У Маларыцкай ЦРБ да працы прыступілі маладыя спецыялісты

Як расказвала ўжо раённая газета, першага жніўня   пасля заканчэння медыцынскіх навучальных устаноў краіны ў Маларыцкай ЦРБ да працы прыступілі маладыя спецыялісты. Сярод навабранцаў у белых халатах – два ўрачы і шэсць  спецыялістаў сярэдняга медыцынскага звяна. За імі адразу  былі замацаваны настаўнікі з ліку медыкаў, якія маюць шматгадовы вопыт работы, могуць  паказаць прыклад, падказаць пры неабходнасці, перадаць маладым свае веды, уменні і навыкі. На гэтым клопат пра маладых спецыялістаў ва ўстанове аховы здароўя не спыняецца. Яны не застаюцца далей сам-насам з рэаліямі самастойнага працоўнага жыцця. Апошняе таму пацвярджэнне – круглы стол, які традыцыйна ў ЦРБ праводзіцца  ў канцы жніўня.

На гэты раз за ім сабраліся разам адміністрацыя ЦРБ, маладыя спецыялісты, іх настаўнікі і прадстаўнікі прафсаюзнага камітэта. За кубкам кавы ішла шчырая і зацікаўленая размова аб надзённым і актуальным. Праляцеў месяц самастойнай работы. Адміністрацыю і прафсаюзны камітэт цікавіла, як прайшла адаптацыя і станаўленне кожнага маладога спецыяліста, якія пытанні ўзніклі, якія праблемы неабходна неадкладна дапамагчы вырашыць, ці камфортна працаваць… Падчас круглага стала размова зайшла таксама і  пра  ўмовы працы, памер заработнай платы, жыллёва-бытавыя ўмовы маладых спецыялістаў,  пытанні іх прававой абароны, працоўных адносін, правоў і гарантый,  арганізацыю адпачынку ў вольны час.

 Думкамі пра маладых спецыялістаў падзяліліся замацаваныя за імі настаўнікі. Яны выказалі свае меркаванні аб тым, што неабходна яшчэ ўдасканаліць, удакладніць, каб настаўніцтва стала сапраўды эфектыўным і выніковым механізмам, працавала на станоўчы вынік.

Старшыня прафсаюзнай арганізацыі ўстановы аховы здароўя Тамара Дзядзюк пажадала маладым медработнікам не баяцца жыццёвых і прафесійных цяжкасцей, заклікала не заставацца ўбаку і актыўна прымаць удзел у грамадскім, спартыўным жыцці і культурнай дзейнасці ўстановы аховы здароўя.

Галоўны ўрач Анжэла Марчанка яшчэ раз запэўніла, што адміністрацыя Маларыцкай ЦРБ заўсёды адкрыта для прапаноў і ініцыятыў, зробіць усё магчымае, каб маладым спецыялістам спадабалася ва ўстанове аховы здароўя, каб яны змаглі раскрыцца найперш прафесіянальна, сталі майстрамі сваёй справы, а пасля абавязковай адпрацоўкі засталіся ў ёй працаваць.

  Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

 

Поделиться:
  •  
  • 11
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий