоры, побач – салодкі перац, градачкі з клубніцамі. А з другога боку – кабачкі, фасоля, гарбузы, бульба і нават кавуны. І ўсюды на градах ідэальны парадак, нідзе ні зеллінкі. Вольга Кірылаўна ўсю сваю гародніну сама даглядае. Сыны пытаюць у маці, навошта так многа ўсяго садзіць. “А я, – кажа жанчына, – без працы не магу. І бульбу яшчэ да гэтага года сама капала ўручную – для мяне лепшай работы няма. Па начах, бывае, так рукі-ногі баляць, што не ведаю, як хату перайсці. А ўдзень як вазьму капачку ў рукі, дзе толькі сіла тая бярэцца. Люблю святую зямлю і працаваць на ёй!” І дадае: “Не разумею, чаму маладыя скардзяцца, што ўсё ім цяжка. Зараз жыццё намнога лягчэйшае, чым у нашай маладосці было. І жыць цяпер добра, каб толькі здароўе не падводзіла. Але і так не магу Бога гнявіць: хаджу на сваіх нагах і працую яшчэ. Урачы таксама не забываюць пра нас, пажылых. Прыязджалі, рабілі кардыяграму і аналізы бралі. Аўталаўка амаль пад самую хату прадукты прывозіць, а вадзіцель яе, такі ж добры чалавек, дапамагае мне заўсёды скласці пакупкі ў сумку”.
“А хто вам хаціну бяліў?” – пытаюся ў бабулі. “Сама бяліла, колькі дастану рукой, а вышэй дачка Ніна фарбавала”, – пачула я ў адказ. Дай Бог, Вольга Кірылаўна, кожнаму з нас мець такую актыўнасць у шаноўным узросце.
Развітваючыся з бабуляй сямі ўнукаў і сямі праўнукаў, мы пажадалі ёй здароўя на доўгія гады і заставацца такой жа аптымісткай па жыцці.
Галіна ПРАКАПУК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.