Выстава рукадзельных работ медыцынскіх работнікаў прайшла ў Маларыцкай ЦРБ
У Маларыцкай цэнтральнай раённай бальніцы прайшоў агляд-конкурс рукадзельных работ сярод структурных падраздзяленняў установы аховы здароўя, прымеркаваны да Дня маці.
На творчае спаборніцтва былі прадстаўлены вырабы, выкананыя работнікамі Маларыцкай ЦРБ у розных тэхніках. Жанчыны здзівілі майстэрствам сваіх умелых рук і зачаравалі наведвальнікаў. А паглядзець, сапраўды, было на што! Кожны выраб гэтай выставы – свой маленькі рукатворны шэдэўр. Тут і прыгожыя ружы з кляновых лістоў, дрэвы і кветкі з бісеру, вышываныя карціны і ручнікі, звязаныя на спіцах цёплыя рэчы і кручком – сурвэткі, мяккія цацкі, сплеценыя з газетных трубачак кошыкі, корабы і гаршочкі, духмяны грачаны хлеб… Сярод гэтых арыгінальных работ, сшытых, звязаных, сплеценых, склееных, скручаных, спечаных, намаляваных, журы неабходна было выбраць лепшыя. Задача не з простых!
І вось падведзены вынікі. Першае месца прысуджана планава-эканамічнаму аддзелу, другое – аддзяленню хуткай медыцынскай дапамогі, трэцяе – тэрапеўтычнаму аддзяленню.
Выстава рукадзельных работ у Маларыцкай ЦРБ яшчэ раз пераканала, што тут працуюць не толькі высокакласныя спецыялісты, якія на выдатна ведаюць сваю справу, але і творчыя людзі.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.