Выстава-партрэт “Універсітэт у асобах. Прафесар Марыя Жыгалава” адкрылася у бібліятэцы Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта
У бібліятэцы Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта адкрылася выстава-партрэт “Універсітэт у асобах. Прафесар Марыя Жыгалава” маларытчынкі, доктара педагагічных навук, прафесара кафедры лінгвістычных дысцыплін і міжкультурных камунікацый, сапраўднага члена Акадэміі педагагічных і сацыяльных навук Расіі, заслужанага настаўніка Беларусі Марыі Жыгалавай.
На яе рахунку – больш за 400 навуковых работ (манаграфій, вучэбных дапаможнікаў), якія ўбачылі свет не толькі ў Беларусі, але і Расіі, Украіне, Польшчы, Іране, Германіі, Румыніі, Таджыкістане, Узбекістане. 215 яе прац цяпер можна знайсці і прачытаць у інтэрнэце анлайн.
Навуковыя інтарэсы Марыі Жыгалавай – дыдактычная філалогія, гуманітарная адукацыя ў кантэксце дыялогу расійскай, айчыннай і еўрапейскай адукацыі; развіццё літаратур і культур у мультыкультурнай адукацыйнай прасторы; мастацкі твор як міжкультурны ўніверсум; супастаўляльнае вывучэнне і выкладанне славянскай літаратуры ў кантэксце дыялогу культур і цывілізацый.
Марыя Жыгалава таксама распрацавала спецкурсы па аўтарскіх праграмах і падручніках: «Русскоязычная литература пограничья», «Художественное произведение как межкультурный универсум», «Интерпретация и анализ художественного произведения», «Традиционное и новаторское в анализе художественного произведения как эстетического целого», «Методические технологии в филологическом образовании», «Этновитальность и мультикультурность в полиэтнической литературе». Наша зямлячка ў многіх краінах свету праводзіць навукова-метадычныя семінары і відэалекцыі, дае майстар-класы для выкладчыкаў універсітэтаў.
Марыя Пятроўна ўдзельнічала ў выкананні сумеснага з Расіяй міжнароднага адукацыйнага праекта па выкладанню рускай мовы на нефілалагічных спецыяльнасцях ВНУ краін СНД. З кастрычніка 2008 года па ліпень 2009 года праходзіла постдоктарскую стажыроўку ва ўніверсітэце імя Гумбальта (Берлін). У рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва паміж Польшчай Беларуссю і Украінай Марыя Жыгалава была навуковым кіраўніком (з беларускага боку) сумеснага міжнароднага праекта “Культура памежжа – інтэграцыйны мост паміж мясцовымі супольнасцямі ў еўрарэгіёне Буг”. Вынікам рэалізацыі праекта стала кніга “Народныя песні польска-беларускага памежжа”.
Марыя Жыгалава і цяпер не сядзіць без працы. У яе шмат задумак і пакуль што нерэалізаваных планаў.
Мікалай НАВУМЧЫК.