Поспехі юных стралкоў Маларытчыны
У ціры раённай гімназіі прайшло адкрытае спаборніцтва на Кубак Кобрынска-Маларыцкай міжраённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ па кулявой стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі сярод вучняў устаноў адукацыі Маларытчыны. У ім прымалі ўдзел 46 дзяўчат і хлопцаў ва ўзросце 14–17 гадоў з 17 устаноў адукацыі.
У праграме спаборніцтваў, якія прайшлі згодна з Адзінай спартыўнай кваліфікацыяй, было прадугледжана выкананне практыкавання ВП-2 (стральба стоячы). Згодна з умовамі правядзення, у залік ішло 20 выстралаў, якія неабходна было зрабіць не больш чым за 30 хвілін без прымянення рэменя і аптычнага прыцэла. Практыкаванне выконвалася 4,5-міліметровай свінцовай куляй тыпу “ДЦ”.
Занятае спартсменам месца вызначалася па суме выбітых ачкоў. Пры роўнай іх колькасці – па найбольшай колькасці выбітых дзясятак, дзявятак, васьмёрак. У агульнакамандным заліку на першым месцы апынулася каманда юных стралкоў Ляхавецкай сярэдняй школы, на другім – сярэдняй шкошлы №2 горада Маларыта, на трэцім – Олтушскай сярэдняй школы. У індывідуальным заліку сярод юнакоў больш за ўсіх ачкоў набраў Аляксандр Мішчук (першае месца, 104 ачкі, сярэдняя школа №2 горада Маларыта), Асіпук Рыгор (другое месца, 85 ачкоў, Ляхавецкая сярэдняя школа), Арсеній Кіпень (трэцяе месца, 71 бал, Лукаўская сярэдняя школа). Сярод дзяўчат, як і сярод усіх удзельнікаў спаборніцтва, самай трапнай стала Лізавета Братчук з Олтушскай сярэдняй школы (105 ачкоў). Другое месца заняла Марына Асіпук з Ляхавецкай сярэдняй школы, якая выбіла 91 ачко. На трэцім месцы з 58 ачкамі замацавалася Кіра Кацярыніч з сярэдняй школы №2 горада Маларыта. Усе яны атрымалі заслужаныя ўзнагароды ад арганізатараў спаборніцтва.
Спонсарам спаборніцтва па стральбе стала ТАА “Капікон” (дырэктар Вольга Галоўчык). Каманды-пераможцы і пераможцы сярод юнакоў і дзяўчат, а таксама Марына Асіпук як самая юная ўдзельніца атрымалі прызы ад гэтага прадпрыемства.
Мікалай НАВУМЧЫК.