Прафесійнае свята адзначылі работнікі культурнай сферы раёна

З упэўненасцю можна сказаць, што ў вялікай кагорце творчых лю­дзей Маларытчыны нямала таленавітых і крэатыўных спецыялістаў, якія ўсёй душой адданыя мастацтву і дзякуючы свайму майстэрству, багатай фантазіі і натхненню дораць добры настрой, радасныя моманты ўсім нам. У мінулую пятніцу работнікі культурнай сферы раёна  – нястомныя стваральнікі прыгожага, светлага, добрага – сабраліся ў вялікай зале Маларыцкага гарадскога Дома культуры, каб нарэшце адзначыць сваё прафесійнае свята.

Віншуючы работнікаў культуры, намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама Станіслаў Ляшчук выказаў ім словы шчырай падзякі ад кіраўніка раёна Аляксандра Каржа за выдатнае выступленне на абласных “Дажынках” у Мікашэвічах, па-майстэрску арганізаваныя і праведзеныя мерапрыемствы ў час Дня горада, за шматлікія выставы, прэзентацыі, канцэрты, за тое, што гэтыя таленавітыя людзі напаўняюць наша жыццё святам, дораць радасць далучэння да сапраўднай прыгажосці. Станіслаў Яўгенавіч пажадаў усім здароўя, натхнення і ўручыў заслужаныя ўзнагароды. Дыпломам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь узнагаро­джаны фіналіст Рэспубліканскага фестывалю  “Беларусь – мая песня” народны ансамбль народнай песні “Рыцкі куфэрак”. За шматгадовую добрасумленную працу, высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у захаванне і развіццё культуры і ў сувязі з 70-годдзем з дня нараджэння Граматай райвыканкама ўзнагароджаны канцэртмайстар народнага аркестра народных інструментаў Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў Уладзімір Махнач.

Цэлае сузор’е таленавітых работ­нікаў працуе ва ўстановах культуры раёна. За сваю добрасумленную працу яны атрымалі граматы і падзякі сектара культуры Маларыцкага райвыканкама з рук яго загадчыка Вольгі Краско. Вольга Васільеўна ўручыла таксама падзякі сектара культуры за актыўны  ўдзел у падрыхтоўцы выстаў на абласным фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2024”, за асабісты ўклад у развіццё і папулярызацыю народнай творчасці, удзел у арганізацыі міжнароднага фестывалю “Са спадчынай продкаў – у будучыню!”.

За актыўную грамадзянскую пазі­цыю, удзел у патрыятычных мерапрыемствах, значны асабісты ўклад у дзейнасць раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”, яе старшыня Галіна Стасюк уручыла падзякі Валянціне Ібрагімавай і Галіне Хомік.

У час святочнага мерапрыемства з гонарам і павагай былі названы імёны тых, хто ўсім сваім жыццём даказаў адданасць прафесіі – ветэранаў культуры раёна. Сярод іх Людміла Бягеза і Святлана Пятручык (стаж работы – 46 гадоў), Ганна Дайнека (42 гады), Людміла Андрайчук (39 гадоў), Людміла Гарысюк ( 37 гадоў) і многія-многія іншыя. Ветэраны-культработнікі атрымалі шчырыя апладысменты ў свой адрас і падарункі ад прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорта і турызма.

І, вядома ж, падарункам на свята ўсім прысутным у зале сталі яркія канцэртныя нумары ад калег.

Галіна Пракапук.

Фота Алега Крэмянеўскага.

 

 

 

Поделиться:
  • 6
  • 3
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий