Маларытчане прынялі ўдзел у абласным этапе конкурсу юных майстроў “Усё ў тваіх руках”
У Брэсцкім абласным цэнтры маладзёжнай творчасці адбыўся вочны этап абласнога конкурсу юных майстроў “Усё ў тваіх руках”. Ён прайшоў у рамках абласнога праекта “Таленты зямлі Берасцейскай”. Гэта мерапрыемства сабрала творчых дзяўчат і хлопцаў, якія на працягу трох гадзін павінны былі выканаць работы. Яны прадэманстравалі майстэрства сваіх рук у розных відах дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
У творчым спаборніцтве прынялі ўдзел і прадстаўнікі нашага раёна, якія займаюцца ў Маларыцкім раённым цэнтры творчасці для дзяцей і моладзі. Павел Ляшко здзівіў усіх драўлянай разьбой, стварыўшы з дрэва лесавічка (кіраўнік педагог дадатковай адукацыі Алена Горбік). Майстэрства хлопца і яго мастацкае бачанне зрабілі працу яскравай і запамінальнай. Павел па выніках конкурсу ўзнагароджаны дыплом І ступені. Яўгенія Раманюк з цацкай з прыроднага матэрыялу “Саламяны сказ” зачаравала журы сваім арыхінальным падыходам да выканання конкурснай работы. Натхняльнік творчасці Яўгеніі – педагог дадатковай адукацыі Алена Паўлавіч. Удзел Яўгеніі ў творчым спаборніцтве адзначаны дыпломам ІІІ ступені. Анастасія Русавук прадставіла тэкстыльную ляльку “Траўніца”, падрыхтаваную пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Алены Паўлавіч. Конкурсная работа прыцягнула ўвагу арыгінальным дызайнам і высокай якасцю выканання. Анастасія ўганаравана дыпломам фіналіста. Валерыя Штунь “стварыла” керамічную фігурку “Дзядуля Мароз”, выкананую пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Ірыны Штунь. Работа дзяўчыны спалучае традыцыйныя рамёствы з сучаснымі падыходамі. Журы адзначыла “Дзядулю Мароза” дыпломам фіналіста за акуратнасць выканання і арыгінальнасць.
Конкурс “Усё ў тваіх руках” стаў не толькі месцам для дэманстрацыі талентаў выхаванцаў Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, але і магчымасцю для іх абмяняцца ведамі, вопытам і натхненнем. Упэўнены, што гэта толькі пачатак творчага шляху юных маларыцкіх творцаў. Наперадзе іх чакаюць новыя перамогі і дасягненні!
Мікалай НАВУМЧЫК.