Дзень вёскі Пажэжын прайшоў у мінулыя выхадныя
Весела і запамінальна ў мінулыя выхадныя прайшоў Дзень вёскі Пажэжын. Вядучая свята Ларыса Голуб распачала праграму “Я тут жыву, і край мне гэты дарагі” з прыгожых слоў і вершаваных радкоў аб вёсцы, маляўнічасці навакольных краявідаў, працавітых і шчырых людзях, што жывуць тут, гадуюць дзяцей, цёплых пачуццях да роднага кутка, якія застаюцца ў душы чалавека назаўсёды.
Радасць свята з жыхарамі Пажэжына раздзяліў старшыня Велікарыцкага сельвыканкама Віктар Кірычун. Ён звярнуўся да вяскоўцаў са шчырымі словамі віншавання са святам, пажадаў далейшага росквіту населенаму пункту, а ўсім яе жыхарам – шчасця, здароўя, дабрабыту, міру.
Па традыцыі на Дні вёскі ў Пажэжыне ўшанавалі самага сталага яго жыхара – Лідзію Багнюк. Жанчыне 9 ліпеня споўнілася ўжо 94 гады.
Шчырымі апладысментамі прысутныя віталі самага маленькага жыхара Пажэжына. Да нядаўняга часу ім з’яўляўся Арсеній Ярмашук. Аднак 18 верасня адбылася “змена” ў гэтай намінацыі: у сельвыканкаме зарэгістравана нараджэнне Эміліі Васілеўскай. Цяпер яна афіцыйна з’яўляецца самай юнай жыхаркай населенага пункта.
Не засталіся без увагі і падарункаў на свяце сямейныя пары, якія пражылі ў шлюбе не адзін дзясятак гадоў і выгадавалі дзяцей, маюць унукаў і праўнукаў. 30 гадоў рука ў руку шчасліва па жыцці ідуць Галіна і Леанід Штык, 40 гадоў – Ларыса і Віктар Кірычун, Ларыса і Станіслаў Голуб, Таццяна і Сяргей Падгорныя, Вольга і Уладзімір Федарукі, Любоў і Анатоль Барысюкі, 45 гадоў – Галіна і Анатоль Семянюкі, 50 гадоў – Ганна і Аляксандр Лысюкі, Вольга і Васіль Мыкуш.
Прысядзібныя ўчасткі, якія патанаюць у рознакаляровых кветках, – упрыгожванне любога населенага пункта. Гэта шматдзённая і карпатлівая праца гаспадароў. На Дні вёскі таксама падвялі вынікі конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне. Пераможцамі намінацыі “Сядзіба” сталі Галіна і Анатоль Семянюкі.
Шмат у Пажэжыне таленавітых людзей. Гэта пацвердзіла выстава твораў мясцовых умельцаў. Прысутныя на свяце маглі палюбавацца на сапраўдныя шэдэўры, створаныя рукамі Ганны Чараднячэнкі, Святланы Барысюк, Наталлі Мартысюк, Любові Барысюк, Розы Данілевіч і Валянціны Ліцвінкі.
Святочны настрой падчас Дня вёскі стваралі выступленні вакальнага ансамбля Велікарыцкага сельскага Дома культуры “Рытчанка” і народнага ансамбля народнай песні “Рыцкі куфэрак” Маларыцкага гарадскога Дома культуры.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота Алега Крэмянеўскага.