Яркае святочнае мерапрыемства для людзей залатога ўзросту прайшло ў гарадскім Доме культуры
Дзень пажылых людзей – асаблівы для ўсіх пакаленняў. Ён дае нам дадатковую магчымасць выказаць усім людзям старэйшага ўзросту словы сардэчнай удзячнасці за іх воінскія і працоўныя подзвігі, за вялікі ўклад у развіццё Беларусі, роднага краю. Іх жыццё – прыклад самаадданасці, мужнасці, бескарыслівага служэння Радзіме. Дзякуючы пажылым людзям, наша краіна перамагла ў Вялікай Айчыннай вайне, адбудавалася, дасягнула поспехаў у навуцы і тэхніцы, не зламалася і выстаяла ў складаныя гады станаўлення незалежнасці.
На Маларытчыне за апошнія 10 гадоў колькасць людзей ва ўзросце старэйшых за 65 гадоў узрасла з 15 да 18 працэнтаў і на сённяшні дзень складае 4064 чалавекі. Ёсць у раёне і доўгажыхары. Гэта 114 мужчын і жанчын ва ўзросце ад 90 да 99 гадоў. Стогадовы юбілей жыцця адзначылі Ганна Пракапук (нарадзілася ў 1921 годзе) і Вера Кулічык (нарадзілася ў 1924 годзе).
У аўторак, 1 кастрычніка, людзей залатога ўзросту запрасілі ў гарадскі Дом культуры на яркае святочнае мерапрыемства. Інтэрактыўная пляцоўка Маларыцкай цэнтральнай раённай аптэкі № 14 прапаноўвала наведвальнікам заспакойлівую гарбату і гарбату ад кашлю, а таксама – для ўмацавання імунітэту. Маларыцкае райспажыўтаварыства частавага свежай і пахучай выпечкай уласнай вытворчасці, а Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат прапаноўваў прадэгусціраваць сваю вітамінную прадукцыю. Маларыцкая раённая бібліятэка запрасіла на выставу «Узрост восені, ты дарагі і цудоўны!», дзе можна было пагартаць падборку спецыяльнай літаратуры і перыядычных выданняў для людзей пажылога ўзросту. На інтэрактыўных пляцоўках цэнтра банкаўскіх паслуг № 120 адкрытага акцыянернага таварыства «Ашчадны банк “Беларусбанк”» у г. Маларыта і цэнтра банкаўскіх паслуг № 115 у г.Маларыта рэгіянальнай дырэкцыі па Брэсцкай вобласці адкрытага акцыянернага таварыства “Белаграпрамбанк” можна было атрымаць кансультацыю па банкаўскіх укладах, крэдытах, паслугах, якія аказваюцца насельніцтву. Спецыялісты Маларыцкай цэнтральнай раённай бальніцы прапаноўвалі памераць артэрыяльны ціск і ўзровень цукру ў крыві, давалі карысныя парады да пытаннях здаровага ладу жыцця. Працавала інтэрактыўная пляцоўка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Маларыцкага райвыканкама. Спецыялісты Маларыцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях напаміналі прысутным, як засцерагчы сябе ад надзвычайных сітуацыях, аб правілах бяспечных паводзін, абыходжанні з электра- і газанагравальнымі прыборамі. Шматлюдна было і ля пляцоўкі Маларыцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Цікавасць у наведвальнікаў выклікала выстава работ “Золата душы”, асабліва – вышываныя работы Фаіны Самасюк і Тамары Кляшчэўскай.
Затым прайшоў святочны канцэрт “Песні нашай маладосці”. Падчас яго са словамі вітання да прысутных у зале звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Ляшчук. Ён адзначыў, што людзі старэйшага ўзросту – аснова нашага грамадства, выказаў падзяку тым, хто, не шкадуючы сіл, працаваў, каб у нашай краіне запанавалі адзінства, узаемная падтрымка і грамадская згода. Многае з таго, чым сёння ганарыцца наш народ, што складае аснову яго сучаснага эканамічнага і культурнага патэнцыялу, – вынік менавіта шматгадовай самаадданай працы пажылых людзей. Для новых пакаленняў вельмі важныя іх вопыт і веды ва ўсіх сферах дзейнасці. Менавіта пажылыя людзі з’яўляюцца злучальным звяном з той багатай спадчынай, што нам засталася, могуць расказаць пра мінулае ад першай асобы.
Старшыня Маларыцкай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Фёдар Галянчук і благачынны Маларыцкай царкоўнай акругі протаіерэй Віктар Паляціла таксама далучыліся да віншаванняў. Яны пажадалі пажылым людзям зараду маладосці і бадзёрасці, быць адоранымі павагай, ласкай і клопатам родных людзей, трывалага здароўя, даўгалецця, быць патрэбнымі і карыснымі іншым, Божай падтрымкі на жыццёвым шляху.
Святочны канцэрт, які правяла Алена Свішчова, прайшоў на біс. Апладысментамі сустракалі прысутныя ў зале выступленні Аліны Дворак, Вікторыі Лышчык, Анастасіі Іолап, Алены Паліводы, Дзмітрыя Свішчова, вакальнага ансамбля “Акалада”, танцавальнага калектыву “Smile dance”, народнага хору ветэранаў працы (ГДК).
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.