Ветэраны працы раёна праехаліся з экскурсіяй па родным краі

 Ветэранская арганізацыя работнікаў педагагічнай працы і галіновага прафсаюза Маларыцкага раёна была створана ў 1987 годзе. З 15 сакавіка 2006 года яе ўзначальвае Сафія Якубчык. Яна ў пастаянным пошуку новых форм і метадаў работы з тымі настаўнікамі, якія ўжо на заслужаным адпачынку. Для іх пастаянна арганізоўваюцца розныя мерапрыемствы, паездкі і экскурсіі, праводзяцца цікавыя сустрэчы…

Ветэранская арганізацыя работнікаў педагагічнай працы і галіновага прафсаюза Маларыцкага раёна цесна супрацоўнічае з Маларыцкай раённай арганізацыяй Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. Дарэчы, яе адказным сакратаром шмат гадоў з’яўляецца Сафія Якубчык.

Па яе словах, у ліку прыярытэтных задач Маларыцкай раённай арганізацыяй Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў – сацыяльная абарона ветэранаў, паляпшэнне іх матэрыяльнага становішча, жыллёвых умоў, гандлёвага, бытавога, медыцынскага, культурнага і іншых відаў абслугоўвання, далучэнне да грамадскай і пасільнай працоўнай дзейнасці. Ветэраны працы, у тым ліку – і педагагічнай, актыўна падтрымліваюць мерапрыемствы органаў дзяржаўнай улады, накіраваныя на паляпшэнне жыцця народа, забеспячэнне стабільнасці ў краіне, павышэнне аўтарытэту Рэспублікі Беларусь у свеце, а таксама прымаюць удзел сумесна з дзяржаўнымі органамі і грамадскімі аб’яднаннямі ў падтрыманні ў належным стане помнікаў баявой і працоўнай славы, месцаў пахавання абаронцаў Радзімы, увекавечанні іх памяці, ва ўстанаўленні лёсаў зніклых без вестак і інш.

Ветэранская арганізацыя работнікаў педагагічнай працы і галіновага прафсаюза і Маларыцкая раённая арганізацыяй Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў разам арганізоўваюць і праводзяць  шмат розных мерапрыемстваў. Нядаўна адбылося адно з іх – экскурсія  па родным краі. Ветэраны працы раёна праехаліся па маршруце Маларыта – Хаціслаў – Сушытніца – Мельнікі – Маларыта. Яны даведаліся шмат новага і цікавага.

Ветэраны працы наведаліся да Кургала Славы бліз аг. Хаціслаў, дзе пахаваны астанкі воінаў 75-ай стралковай дывізіі, якія ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны гераічна змагалася з захопнікамі. Пра іх подзвіг, месцы жорсткіх баёў, якія ішлі ў першыя дні Другой сусветгнай вайны па лініі абароны Хаціслаў – Мельнікі – Мелавая гара, расказаў былы настаўнік гісторыі Мельніцкай БШ Пётр Ківачук.  Ля Кургана Славы ўдзельнікі экскурсіі хвілінай маўчання ўшанавалі памяць абаронцаў і ўсклалі жывыя кветкі.

Наступны прыпынак – Спаса-Праабражэнскі храм аг.Хаціслаў. Тут  яго настаяцель протаіерэй Пётр Пяшко расказаў пра гісторыю храма, пра тых, хто зрабіў унёсак у развіццё духоўнасці на Маларытчыне. Далей ветэраны працы наведалі храм у гонар Смаленскай іконы Божай Маці “Адзігітрыя” ў в.Сушытніца. Дарэчы, ён урачыста быў асвечаны 30 верасня 2022 года, калі Праваслаўная царква ўшаноўвае памяць святых пакутніц Веры, Надзеі, Любові і маці іх Сафіі.

Шмат эмоцый выклікала знаходжанне  ля помніка загінулым землякам у гады Вялікай Айчыннай вайны “Журботная маці” ў аг. Хаціслаў.  Тут знайшлі  свой спачын 60 воінаў і партызан, 96 мірных жыхароў, якія загінулі ў гады вайны, 5 актывістаў, якія аддалі сваё жыццё  ў барацьбе з ворагамі  савецкай улады. Іх памяць таксама была ўшанавала хвілінай маўчання. Да  помніка ветэраны працы ўсклалі жывыя кветкі.

У Мельніцкай БШ удзельнікаў вандроўкі па родным краі чакала цікавая экскурсія па сямі экспазіцыях музея ўстановы адукацыі, якую правёў Пётр Ківачук. Падчас яе вучаніца 8 класа Аляксандра Саўчук пранікнёна прачытала верш пра падзеі мінулай вайны, які напісала ветэран педагагічнай працы Галіна Братчук.

На беразе абводненага кар’ера “Мельнікі” ветэраны працы падвялі вынікі экскурсіі, абмеркавалі і спланавалі сумесную работу ветэранскай арганізацыі работнікаў педагагічнай працы і галіновага прафсаюза і Маларыцкай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў на некалькі месяцаў наперад.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

 

Поделиться:
  •  
  • 5
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий