Сваёй творчасцю жыхароў Маларытчыны парадаваў вакальны дуэт “ФіТ” Маркаўскага муніцыпальнага ўтварэння Іркуцкага раёна Расійскай Федэрацыі
На мінулым тыдні песні з берагоў Байкала гучалі ў раённай гімназіі падчас раённага свята “Букет сардэчных віншаванняў”, прымеркаванага да Дня настаўніка, а таксама ў Хаціслаўскім СДК.
Сваёй творчасцю жыхароў Маларытчыны парадаваў вакальны дуэт “ФіТ” Маркаўскага муніцыпальнага ўтварэння Іркуцкага раёна Расійскай Федэрацыі. Яго візіт у наш раён адбыўся ў рамках культурнага абмену, прадугледжанага Пагадненнем аб устанаўленні партнёрскіх адносін паміж Маларыцкім раёнам Рэспублікі Беларусь і Іркуцкім раёнам Іркуцкай вобласці Расійскай Федэрацыі.
“ФіТ” – гэта намеснік дырэктара Ягор Філімонаў і кіраўнік вакальнай студыі “Віртуозы” клубнага фарміравання рабочага пасёлка Маркава Іркуцкага раёна Алег Тубчынаў. Творчы калектыў быў створаны тры гады назад. Нягледзячы на гэта, у скарбонцы дасягненняў “ФіТа” ўжо шмат узнагарод. Напрыклад, калектыў заняў другое месца ў міжнародным шматжанравым конкурсе “Тэрыторыя талентаў” (г.Масква), атрымаў дыплом ІІ адкрытага міжмуніцыпальнага конкурсу эстраднай песні “Голас Сібіры-2023”, стаў лаўрэатам І ступені міжнароднага фестывалю-конкурсу “Сібір запальвае зоры”. Калектыў запрошаны прыняць удзел на міжнародным фестывалі-конкурсе эстраднай песні “Твой голас”, які ў пачатку лістапада пройдзе ў Маскве.
Выступленне вакальнага дуэта было сустрэта апладысментамі і прайшло на “біс”. Песні краналі сваёй шчырасцю, меладычнасцю, майстэрствам выканання.
Мы папрасілі іркутчан падзяліцца сваімі ўражаннямі ад наведвання Маларытчыны.
Ягор Філімонаў:
– У Беларусі і Маларыце я ўпершыню. Калі ехаў, з цікавасцю разглядаў краявіды за акном. Яны нагадваюць нашы, іркуцкія. Складвалася ўражаннне, што быццам бы вярнуўся дадому пасля вандроўкі. Гэта супакойвала, суцяшала. Перш за ўсё ў вочы кінулася чысціня і парадак на вуліцах вашых населеных пунктаў. На кожным кроку адчуваецца дбайная рука сапраўднага гаспадара. З упэўненасцю магу сказаць, што Маларыта – гарадок не толькі па-свойму ўтульны, чысты, прыгожы, але і адпавядае еўрапейскаму ўзроўню. Мне хацелася б жыць у такім гарадку!
Алег Тубчынаў:
–У вашым раёне мы пабывалі некалькі дзён. Аднак адразу адчулі шчырасць і гасціннасць маларытчан, цеплыню іх сэрцаў. Умеюць жа ў вас прымаць гасцей! А яшчэ прыемна ўразіў стан дарог і вуліц у населеных пунктах. Праехацца па іх – адчуць асалоду і задавальненне ад камфорту руху. Хочацца адзначыць і тое, што на Маларытчыне ўдзячная публіка, якая ўмее слухаць. Думаю, што наш дуэт яшчэ прыедзе ў ваш раён з канцэртнай праграмай.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.