З нагоды гадавіны ў “Лясных рабінзонаў” прайшло ўрачыстае мерапрыемства
У лістападзе 2023 года з’явілася першае дашкольнае лясніцтва на тэрыторыі Маларыцкага лясгаса. Яно пачало дзейнічаць на базе Чарнянскага дзіцячага сада. Членамі “Лясных рабінзонаў” сталі дзесяць дзяўчынак і чатыры хлопчыкі дашкольнай установы адукацыі ва ўзросце ад трох да шасці гадоў. Яны далі ўрачыстае абяцанне, атрымалі прыгожую “лясную” форму і адчулі сябе сапраўднымі абаронцамі лесу.
З нагоды гадавіны заснавання дашкольнага лясніцтва ў Чарнянскім дзіцячым садзе прайшло ўрачыстае мерапрыемства. На ім пабывалі начальнік аддзела па адукацыі Маларыцкага райвыканкама Аляксандр Пятручык, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, старшыня Маларыцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’ядання “Белая Русь” Галіна Стасюк, намеснік кіраўніка Маларыцкага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Людміла Губей, а таксама спецыялісты аддзелаў па адукацыі Маларыцкага і Брэсцкага райвыканкамаў. Дзеці падрыхтавалі казку “Церамок”, спявалі песні, танцавалі, ігралі ў пазнавальныя гульні. Мерапрыемства закончылася пасадкай на тэрыторыі дзіцячага сада елачкі, каля якой была ўсталявана шыльда “Расцем разам”. Дарэчы, год назад юныя лесаводы разам з удзельнікамі ўрачыстага мерапрыемства, якія прысутнічалі на адкрыцці дашкольнага лясніцтва, высадзілі памятную алею з 30-і туй. Дзяўчынкі і хлопчыкі разам са сваімі выхавальнікамі даглядаюць за пасаджанымі дрэўцамі.
Па словах загадчыцы Чарнянскага дзіцячага сада Алены Данілюк, сярод мноства задач экалагічнага выхавання дзяцей праз дашкольнае лясніцтва – паглыбленне ўяўленняў дзяўчынак і хлопчыкаў пра раслінны і жывёльны свет лесу, фарміраванне асноў экалагічнай культуры, зберажэнню і памнажэнню навучанне ляснога багацця. З адкрыццём дашкольнага лясніцтва таксама пачалася “лясная” прафарыентацыйная работа.
“Лясныя рабінзоны”– юныя лесаводы, якія цікавяцца прыродай, любяць лес, імкнуцца разгадаць таямніцы жывёл і раслін. На рахунку “Лясных рабінзонаў” – удзел у многіх экалагічных мерапрыемствах. Яны актыўна ўдзельнічалі ў свяце “Сінічкін дзень”, конкурсе малюнкаў “Гармонія прыроды”, “Энергамарафоне”, квэст-гульні “Беражыце лес!”, у акцыях “Пакарміце птушак зімой”, “Захавай дрэва – здай макулатуру!”, “Дрэва – сімвал адзінства”, экадэсанце “Прырода – наш дом, смецце не патрэбна ў ім!” Падчас правядзення рэспубліканскай акцыі “Сады надзеі” ў вёсцы Новы Двор ля помніка расстраляным мірным жыхарам была закладзена алея “І памяць зашуміць зялёным лісцем” з 80 кустоў самшыту, прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. “Лясныя рабінзоны” актыўна далучыліся да гэта мерапрыемства.
– Лес – гэта наша багацце, а дзеці – наша будучыня, – адзначыла Алена Данілюк. – Злучыўшы гэта разам, упэўнена, атрымаем у будучым не толькі выдатных спецыялістаў лясной гаспадаркі, але і патрыётаў Беларусі, здольных аберагаць радзіму і працаваць на яе карысць. Пераканана, што “Лясныя рабінзоны” спрыяюць далучэнню дашкольнікаў да карыснай і патрэбнай справы, якая дае ім магчымасць з малых гадоў разам з дарослымі не толькі пазнаваць навакольны свет, але і, паўтаруся, актыўна займацца пытаннямі аховы і памнажэння прыроды роднага краю, беражлівых адносін да яе.
Мікалай НАВУМЧЫК.