Дыплом – ад “PRODEXPO-2024” атрымаў Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат
У Мінску прайшла трыццатая юбілейная спецыялізаваная аптовая харчовая выстава-кірмаш “PRODEXPO-2024”. Гэта мерапрыемства праводзілася пры падтрымцы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і канцэрна “Белдзяржхарчпрам”.
“PRODEXPO” − буйная міжнародная спецыялізаваная харчовая выстава-кірмаш, якая прымае на сваіх плошчах вытворцаў і пастаўшчыкоў прадуктаў харчавання, напояў, сыравіны, інгрэдыентаў, абсталявання і тэхналогій для харчовай прамысловасці. Для харчовай індустрыі “PRODEXPO” – флагманскае мерапрыемства, у якім імкнуцца прыняць удзел як айчынныя вытворцы і кампаніі, так і замежныя партнёры.
Сёлета на працягу чатырох дзён госці, партнёры і ўдзельнікі выставы заключалі кантракты, прэзентавалі навінкі прадукцыі, якая выпускаецца, праводзілі майстар-класы, бралі ўдзел у канферэнцыях і круглых сталах. У выставе-кірмашы прымалі ўдзел 164 кампаніі з 8 краін свету. У чарговы раз удала прэзентаваў сябе на мерапрыемстве і Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат. Па словах начальніка аддзела маркетынгу, рэалізацыі і знешнеэканамічных сувязей прадпрыемства Юліі Бурштын, увазе ўдзельнікаў выставы-кірмашу прадэманстравана прадукцыя, якую выпускае камбінат для дзіцячага харчавання. Была высока ацэнена якасць, смак і густ навінак ва ўпакоўцы з камбінаваных матэрыялаў (ёмістасць 90 грам; пюрэ з манга, клубніц і яблык; пюрэ з яблык, маліны і шыпшыны), а таксама сокі прамога адціскання “Улётный перекус” пад гандлёвай маркай “Таптышка” (ёмістасць 250 мл; сок яблычна-малінавы з мяккаццю і сок яблычна-мангавы з мяккаццю).
Юлія Бурштын падкрэсліла, што “Таптышка” – сучасны брэнд дзіцячага харчавання ў краіне, які спалучае ў сабе выключна натуральныя кампаненты і высокатэхналагічную вытворчасць, стабільна высокую якасць і даступнасць. “Таптышка” – гэта фруктовыя і агароднінныя сокі і пюрэ для дзяцей ранняга ўзросту. Яны выраблены з высакаякаснай натуральнай сыравіны (садавіны, ягад і гародніны), не ўтрымліваюць кансервантаў, фарбавальнікаў, араматызатараў і дамешкаў, маюць збалансаваны вітамінна-мінеральны склад, далікатную кансістэнцыю і прыемны смак, спрыяюць фарміраванню звычкі да здаровага харчавання з дзяцінства.
Па выніках міжнароднай выставы-кірмашу яго арганізатары адзначылі ўдзел Маларыцкага кансервавагароднінасушыльнага камбіната дыпломам і статуэткай.
Мікалай НАВУМЧЫК.